Аляксандра Салаўёва і Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва даўно звязвалі добрыя прафесійныя і нават сяброўскія сувязі. І выставы — самыя розныя — ладзіліся пастаянна. Цяперашняя, што будзе працаваць яшчэ некалькі месяцаў, размешчана ў Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, у якім прысутнічае сам дух авангардыстаў стогадовай даўніны і які заснаваны на імёнах Казіміра Малевіча, Марка Шагала, Эль Лісіцкага і іншых. А Аляксандр Салаўёў, прыехаўшы ў Віцебск у 60-я гады, гэтую абарваную ў 20-я гады мінулага стагоддзя нітачку авангарда падняў — і ўзняў высока. І трымаў на вышыні да апошніх дзён жыцця. Таму і нядзіўна, што ў Цэнтры заўсёды знаходзілася месца для карцін Салаўёва, што тут гэтага майстра цанілі — і цэняць — надзвычай высока, што менавіта Цэнтр стаў ягоным нашчадкам. Праўда, Аляксандра Салаўёва цэняць не толькі тут. Для Віцебска гэты мастак значыў нешта большае, чым проста мастак.
— Ёсць такі выраз genius loci — геній месца, добры дух. Гэта пра Сан Саныча, — гаворыць мастацтвазнаўца Таццяна Катовіч. — На маёй памяці ў нас было толькі некалькі такіх людзей, і калі яны сыходзілі, іх месца ў горадзе так і заставалася незанятым іншымі. Аляксандр Салаўёў пражыў 95 гадоў, і здавалася, што так будзе заўсёды, што ён будзе жыць яшчэ і яшчэ. Але з намі застанецца гэты genius loci. Сан Саныч быў сапраўдным служыцелем не толькі Мастацтва, але і Віцебска — ён увайшоў у энергію нашага горада і стаў яе часткай.
“Без Сан Саныча Віцебск будзе крыху іншым горадам”, — гавораць тут. Яшчэ ў 1965 годзе выпускнік мінскага Тэатральна-мастацкага інстытута пачаў працаваць мастаком-пастаноўшчыкам у віцебскім тэатры імя Я. Коласа, а пасля амаль 20 гадоў быў яго галоўным мастаком. У свой час Аляксандр Салаўёў узначальваў Віцебскую абласную арганізацыю Саюза мастакоў БССР, яшчэ ў 1982 годзе атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, меў нямала іншых званняў і ўзнагарод, на 90-гадовы юбілей быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Але такія зямныя рэчы яго мала хвалявалі. Ён і сам часта казаў пра космас мастацтва, і яго нярэдка называлі чалавекам-космасам, згадваючы, мабыць, такія словы творцы: “Мастацтва — гэта заўсёды палёт у нязведаныя далі, пошук ісціны, размова з вечнасцю, космас, які мастак адкрывае для людзей”. На сцэне тэатра Салаўёў аформіў больш за 130 спектакляў, як жывапісец-абстракцыяніст адзначыўся вельмі пазнавальным і драматычным стылем, вельмі моцна паўплываў на ўсё мастацкае асяроддзе Віцебска. Але часта тут гавораць пра яго веліч і як чалавека, а не толькі як мастака.
Выстава “Аляксандр Салаўёў. 95 гадоў” рыхтавалася даўно. Летась у Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва экспанавалася новая графіка мастака, на гэты верасень збіралася выстава новага жывапісу. І яна адбылася, і на ёй — менавіта творчасць апошніх гадоў: Аляксандр Аляксандравіч не спыняў працы. Як расказваюць, хадзіць у майстэрню яму было ўжо складана, дык майстэрняй стала кватэра, у якой ён жыў. І зараз у Цэнтры можна ўбачыць каля 30 вялікіх абстрактных работ з ліку нядаўніх.
— Гэтыя жывапісныя работы ўражваюць неверагодна, — гаворыць дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў. — Бо ў іх не проста паўтор мінулага — пачала з’яўляцца нават нейкая новая пластыка, пачалі рэалізоўвацца эксперыментальныя ідэі, на якія раней у мастака, можа, і не хапала часу. Усё надзіва свежае, маладое, энергічнае. Ды ён ніколі і не пакідаў уражання старога — быў мудрым чалавекам, якога слухалі з захапленнем. Мы сябравалі, і магу сказаць, што і як мастак, і як чалавек ён быў на недасяжнай вышыні.
Пасля Аляксандра Салаўёва засталася вялікія творчая спадчына. У апошнія гадоў дзесяць ужо так было заведзена, што пасля выставы ў тым ці іншым музеі карціны перадаваліся у дар гэтаму месцу. І Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва таксама ўжо меў у сваіх фондах недзе з сотню работ. Цяпер жа паступіла каля чатырох тысяч — графікі і жывапісу. Ёсць сярод іх і работы нават 75-гадовай даўніны. А дзе ж усе яны захоўваліся раней?
— Ляжалі ў майстэрні проста адна на адной, займалі там ледзь не ўсё месца, — адказвае Андрэй Духоўнікаў. — Некаторыя выстаўкі мы рыхтавалі так: прыходзіш у майстэрню, дастаеш з гэтага велізарнага стоса работ 25, і ўсе яны — калі іх працерці, аформіць у раму, падрыхтаваць — шэдэўры. На нашай цяперашняй выставе, калі кожная карціна аздоблена добрымі музейнымі рамамі, спецыяльным асвятленнем, у наведнікаў здараецца проста шок — настолькі яны яскравыя, экспрэсіўныя, узрушальныя.
Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва не збіраецца быць проста захавальнікам — маецца цэлы план, як зрабіць з гэтай спадчыны значны факт нашага культурнага жыцця. “Мы хочам, каб усе даведаліся пра такі нацыянальны здабытак — карціны Салаўёва”, — кажа Андрэй Духоўнікаў. З творчасцю мастака пастараюцца пазнаёміць і іншыя рэгіёны Беларусі — магчыма, шэраг работ будзе перадзены ў дар абласным мастацкім музеям, і г. д. “Мы збіраемся прасоўваць імя Аляксандра Салаўёва як віцебскага творцы як мага шырэй”, — дадае Андрэй Духоўнікаў.
Акрамя карцін Цэнтр атрымаў і ўвесь асабісты архіў мастака разам з рукапісамі і дзённікамі, і яго вялікую бібліятэку па мастацтве прыкладна ў дзве з паловай тысячы экзэмпляраў. Зараз усё гэтае багацце апрацоўваецца, апісваецца, каталагізуецца. Найбольш каштоўнае і значнае з прыватных дакументаў будзе перададзена ў абласны архіў, а на бібліятэку ў Цэнтра маюцца грандыёзныя планы: у ёй вялікая колькасць альбомаў, мноства вельмі рэдкіх часопісаў і кніг з усяго свету, розныя еўрапейскія выданні пачатку ХХ стагоддзя, мастацкія альбомы таго ж часу, прычым з аўтографамі аўтараў. Многа выданняў па мастацтве Кітая, Індыі, Старажытнай Русі, вялікая калекцыя кніг па архітэктуры, кіно і, канешне ж, па тэатры.
— Я знайшоў, напрыклад, кнігу 50-х гадоў з назвай “Асаблівасці канструявання тэатральнай мэблі”. У сэнсе, мы атрымалі кнігі, якія цяпер нідзе ўжо і не знойдзеш, у тым ліку і ў інтэрнэце. Мы хацім зрабіць іх дасяжнымі для чытача і стварыць першую ў Віцебску бібліятэку па мастацтве.
Пра даты адкрыцця такой бібліятэкі казаць пакуль рана, бо на гэты момант усё робіцца сіламі толькі саміх супрацоўнікаў Цэнтра, не падтрыманае фінансамі з іншых крыніц, але Андрэй Духоўнікаў упэўнены, што бібліятэцы — быць. Цэнтр ужо меў пэўны збор цікавых выданняў па мастацтве, некаторыя кнігі ў бібліятэку перадаў і сам Андрэй Духоўнікаў, і іншыя. Увогуле, Цэнтр заклікае неабыякавых людзей адгукнуцца і таксама паглядзець на свае паліцы з думкай, які ўнёсак яны могуць зрабіць у гэтую справу.
— Некалькі гадоў таму на Ноч музеяў мы зладзілі такую акцыю, — расказвае Андрэй Духоўнікаў, — на нашы знакамітыя “ўнавісаўскія” чырвоныя і чорныя сталы выклалі кнігі па рускім авангардзе — штук 50, каб кожны мог прыйсці і пагартаць іх. Дык людзі гарталі да трох гадзін ночы, мы ніяк не маглі зачыніцца! Гэта толькі па-
даецца, што кнігі страцілі каштоўнасць — у людзей цікавасць вялізная.
Першую бібліятэку па мастацтве Андрэй Духоўнікаў бачыць як нейкую чытальную залу, дзе будзе прыемная мастацкая атмасфера, дзе будзе інтэрнэт, дзе можна будзе, напрыклад, выпіць кавы — карацей, як такую сучасную культурную прастору новага тыпу. Месца пакуль выбіраецца, але хутчэй за ўсё гэта будзе менавіта Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча па адрасе Шагала, 5. А пакуль усім варта зайсці па гэтым адрасе, каб убачыць нешта незвычайнае і прыцягальнае — карціны “генія Віцебска” Аляксандра Салаўёва, створаныя ім у апошнія гады жыцця.
Фота прадастаўленыя Віцебскім цэнтрам сучаснага мастацтва.