Менавіта так называецца адна з работ заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі краіны, прафесара, старшыні Беларускага саюза мастакоў Уладзіміра Савіча. І назва гэта вельмі характэрна для яго творчасці. Паслязаўтра, 16 красавіка, творцу спаўняецца 60 гадоў.
Разглядваючы даробак мастака, пераконваешся: так, слушна, работа — праграмная. Сышлося тут і тое, што было ў ранніх, мінулых творах, і думкі, пачуцці, настрой апошніх гадоў. Урэшце, “праграмных” графічных і жывапісных кампазіцый, як і бліскучых кніжных ілюстрацый, у Савіча шмат. Усе яны — своеасаблівая “аўтабіяграфія”, дзе ён расказвае “пра час і пра сябе”, пра свае пачуцці, пра сваю філасофію, пра сваё стаўленне да сівой гісторыі роднай Бацькаўшчыны і яе асэнсаванне з пазіцыі сучаснага мастака, грамадзяніна і патрыёта.
Таму мне здаецца, што ў Савіча-творцы — спакой сярэднявечнага майстра, упэўненага ў сваіх сілах, само рамяство якога дае яму ні з чым не параўнальную асалоду. Ён — выдатны мастак-эксперыментатар і адначасова прыхільнік духоўных прынцыпаў класічнага мастацтва. Ён можа красамоўна ілюстраваць беларускія народныя казкі і казкі беларускіх пісьменнікаў і, у той жа час, — свежым поглядам унікаць у трагедыю Вялікай Айчыннай; па-філасофску асэнсоўваць вечныя нашы пытанні: хто мы, адкуль і куды ідзём. Яму ўласцівы зварот у глыбіню стагоддзяў у пошуках нацыянальных каранёў і пры дапамозе складаных метафар, сімвалаў ды алегорый паказ таго, што для яго ёсць “Святло роднага дома” (сам мастак — родам са старажытнай вёскі Хатаевічы, што на Лагойшчыне) і “Разарваныя фрагменты памяці”. Ён піша “Месца, дзе сустракаюцца двое вятроў” ды “Кругі магічных абрадаў”, “Каўчэг захаваных святаў” і “Старыя сцены як сляды мінулага”, “Беларускіх мадоннаў” і “Пачуццёвы досвед”, “Лаўцоў сноў” і “Магічныя сны”, “Святасць споведзі” і “Далёкае-блізкае”. А яшчэ — “У пошуках згубленага часу” і “Памяць сівых курганоў”, “Вяртанне да былой сустрэчы” і восеньскае “Блакітнае неба” Радзімы...
Я спецыяльна прывёў назвы некаторых твораў Уладзіміра Пятровіча, бо менавіта яны зрабілі яго па-сапраўднаму сучасным мастаком, які, у вобразным сэнсе, не бачыць прынцыповай розніцы паміж жывапісам і традыцыйнай графікай, і таму ягоныя работы — выкананыя ці то акрылавымі фарбамі, ці то ў змяшанай, камбінаванай тэхніцы, ці то з дапамогай тонкіх пругкіх афортных ліній (згадайма памятную серыю 1980-х — “Маці-Бацькаўшчына”) або літаграфскага алоўка — ні на чые не падобныя. Я ўжо не кажу пра яго выдатнае веданне народнага мастацтва, фальклору і матэрыяльнай культуры. У свой час ён вывучаў усё гэта багацце разам з Міхасём Раманюком, і менавіта ў вандраваннях мастак увабраў на ўсё жыццё нейкую ўнутраную духоўнасць, сутнасць якой звычайнымі словамі выказаць немагчыма, а вось у выяўленчым мастацтве — так, калі, канешне ж, Гасподзь надзяліў яго талентам.
Уладзімір Савіч працуе з той асаблівай упартасцю і ўпэўненасцю, калі сама праца дапамагае яму жыць, каб зноў і зноў вяртацца да ўдзячных глядачоў. Без гэтай упартасці і перакананасці было б немагчымае з’яўленне ў нашым мастацтве яго як мастака.
Ведаю, не ўсе ўспрымаюць творчасць Савіча адназначна. Хтосьці кажа, што ў нечым яна надта складаная, перагружаная метафарамі і імкненнем да “мантажу”. Нехта, наадварот, бачыць у ягоных работах неардынарнасць, арыгінальнасць і аб’ёмнасць філасофскага мыслення. Асабіста мне здаецца, што кансерватызму крытыкаў можна супрацьпаставіць толькі адно: права творцы бачыць і адлюстроўваць свет так, як ён адкрываецца яго ўнутранаму позірку. І ў фокусе гэтага позірку апынаецца праблематыка чалавечага быцця, а ў неспакойных рытмах ды складаных сімвалах твораў Савіча адчуваецца экзістэнцыяльная трывога, ад якой нікуды не дзецца…