Аналітычнасць, уласцівая жывапісу Альшэўскага, прывяла да эмацыйнай стрыманасці. Не палкае ўспрыняцце сучаснага жыцця, але яго апасродкаванне, магчыма, троху абстрактнае вывучэнне праз "фантасмагорыю" "аскепкаў" мінулых эпох або праз мроі, - не карціна-ўражанне, а карціна-роздум, не песня, а прыпавесць. Пра гэты бок творчасці мастака можна казаць як пра "метафарычнасць", пры адсутнасці фабулы ў жывапісе, пры наяўнасці асаблівай вобразнасці. Дык што ж такое "Фрагменты Вавілонскай вежы" Альшэўскага? Чаму менавіта так называецца яго выстаўка? Па-першае, гэта працяг, дакладней, своеасаблівы вынік выставачнага праекта "Легенды нашай цывілізацыі", які рэалізоўваўся ў Год роднай зямлі на Магілёўшчыне - радзіме мастака: у Бялынічах, Шклове, Крычаве, Асіповічах, Бабруйску, Магілёве. Гэта легенды не толькі вялікіх і малых гарадоў нашай зямлі, але ўсёй сусветнай цывілізацыі, частачкай якой з'яўляецца наша краіна з яе унікальнай гісторыяй, архітэктурай, міфалогіяй, фальклорам.
А Вавілонская вежа - гэта вечнае імкненне чалавека да спазнання свету; гэта спрадвечная чалавечая мара аб усеагульным братэрстве народаў і яднанні розных культур на аснове фундаментальных духоўных каштоўнасцей, і разам з тым, пры захаванні сваіх нацыянальных крыніц. Бо ў кожнага народа - уласнае Дрэва жыцця, карані якога - у сваёй зямлі, а галіны і лісце насычаюць сабой увесь свет. Таму жывапісная эпапея Альшэўскага "Фрагменты Вавілонскай вежы" з 13 палотнаў - гэта 13 фрагментаў, якія ўвабралі ў сябе культуры народаў планеты, дзе Беларусь прадстаўлена вялікай сімфоніяй Мірскага замка. Так, свет мастака - рэальны і прадметны, а тое, што "звыш" рэальнасці, - не штучныя "канцэпты", а глыбінныя прасвятленні, унутраная лава, танальнасць абнаўлення і бясконцасць любові... Выстаўка твораў В.Альшэўскага прымушае напружана разважаць, думаць, асэнсоўваць, каб вызначыць сваё ўнутранае стаўленне да свету мастака. Ён мае рацыю, калі кажа, што для яго "мастацтва заўсёды было і будзе мерай чысціні і свабоды духу". Той свабоды духу, да якой мы заўсёды імкнёмся...
На фота: Вернісаж Віктара Альшэўскага (першы злева) наведаў Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь Сяргей Сідорскі (у цэнтры). На ім прысутнічалі таксама міністр культуры краіны Павел Латушка (другі злева), старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Барыс Батура (трэці злева).