Сам пленэр праводзіўся цягам трох чэрвеньскіх дзён на тэрыторыі Палаца. Каля трыццаці мастакоў, большасць з якіх — мінчане і па адным — з Віцебска ды Брэста, уладкаваліся ў прасторы ўнутранага дворыка Палаца, каб стварыць тое, што стала экспанатамі выстаўкі. Пленэр прадугледжвае творчае сумоўе і экспромт, але і прагматызм ніхто не адмяняў. Большасць удзельнікаў распачала працу, ужо маючы не толькі творчую ідэю ды ўяўленне пра яе рэалізацыю, але і зробленыя фрагменты будучай кампазіцыі, якія заставалася толькі зманціраваць. Ды ўсё ж элемент спантаннасці прысутнічае ў кожнай з прадстаўленых у экспазіцыі работ. У гэтым — іх асаблівасць, а можа, і каштоўнасць.
Калі зыходзіць з таго, што галоўнае на падобных мастацкіх акцыях — не матэрыяльны вынік, а стварэнне спрыяльнай для эксперыменту атмасферы разняволенасці, дык плён пленэру — відавочны. Кожнаму мастаку карціць зрабіць нешта нязвыклае, каб здзівіцца самому, з’яднаць несумяшчальнае, выйсці за кананічныя межы стылю і тэхналогіі. Тут яны такую магчымасць атрымалі. На гэтым пленэры мастакі-тэкстыльшчыкі спалучалі тканіну з дрэвам, металам, пластмасай, паперай, фольгай. Цікава адзначыць тэндэнцыю: творы з тканіны “адрываюцца” ад сцяны, ткацтва становіцца аб’ёмным і ў пэўных межах можа выконваць функцыі дэкаратыўнай інтэр’ернай пластыкі.
У пленэры бралі ўдзел такія вядомыя мастакі, як Людміла Пятруль і Ніна Пілюзіна, творчая моладзь і нават студэнты, для каго сумесная праца са старэйшымі калегамі стала своеасаблівым майстар-класам. Дзеля справядлівасці прыгадаю, што і мэтрам заўжды на карысць кантакты з моладдзю.
На здымку: фрагмент экспазіцыі.