Злаце не сядзіцца ў хаце
Злата Ларчанка з Дзяржынска ўжо больш за год займаецца ў Нацыянальным цэнтры музычнага мастацтва імя У.Мулявіна. І загаварылі пра яе акурат пасля таго, як яна стала фіналісткай Нацыянальнага адборачнага тура дзіцячага "Еўрабачання": забыцца на яе вясёлую "Бабку Ёжку" было немагчыма. Не трэба забывацца на гэтую песню і цяпер: яна ўвайшла ў конкурсную праграму Златы на "Славянскім базары ў Віцебску".
Няўрымслівасць гераіні была, пэўна, "спісана" з самой дзяўчынкі - аўтара гэтай песні. Літаральна напярэдадні віцебскага форуму Злата стала лаўрэатам двух прэстыжных міжнародных конкурсаў: "Залатой пчолкі", што адбываецца ў Клімавічах на Магілёўшчыне, і "Крымскіх хваляў" у Феадосіі, дзе яна заняла І месца.
- Спецыяльна для Златы, - распавядае Святлана Стацэнка, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Мулявіна, - напісала "Журавінку" на словы Ірыны Сусленка. Ніяк не маглі знайсці тое, што хацелася б, таму давялося самой напісаць. Галоўнае, каб Злата перамагла сваё хваляванне (а хвалююцца ўсе дзеці: гэта нармальны "працоўны момант") і прадэманстравала максімум таго, што яна можа. А можа яна - многае! Так што - удачы ёй і Боскага блаславення. Дарэчы, наконт удачы: невыпадкова гавораць, што шанцуе тым, хто шмат працуе. Хай гэтыя словы будуць пра Злату!
- Ну, а пра тое, як працуе Цэнтр імя Мулявіна, сведчыць хаця б тое, што вашы выхаванцы багата прадстаўлены на цяперашнім "Славянскім базары ў Віцебску"...
- Так, яны ўдзельнічаюць у некалькіх канцэртах. Той жа Андрэй Кунец запрошаны вядучым дзіцячага конкурсу, спявае ён і на плошчы Перамогі ў праекце "Зоркі "Еўрабачання". На жаль, Ксенія Сітнік не змагла завітаць на "Славянскі базар у Віцебску", бо ў яе была запланавана іншая паездка. Затое ў фестывальнай праграме апынулася Юлія Пінькевіч. Ансамбль "Заранак" разам з дарослымі салістамі стане "касіць канюшыну" ў канцэрце Дня Беларусі. А Даша, Аліна і Карына, вядомыя як дзявочае "еўрабачаннае" трыо, у гала-канцэрце закрыцця фестывалю прапануюць мікс з беларускіх песень.
Пазваніўшы Злаце напярэдадні "Славянскага базару ў Віцебску" на хатні тэлефон, пачулі яе бацьку Васіля Пятровіча:
- Цяпер яе цяжка дома заспець: калі не на рэпетыцыі, дык дзесьці на вуліцы гуляе. Спяваць ёй падабаецца, і мы рады, што яна можа рэалізаваць сябе. Старэйшая наша дачка, Лізавета, спявае ў хоры, я і сам - саліст студыі "Красавік", так што, можа, творчыя гены гэтак паступова і "назапашваліся", каб Злаце перадацца?..
Зайцаву не бачылі?
"Не бачыць" мінчанку Ганну Зайцаву апошнім часам немагчыма, бо яна паспявае бываць паўсюль. Займаючыся ў класе з музычным ухілам сталічнай школы № 201, наведвае таксама студыю па сцэнічнай мове і акцёрскім майстэрстве. Часта з'яўляецца на тэлеэкране: і праграмы вядзе, і кліпы выпускае, і ў рэкламе здымаецца. Заўважана яна была і сярод удзельнікаў навагодняй казкі ў Палацы Рэспублікі, дзе сыграла адну з цэнтральных роляў. Што ж, відаць, такі ўжо ў яе "Нясумны ўзрост" - у адпаведнасці з назвай студыі па вакале, якая і пракладае дзяўчынцы песенны шлях.
- Ці перашкаджае навучанню такая насычаная творчая дзейнасць? - пытаюся ў Наталлі Сухамліной, кіраўніцы "Нясумнага ўзросту". - Здараецца, выкладчыкі не заўсёды вітаюць падобную актыўнасць...
- Гэта цудоўна! А яшчэ і карысна. Асабліва, калі ёсць жаданне. А ў Ані яно ёсць. Яна ўвогуле - чалавек вельмі сур'ёзны, таленавіты, працаздольны. І з такімі якасцямі можа далёка пайсці...
Патэлефанаваўшы самой Ганне, задала ёй "звыклае" дарослае пытанне: "Кім марыш стаць?" І пачула:
- Калі не стану спявачкай і артысткай - дык буду музыку пісаць. Калі не буду музыку пісаць - дык стану адзенне "зоркам" маляваць: такія ж шыкоўныя строі, як дызайнеры зрабілі мне да "Славянскага базару ў Віцебску". А калі не моды маляваць - дык адкрыю рэстаран. У мяне бацька смачна гатуе, і ў яго ў дзяцінстве такая мара была: рэстаран адкрыць. Я таксама цяпер вучуся кухарыць, ён мне падказвае, часам - мама, бабуля, старэйшая сястра Каця. Прыходзьце, пачастую!..
Ну, а на конкурсе галоўным "кухарам" застаецца, мабыць, сам лёс. Хаця ацэньваюць "шансы на шанцаванне" - члены журы.