Л.Дударэнка. “Камчадалка з белымі лайкамі”. |
І адусюль ён прывозіць высакакласныя натурныя пейзажы, партрэты, часам — карціны. Слова “турыст” ён не ведае, таму што вандроўкі па свеце для яго не сродак забавы ці адпачынку, а— творчая праца.
Вось і на гэтай выстаўцы бачым цэлую жывапісную геаграфію Далёкага Усходу, Сібіры, Чукоткі і Сахаліна, Якуціі і Салавецкіх астравоў, Камчаткі і Карэліі, поўначы і цэнтра Расіі з унікальнымі цэрквамі і манастырамі. Гэта не толькі пейзажы, але і цудоўныя партрэты людзей, якія сустракаліся мастаку на жыццёвых шляхах-дарогах: “Камчадалка з белымі лайкамі”, “Ліст да каханага” (партрэт якуткі), “Дзяўчына-якутка”, “Капітан буксіра Чарнышоў”, аўтапартрэт “Мастак на Поўначы”, намаляваны ў 1977 годзе…
Хачу падкрэсліць, што Леанід Дударэнка, якому ў будучым годзе споўніцца 80 гадоў, даўно знайшоў свой, асаблівы, уласцівы толькі яму погляд на мастацтва. Але гэты “погляд” вельмі моцны ў каранёвай аснове, разнапланавы і разнастайны. Творы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, менавіта такія: то жорсткія па рытме і колерапластыцы, то вясёлыя, душэўныя; эпічныя, панарамныя, як доўгая, засяроджаная песня, альбо пленэрна-імпрэсіяністычныя. Некаторыя блізкія да “суровага стылю” з ягонай актыўнай паэзіяй праўдзівай і мужнай выявы.
На выстаўцы я ўбачыў і адзін, зусім новы, твор, прысвечаны Аляксандру Салжаніцыну.
Л.Дударэнка. ”Салжаніцын”. |
Безумоўна, стылістычная розніца паміж “раннім” і “познім” перыядамі творчасці Дударэнкі відавочная. Але, у той жа час, няма ніякага псіхалагічнага разрыву і тым больш — канфлікту паміж гэтымі часовымі этапамі. Яны папросту працягваюць адзін аднаго, як раздзелы адной кнігі. Наўрад ці можна ўжыць у адносінах да іх вызначэнні “лепш — горш”, “багацей — бядней” і г. д.: кожны з іх цікавы і непаўторны па-свойму.
Але, з іншага боку, сённяшняя лінія “канцэптуальнага” мастацтва Дударэнкі, напоўненая сацыяльнымі праблемамі нашага супярэчлівага, суровага і жорсткага часу, упэўнены, працягваецца не выпадкова. Боль за людзей, боль за краіну, боль за лёс планеты заўсёды быў уласцівы яму, хаця ён і не любіць усё гэта выказваць гучна.
Праз год мы пабачым на вялікай юбілейнай выстаўцы жывапісца ўсё, што яго хвалюе, ад чаго гарыць ягоная душа, што яго засмучае і што радуе. І, канешне ж, яшчэ раз убачым вачыма мастака тыя цудоўныя мясціны і краіны, дзе яму даводзілася пабываць…
Барыс КРЭПАК