У Нацыянальным мастацкім музеі В.Ціханаў прадстаўляе новы аўтарскі праект: дваццаць пяць жывапісных твораў і дваццаціхвілінны дакументальны фільм з аднайменнай назвай, які паказвае, як моцна настраёва і сэнсава ўзаемазвязаны рэальныя відарысы, знятыя на забруджанай тэрыторыі, і краявіды, намаляваныя пазней мастаком. Дарэчы, кадры фільма былі зроблены ўласна Віктарам Пятровічам. З камерай у руках ён аб’ездзіў усю Чарнобыльскую зону. А ў 2006 годзе быў адным з удзельнікаў адзінаццатага пленэру ў Магілёве, прысвечанага 20-годдзю з дня Чарнобыльскай катастрофы. Усё гэта стала штуршком для стварэння новага праекта. Сутнасць яго, як лічыць мастак, — зрабіць першы крок да сур’ёзнага асэнсавання і аналізу сучаснасці.
Усе прадстаўленыя на выстаўцы творы адносяцца да пейзажнага жанру. Зруйнаваныя помнікі дойлідства, напаўразбураныя вясковыя дамы, крамы — усе гэтыя наступствы трагедыі вельмі натуралістычна паказаны ў творах жывапісца. Чорны і шэры — асноўныя колеры гэтых работ. Мастак паклаў у аснову “Чорны квадарат” К.Малевіча і стылёвыя асаблівасці народных “маляваных дываноў”. “На чорным колеры гарыць… Цікава працаваць на чорным”, — зазначае Віктар Пятровіч. Для яго чорны фон сімвалізуе бяздонныя глыбіні касмічнай прасторы і адначасова з’яўляецца дэкаратыўнай асновай. Цікава, што нават у дробязях і дэталях Ціханаў шукае абагульненні, стварае манументалізаваны вобраз рэчаіснасці. Час і асоба мастака — вось тыя галоўныя складнікі, якія вызначаюць кожную карціну паасобку і, у той жа час, аб’ядноўваюць і арганізоўваюць цыкл у цэлым.
Наталля ЖОГЛА