У.Тоўсцік. “Ля касцёла” (з нізкі “Падарожжа па мінулым стагоддзі”). |
Уладзімір Тоўсцік - своеасаблівы пасеіст. Толькі яго пасеізм - не проста мастацкая цяга да мінулага, а - пераасэнсаванне мінулага з пункта гледжання таго сучаснага, у якім жыве мастак. Так, Тоўсцік - рэтраспектыўны рамантык, але яго карціны менш за ўсё з'яўляюцца стылізацыяй, рэканструкцыяй гэтых самых падарожжаў па мінулых стагоддзях. Яго творы - як вынікі валявога міфатворчага парыву, яны не запазычаныя, а перажытыя спаўна і народжаныя толькі сваім непаўторным часам. Па вялікім рахунку, яны звязаны з міфалагізацыяй уласнага жыцця. У яго мастацкім свеце "чалавек і горад" займаюць асаблівае месца, нават у тых рэдкіх пейзажнаінтэр'ерна-нацюрмортных палотнах, дзе, уласна кажучы, чалавек як такі адсутнічае. І ў гэтым - адрозненне творчасці Тоўсціка ад дэгуманізаванай праблематыкі найновага мастацтва, ад "постмадэрнісцкіх" накіраванняў, якія страцілі інтарэс да антрапаморфнага выяўленчага пачатку.
Для Тоўсціка "чалавек у горадзе" застаецца найважнейшым звяном жывога духу палатна, пры ўсёй значнасці прадметнага альбо ландшафтнага асяроддзя, якое заўсёды любоўна і нават скрупулёзна інсцэніравана. Канешне, мастацтва Уладзіміра Тоўсціка - не простае: яно не падпарадкоўваецца лёгкаму "літаратурнаму" пераказу сюжэтаў альбо тэм. Жывапісец віртуозна "гуляе" з гледачом, апелюючы да ягонага розуму, ведаў і нервовых канчаткаў, дасягаючы пры гэтым надзвычайных светлавых і колеравых эфектаў. Аднак своеасаблівае "зіхаценне" ягонага жывапісу, безумоўна ж, з'яўляецца нібыта фокусам, як месяц Куінджы альбо знакаміты чэхаўскі аскепак бутэлькі. У гэтым - загадка майстэрства Тоўсціка, які з чарадзейнай лёгкасцю змяняе сваю палітру ў залежнасці ад пластычных задач і кола праблем, звязаных з пошукам чалавека ў ягоным сусветным атачэнні, і ў прыватнасці, у настальгічнай урбаністычнай ауры.
Шмат гадоў таму, вырваўшыся з ланцугоў сацрэалізму, Тоўсцік з задавальненнем распрацоўвае ў жывапісе сваю, асаблівую, лінію, якую я назваў бы пост-традыцыяналізмам. У ім ён і знайшоў сваю свабоду - свабоду выказвання ўласнага болю і шчасця, уласных разваг пра духоўны шлях, што чалавецтва прайшло ад свайго нараджэння да пачатку трэцяга тысячагоддзя, пра таямніцы сусвету, метамарфозы прасторы і часу, любові як рухаючай сілы духоўнай эвалюцыі чалавека. Любоў да метафары, сімвала, алегорыі працінае ўсю творчасць мастака. У ягоных творах "вобраз" не малюецца, не выяўляецца, а - "лунае". Бо калі ружа не мае водару, дык і легенда пра яе хараство тае, цямнее. Ад палотнаў Тоўсціка патыхаеменавіта гэтым водарам і цеплынёй, яны дыхаюць, уліваюцца ў душу таямнічымі, нябачнымі на першы погляд ручаінкамі. І мы, затаіўшы дыханне, назіраем, як вершнік на кані, пад гук гадзінніка-лёсу, здзяйсняе свой адвечны марафон, які не мае ні пачатку, ні канца. І люстра ў паціне часу, і чырвоныя цуглі каня - яны таксама адтуль, з глыбінь памяці. "Лунаюць" у прасторы жанчыны з веерамі і без іх; "плывуць" ноты; у блакітным міражы знікае яшчэ адзін вершнік; белыя і залатыя месяцы моўчкі пазіраюць на старажытныя гарадскія аркі і ратушы; кветкі дораць свае пахі; гучаць лютні, скрыпкі і віяланчэлі; мінчукі розных саслоўяў і прафесій прагульваюцца паважна па горадзе пачатку ХХ стагоддзя; і мадэль - Яе Вялікасць Жанчына - таксама адна з галоўных гераінь пэндзля мастака...
У.Тоўсцік. ”Вечны Вершнік”. |