З прадукцыяй айчыннай кінастудыі можна пазнаёміцца на адным з самых вядомых кінафестываляў у свеце ў розных фарматах. Напрыклад, у спецыяльнай праграме форуму “Short Film Corner” заяўлены анімацыйныя стужкі “Як служыў жа я ў пана” Міхаіла Тумелі і “Рыбка па імені Нельга-3” Аляксандра Ленкіна. Тут жа прадстаўлены і дакументальныя фільмы: “Забраны край” Юрыя Цімафеева, “Аксана Волкава. A prima vista” Наталлі Жамойдзік, “Асаблівы тэатр. У пошуках шчасця” Кацярыны Махавай, “Пячнік” Алы Вольскай. Гэта не лічачы прэзентацыйных праграм ігравога, дакументальнага і анімацыйнага кіно, што праходзяць у Нацыянальным павільёне.
Як зазначыў для журналістаў генеральны дырэктар кінастудыі “Беларусьфільм” Алег Сільвановіч, які ўзначальвае беларускую дэлегацыю, сёлета айчынныя кінематаграфісты скіраваны правесці перамовы з калегамі з Францыі, Славакіі, Чэхіі, Латвіі, Эстоніі, Ізраіля. Патэнцыйных партнёраў цікавяць ігравая тэхніка і аўтэнтычныя касцюмы, што ёсць на базе “Беларусьфільма”. У сваю чаргу, наша кінастудыя шукае партнёраў для сумеснай вытворчасці кінафільмаў.
Сваю працу Нацыянальны павільён у Канах, нагадаем, распачаў ужо ў трэці раз.
А ў асноўную конкурсную праграму Адкрытага расійскага кінафестывалю “Кінатаўр” увайшоў фільм “Туфлікі”. Гэта кароткаметражная стужка рэжысёра Канстанціна Фама, зробленая пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у сумеснай вытворчасці “Беларускага відэацэнтра” з кінематаграфістамі Расіі, ЗША, Чэхіі, Францыі і Польшчы. Яна трапіла ў дваццатку конкурснай праграмы “Кароткі метр” расійскага кінафестывалю з 273 пададзеных кароткаметражных работ розных краін.
Стужка, пра якую “К” пісала неаднойчы, нагадаем, прысвечана памяці ахвяр Халакосту. Яна распавядае гісторыю пары туфлікаў, што пачынаецца ў вітрыне магазіна і трагічна абрываецца ў брацкай магіле канцлагера “Асвенцым”. Фільм адметны ўнікальнасцю рэжысёрскага рашэння драматургіі: на экране бачны толькі ногі персанажаў.
“Кінатаўр” пройдзе сёлета з 2 па 9 чэрвеня. Старшынёй журы конкурсу “Кароткі метр” стаў вядомы расійскі кінарэжысёр Барыс Хлебнікаў.