Фрагмент экспазіцыі “100 рарытэтаў: ад гістарычных кнігазбораў да сучасных арт-кніг”. Фота Таццяны Матусевіч
Як адзначыла генеральны дырэктар Аксана Кніжнікава, з пераездам у новы будынак у 2006 годзе бібліятэка стала буйным сацыякультурным цэнтрам, аднак яе галоўнай задачай засталося зберагаць кніжную спадчыну. Сёння збор налічвае больш за 10 мільёнаў экзэмпляраў, а пачатак яго быў пакладзены стагоддзе таму, адначасова з заснаваннем бібліятэкі, у якую пераехалі асобнікі з магнацкіх і шляхецкіх калекцый, прыватных бібліятэк вядомых дзеячаў культуры, мастацтва і навукі, а таксама розных устаноў краіны.
Кніжныя помнікі нельга выстаўляць доўга, бо яны патрабуюць асаблівых умоў захоўвання. Напрыклад, рукапісныя дэманструюць толькі тры-чатыры месяцы, а потым хаваюць ад святла: яно можа паўплываць на стан экзэмпляраў. Таму экспазіцыя музея кнігі перыядычна змяняецца. Чарговае абнаўленне дазваляе ўбачыць шмат выданняў, якія раней шырокаму колу былі недаступныя.
— Упершыню паказаны рукапісны Пролаг канца XV стагоддзя. Раней помнік не дэманстравалі, бо змаглі дакладна ідэнтыфікаваць яго толькі ў апошнія гады, — расказвае загадчык навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Марыя Шопіна. — Таксама ёсць пастановы і дэкрэты Трыбунала ВКЛ, якія выстаўляюцца рэдка і звычайна па адным экзэмпляры. Разам з імі экспануецца каралеўская грамата, набытая ў 2020 годзе за сродкі фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва.
Рукапісныя дакументы XVI стагоддзя. Фота Таццяны Матусевіч
ПРАБАЦЬКІ СУЧАСНАЙ КНІГІ
Пачынаецца экспазіцыя копіяй клінапіснай таблічкі, а завяршаецца сучаснымі бібліяфільскімі выданнямі. Такім чынам, на выставе можна прасачыць, як у розныя часы змянялася форма кнігі — ад гліняных пласцінак, скруткаў і кодэксаў да выгляду, звыклага сённяшняму чытачу. Унікальную частку калекцыі складаюць рукапісныя славянскія кнігі шырокага рэпертуару з адметнымі элементамі афармлення — арнаментальнымі застаўкамі, мініяцюрамі і ініцыяламі. Прыцягваюць увагу рэлігійныя спеўныя зборнікі з безлінейнай натацыяй, як “Святы спеўныя” на крукавых нотах, упрыгожаныя буйнымі каляровымі застаўкамі.
Толькі нашай культурнай прасторай экспазіцыя не абмяжоўваецца: побач са славянскімі дэманструюцца ўсходнія рукапісы. У зборы бібліятэкі — каля сарака асобнікаў XIV-XX стагоддзяў на розных мовах. Гэта творы па мусульманскай тэалогіі, гісторыі, медыцыне і іншых сферах. Безумоўна, каштоўныя яны не толькі зместам, уражваюць вытанчаным афармленнем тэкстаў. Дарэчы, многія ўсходнія помнікі належалі да калекцыі Паскевічаў, пра што сведчаць экслібрысы і суперэкслібрысы. Рарытэты Нацыянальнай бібліятэцы ў 1990-я гады перадаў Гомельскі палацава-паркавы ансамбль.
ВЫТОКІ ДРУКАРСКАЙ СПРАВЫ
Падабенства з рукапіснымі помнікамі маюць прадстаўленыя ў экспазіцыі інкунабулы — выданні ранняга перыяду кнігадрукавання. Да прыкладу, ініцыялы і ілюстрацыі ў іх створаны ад рукі, ужо ў пазнейшых работах гэтыя элементы таксама зроблены друкаваным спосабам. Нацыянальная бібліятэка валодае самым вялікім у краіне зборам інкунабул, які складаюць кнігі з Германіі і Італіі з выкарыстаннем гатычнага шрыфту. Вяршыняй выдавецкага майстэрства можна назваць асобнік “Боскай камедыі” Дантэ Аліг’еры, датаваны 1481 годам. Ён лічыцца адной з самых ранніх кніг з гравюрамі на метале. Адбіткамі паводле малюнкаў Сандра Бацічэлі выданне аздобіў Мазо Фінічэры. Першыя дзве гравюры друкавалі разам з тэкстам, а астатнія выраблялі асобна і пазней уклейвалі на падрыхтаванае месца. У асобніку з фонду бібліятэкі на пустых фрагментах засталіся сляды клею і прэса, таму ў даследчыкаў ёсць падстава сцвярджаць: у мінулым гэты экзэмпляр “Камедыі” змяшчаў больш адбіткаў.
Поўную версію публікацыі чытайце ў газеце "Культура" №24 ад 11 чэрвеня