Снег быў аксамітны і іскрысты. Сонца хавалася за рэдкімі хмаркамі, а калі ягоныя промні дасягалі зямлі, сняжынкі-свавольніцы пачыналі пералівіста ззяць. Нягледзячы на прыродную прыгажосць, мароз прабіраў да костак.
- Вар'ят, - сказаў малады мужчына, углядаючыся ў бераг Сожа.
- Морж, - запярэчыў яму пажылы.
Мы стаялі на пешаходным мосце праз Сож і назіралі за супрацьлеглым берагам. Ля высечанай у лёдзе пельцы чалавек апранаў на мокрае цела сарочку.
- У іх там пелька для экстрэмалаў, - патлумачыў пажылы.
Гэта адбывалася ў Гомелі 19 лютага.
Да адкрыцця беларуска-італьянскага маладзёжнага творчага цэнтра - так званага гомельскага "Вулея" - заставалася дзве гадзіны, і начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Чумакоў ласкава прапанаваў службовае аўто са шчырым вадзіцелем Сашам для вандроўкі па вуліцах Культурнай сталіцы Беларусі.
Сталічны Гомель
Не самы зручны час аглядаць Гомель у лютаўскія маразы. Гомель - паўднёвы горад, і ўвесь водар відовішча найбольш адчувальны летам. Зіма сёлета выдалася снежная, калючая, і на вуліцах у суботу сустракаліся рэдкія пешаходы.
- Усе дома сядзяць, - патлумачыў вадзіцель Саша, заўважыўшы маё здзіўленне.
А паглядзець у паўмільённым Гомеле ёсць на што. Невыпадкова ён прыняў эстафету Культурнай сталіцы ў старадаўняга Полацка.
Пералік гарадскіх цікавостак, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, дасягае амаль сотні пабудоў. І першае месца, канешне ж, займае палацава-паркавы ансамбль і вытанчанай прыгажосці палац, збудаваны ў ХVІІІ стагоддзі ў "вёсачцы Гомій", якую Кацярына ІІ падарыла генерал-фельдмаршалу Пятру Румянцаву за выбітныя перамогі ў вайне з Турцыяй.
Менавіта гэты палац стаў эпіцэнтрам усяго гомельскага культурна-сталічнага жыцця. Менавіта тут варта шукаць вытокі гомельскага "Вулея".
А ідэя стварэння маладзёжнага творчага цэнтра ўзнікла пасля прэзентацыі кнігі старшыні Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO Уладзіміра Шчаснага "Мастакі Парыжскай школы з Беларусі", дзе распавядалася пра парыжскі "Вулей", што ўзнік у 20-х гадах мінулага стагоддзя як прытулак маладых таленавітых мастакоў.
Пачатак сяброўства
У кастрычніку 2010 года пасля перамоў шэрагу італьянскіх арганізацый з прадстаўнікамі Гомельскага аблвыканкама было вырашана стварыць у абласным цэнтры згаданы цэнтр. Міжнароднае дабрачыннае грамадскае аб'яднанне "Дапамога дзецям Чарнобыля" прыняло ўдзел у ажыццяўленні гэтага праекта.
Генадзь Карэцкі, старшыня МДГА "Дапамога дзецям Чарнобыля", вядомая асоба, адзначыў:
- Кожнае пятае дзіця Гомельшчыны ведае італьянскую мову. Пасля Чарнобыльскай трагедыі ў красавіку 1986 года першымі на нашу бяду адгукнуліся італьянцы...
Заслуга Генадзя Карэцкага ў арганізацыі кантактаў з Італіяй - несумненная. Ён наладжваў паездкі дзяцей з забруджаных раёнаў у Італію на адпачынак, дзе іх шчыра прымалі тамтэйшыя сем'і. Можна бясконца распавядаць пра цеплыню і ўзаемакарыснасць гэтых стасункаў. Але адна гісторыя заслугоўвае асаблівай увагі.
Людміла Жыжэнка, мастачка з Гомеля, суправаджала групу дзяцей у такіх паездках. У 1990-х гадах у ейнай групе была васьмігадовая Ірына Міхалка з Рэчыцы. Яе прымала сям'я Джавота з горада Кунеа. Іра штогод адпачывала ў Італіі, а летась скончыла Гомельскі медыцынскі інстытут і выйшла замуж. На ўручэнне дыплома прыехалі італьянскія сябры і запрасілі маладую пару на Апеніны ў вясельную вандроўку.
Беларусь - Італія
Прэзідэнт Італьянскай валанцёрскай асацыяцыі ў Беларусі "АVIB" Рафаэле Іоза зазначыў на прэс-канферэнцыі:
- У гамяльчан з італьянцамі завязаліся эканамічныя кантакты ў чатырох сферах: сацыяльнай, будаўнічай, сельскагаспадарчай, знешнегандлёвай інавацыйнай дзейнасці. Гэта і стала падмуркам культурнага супрацоўніцтва, у межах якога летась прайшла, скажам, персанальная выстаўка сучаснага італьянскага мастака Эмануэле Вентаніні.
Прэзентацыя ж беларуска-італьянскага маладзёжнага творчага цэнтра прайшла ў залах Палаца Румянцавых пад час Дабрачыннага вечара "Палацавая фіеста-2011".
Якім будзе "Вулей"
Ён стане цэнтрам, лабараторыяй маладых мастакоў, што пачынаюць свой шлях. Стварэнне ўмоў для ажыццяўлення наватарскіх ідэй, падтрымка крэатыўнага мыслення, абмен вопытам дадуць магчымасць развівацца маладым творцам не толькі Гомельшчыны, але і Беларусі. У моладзі з'явіцца ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з італьянскай культурай, а таксама прыняць удзел у сумесных мерапрыемствах.
Канцэпцыя творчага аб'яднання дазволіць спалучыць набыццё адукацыі, зносіны з калегамі, абмен думкамі, адпачынак.
Мяркуецца прыцягненне міжнароднага фінансавання на арганізацыю і пашырэнне дзейнасці маладзёжнага творчага цэнтра ў межах сацыяльна значных праектаў. У выніку беларуска-італьянскага супрацоўніцтва плануецца стварэнне культурна-адукацыйных праграм і мерапрыемстваў па абмене вопытам паміж дзвюма краінамі. Гэта майстар-класы, канферэнцыі, прэзентацыі, узаемныя навучальныя праграмы, навукова-даследчая работа. А таксама - выдавецкая дзейнасць: падрыхтоўка буклетаў, каталогаў арт-праектаў на беларускай і італьянскай мовах...
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Італьянскай Рэспубліцы Яўген Шастакоў сказаў:
- Італьянцы, па маім досведзе, нярэдка блытаюць Літву з Латвіяй, але аб Беларусі ведаюць шмат - дзякуючы 25-гадоваму гуманітарнаму супрацоўніцтву. Мы чымсьці падобныя ў самой ментальнасці нашых народаў...
Намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Пётр Кірычэнка запэўніў італьянскіх партнёраў у час прэзентацыі, што супрацоўніцтва на роўных пачатках будзе мець самы стваральны характар.
Феерверк
Адкрыццё гомельскага "Вулея" стала адметным святам з феерверкам і фаер-шоу. Палацавы парк нібыта ўзгадаў маладосць. Уздоўж алей стаялі апранутыя ў даўгаполыя балахоны вартаўнікі з факеламі ў руках. Гучалі дзіўныя старадаўнія мелодыі, і мароз, падавалася, крыху памякчэў ад маляўнічасці дзеі...
Натуральна, усё гэта сталася явай дзякуючы спонсарам.
Ірына Партнова, генеральны дырэктар аднаго беларуска-германскага прадпрыемства - спонсара падзеі, - адзначыла: " Абрана Культурная сталіца Беларусі і Садружнасці, і гэта для нас доўгатэрміновы праект. Раней мы дапамагалі дзіцячым дамам і інвалідам, а спонсарства ў культурнай праграме ажыццяўляем упершыню".
Аляксандр Шацько, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, падкрэсліў:
- Беларуска-італьянскі маладзёжны цэнтр будзе звязаны з бізнесам, што дазволіць таленавітай моладзі стаць на ногі.
"Перспектыва ў гомельскага "Вулея" - ёсць!", - дадаў Аляксандр Віктаравіч.
Які вулей узімку? Песімісты, натуральна, не павераць: маўляў, вулей пачынае жыццё ўлетку, пад час квітнення. Але гомельскі "Вулей", сагрэты сардэчным цяплом стваральнікаў, будзе радаваць "мёдам" цягам усяго года!
Дарэчы
Месца размяшчэння будучага Цэнтра - будынак па вуліцы Пралетарскай, 19, які з'яўляецца помнікам архітэктуры канца XIX - пачатку XX стагоддзяў і занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Дваровая частка будзе выкарыстана для правядзення выставак архітэктурных, скульптурных, ландшафтных кампазіцый. У перспектыве на дваровай тэрыторыі будуць пабудаваны выставачны павільён і гасцявы дом.
А пакуль распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя для рэканструкцыі будынка.