Вядомы кінарэжысёр Аляксандр ЯФРЭМАЎ уганараваны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. Наш карэспандэнт пацікавіўся ў Аляксандра Васільевіча, якімі ўражаннямі поўняцца для яго гэтыя святочныя дні.
- Мінулы год запомніўся вельмі сур'ёзнай працай над васьмісерыйнай тэлевізійнай карцінай "Немец", падзеі якой разгортваюцца пад час Вялікай Айчыннай вайны, - распавёў рэжысёр. - Сімвалічна, што здымалі мы яе ў год, калі адзначалася 850-годдзе Крыжа Святой Ефрасінні Полацкай. Ды і сюжэт стужкі непасрэдна звязаны з гісторыяй гэтай святыні. Лічу, што фільм атрымаўся. Ён насычаны падзеямі і цікавымі акцёрскімі работамі.
Самі здымкі запомніліся неверагоднай спёкай, якой адзначылася мінулае лета і ў якую давялося працаваць. Наогул, лёгка нашай здымачнай групе, улічваючы сур'ёзнасць матэрыялу, не было. Дзякаваць богу, усё задуманае ўрэчаіснілася. Беларускі і замежны глядач зможа ацаніць нашу карціну, постпрадакшнам якой мы і будзем займацца да сакавіка бягучага года.
Такім чынам, 2011-ы, спадзяюся, пройдзе ў працы. Бо менавіта праца- наша галоўнае багацце, самае важнае пасля сям'і і здароўя. Пра канкрэтныя планы казаць не буду, але пэўныя "задзелы" на будучыню ёсць. Думаю, гэта будзе новая тэлевізійная стужка.
Фота Юрыя ІВАНОВА