У аснову экспазіцыі, як вядома, пакладзена калекцыя мастака і збіральніка даўніны Фёдара Шклярава. Менавіта ён заснаваў і ўзначаліў музей, што адкрыўся 1 лістапада 1987 года. Так узнік адметны асяродак, неабходны для аб’ёмнага ўспрыняцця багатай мясцовай культуры. Цяпер у асноўным фондзе Веткаўскага музея народнай творчасці — больш за 5 тысяч экспанатаў, амаль столькі ж іх — у навукова-дапаможным фондзе. Сярод старадрукаў — выданні XVI ст. Івана Фёдарава, Пятра Мсціслаўца, Васіля Гарабурды, унікальнае ілюстраванае Евангелле пачатку XVI стагоддзя... А таксама — абразы веткаўскага іканапісу XVIІІ стагоддзя, што ўвабраў самыя разнастайныя мастацкія традыцыі. А яшчэ — ручнікі, ткацтва, вышыўкі, якія ўражваюць віртуознасцю выканання...
— Апошні музейны праект “Галасы зніклых вёсак”, — расказвае Галіна Нячаева, — якім займаліся тры гады, даведзены да лагічнага завяршэння. У выдавецтве “Беларуская навука” ўвосень выйшла аднайменная кніга, дзе сабраны адмысловыя матэрыялы пра культуру і мастацтва вёсак Веткаўшчыны, адселеных пасля чарнобыльскай бяды. І гэта не плач па страчаным, а сцвярджэнне духоўнай моцы і неўміручасці створанага народам.
— А цяпер якімі “тэкстамі” культуры займаецеся?
— Чарговы праект наўпрост звязаны з ратаваннем старадаўніх знакаў традыцыйнай культуры Веткаўшчыны... Для многіх наш край у першую чаргу асацыіруецца з неглюбскімі ручнікамі. Але іх і ў іншых вёсках выраблялі. І гэтыя знакі, што ўражваюць шматстайнасцю арнаментальных матываў, сталі на сёння ледзь не археалагічнай рэдкасцю. А за кожным ручніком — народныя традыцыі, што пачалі знікаць яшчэ ў 1920 — 1930 гадах. Амаль не захаваліся тканіны на правабярэжжы Сожа, дзе ў Вялікую Айчынную ішлі жорсткія баі... Але першыя нечаканыя знаходкі ў нас ужо ёсць. А яшчэ збіраемся выдаць манаграфію пра кніжную культуру Веткаўшчыны...
Яўген РАГІН