- На "Славянскі базар у Віцебску" і ўвогуле ў Беларусь, - адгукнуўся на наш тэлефонны званок Кім Аляксандравіч, - я штораз еду з вялікім задавальненнем. Бо для мяне гэта - не толькі новы вопыт выступленняў, але і сустрэча з добрымі сябрамі, што заўсёды вельмі хвалююча і прыемна.
- У вас столькі песень, прысвечаных Расіі, Беларусі, сяброўству народаў, што невыпадкова ваш творчы вечар на "Славянскім базары ў Віцебску" прыпадае на Дзень Саюзнай дзяржавы. А радкі з вашай песні "Дзве сястры - Беларусь і Расія" даўно ўжо сталі крылатымі, даўшы назву і гэтаму канцэрту.
- На ім, дарэчы, прагучаць не толькі такія добра вядомыя песні, як "Дзве сястры", "Рускі хлопец", "Дом родны", "Беларускае Палессе" ды іншыя, але і прэм'еры. Адну з іх, лірычную, падрыхтуюць "Беларускія песняры". Анатоль Ярмоленка з ансамблем "Сябры" праспявае маю новую песню "Святы". Мы імкнуліся дасягнуць балансу паміж старым і новым, задзейнічаць у канцэрце і беларускіх, і расійскіх артыстаў. Сюрпрызам для гледачоў стануць фрагменты з двух маіх мюзіклаў, якія плануецца зрабіць сумесным расійска-беларускім праектам. Ужо падпісаны кантракт з Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатрам на пастаноўку майго мюзікла "Блакітная камея" - гісторыка-рамантычнага аповеду пра княжну Тараканаву. Пад час вечара прагучыць раманс галоўнай гераіні ў выкананні салісткі тэатра Ілоны Казакевіч. Прагучыць і музыка з яшчэ аднаго майго мюзікла - "Дуброўскі". У ролі Дуброўскага вы ўбачыце на канцэрце Руслана Аляхно, а Машай стане Яўгенія Атрадная - маладая расійская свявачка, вядомая па тэлепраекце "Сакрэт поспеху". Дый мой цяперашні прыезд у Беларусь, пачаўшыся з Віцебска, прадоўжыцца ў Мінску: 13 ліпеня адбудзецца першы кастынг для спектакля "Блакітная камея" - сярод артыстаў згаданага тэатра. Увосень пройдзе яшчэ адзін кастынг - знешні, пашыраны, дзе зможа ўдзельнічаць уся ваша творчая моладзь. Пакуль жа цалкам вызначана пастаноўчая група, складзеная з вядомых расійскіх творцаў. Так што сумесны спектакль, у якім я выступаю не толькі аўтарам музыкі, але і прадзюсерам, ужо сёння абяцае стаць знакавай падзеяй. І вельмі добра, што старт гэтай вялікай працы даецца на "Славянскім базары ў Віцебску".
- Кім Аляксандравіч, вам шмат даводзілася супрацоўнічаць з нашымі спевакамі, прычым не толькі на фестывалі: яны ўдзельнічалі, узгадаю, у вашым колішнім творчым вечары ў Палацы Рэспублікі. А з Ірынай Дарафеевай вы падрыхтавалі сумесны альбом.
- Так, і што цікава, практычна ўсе песні адтуль увайшлі ў яе канцэртныя праграмы. Часцей здараецца наадварот: выпускае кампазітар альбом сваіх новых песень, а потым становіцца зразумела, што толькі некаторыя з іх увайшлі ў рэпертуар, астатнія ж - ёсць адно ў альбоме і амаль не гучаць з эстрады. У тым, што гэтым разам усё атрымалася наадварот, ёсць вялікая заслуга спявачкі: яна змагла зрабіць гэтыя песні папраўдзе "сваімі", здолела ўдыхнуць у іх жыццё. Увогуле, я з вялікай павагай стаўлюся да беларускай эстрады. Яна багатая на добрыя галасы, а ў Расіі на гэты конт - пэўны дэфіцыт. Да таго ж, у вас, як я заўважыў, - цудоўная вакальная школа, вялікая ўвага надаецца дзіцячым эстрадным спевам. І ўсё гэта прыносіць плён, прычым не толькі на дзіцячым "Еўрабачанні" ды іншых конкурсах, дзе часта перамагаюць беларускія ўдзельнікі. Такая мэтанакіраваная падрыхтоўка адбіваецца на агульным стане эстрады, вельмі прафесійным, і на далейшым яго развіцці. Нам ёсць чаму павучыцца адно ў аднаго!