Як вядома, сёлетнія лаўрэаты - гэта народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў; аўтарскія калектывы ў складзе народнага архітэктара Расіі Юрыя Грыгор'ева, скульптараў - народнага мастака Беларусі Льва Гумілеўскага і Сяргея Гумілеўскага; скульптараў, народных мастакоў Расіі Юрыя Арэхава і Рыгора Арэхава; народных мастакоў СССР Аляксея і Сяргея Ткачовых.
- Уручэнне прэміі Саюзнай дзяржавы - гэта важная і знакавая падзея для абодвух народаў - рускага і беларускага, - зазначыў на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Сяргей Забалоцец.
Да таго ж, ён паведаміў: амаль 25 мільёнаў расійскіх рублёў выдаткавана са сродкаў Саюзнай дзяржавы на арганізацыю і правядзенне "Славянскага базару ў Віцебску".
10 ліпеня на фестывалі пройдзе Дзень Саюзнай дзяржавы. У гэты дзень адбудзецца традыцыйная сустрэча Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Паўла Барадзіна з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. А ў Віцебскім мастацкім музеі адкрыецца выстаўка работ Леаніда Шчамялёва "Маім землякам", якая будзе працаваць да 1 жніўня.
Таксама ў планах арганізатараў - уручэнне ўдзельнікам праграм фестывалю спецыяльных дыпломаў і прызоў Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы "За творчае ўвасабленне ідэй сяброўства народаў Беларусі і
Расіі". У гэты ж дзень адбудзецца дэманстрацыя відэафільма "Этапы саюзнага будаўніцтва" і інтэрактыўная прэзентацыя відэароліка кліпа Леаніда Агуціна да фільма "Брэсцкая крэпасць".
Канцэрт "Дзве сястры" кампазітара Кіма Брэйтбурга, праграма якога ўключае цыклы песень на вершы беларускіх і расійскіх паэтаў, таксама будзе прысвечаны Дню Саюзнай дзяржавы.
На здымку: Павел Барадзін пад час наведвання Цэнтра народных рамёстваў і мастацтваў.