— Галіна, пачаць гутарку хачу з вашых універсітэтаў. Адсочваючы ваш шлях, адзначыла, што вы вучыліся на курсе ў Віктара Дашука, выбітнага майстра беларускай дакументалістыкі. Ці можна сказаць, што ён паўплываў на вас?
— Безумоўна, ён заўважная фігура ў беларускай дакументалістыцы. У яго былі і ёсць наватарскія фільмы. Тая ж карціна “Развітанне” пра пахаванне Машэрава сёння глядзіцца вельмі цікава: як перакрывалі праспект, як людзі плакалі… Іншыя работы. Але, калі адказваць на сутнасць вашага пытання, мне падаецца, для станаўлення рэжысёра ўсё ж майстар не так важны. Штосьці іншае мусіць быць з самага пачатку ў творцы, які прыходзіць у гэту страшную прафесію. На нашым курсе вучылася трынаццаць чалавек, а засталіся — толькі тры. Ва ўсіх у нас выкладаў Дашук — але ж большасць сышла.
— А чаму гэта прафесія страшная — вось вы кажаце?
— Таму што ніколі не зразумелы вынік, зыход. Заўжды аніякай гарантыі. І гэта не звязана ні з досведам, ні з наяўнасцю апаратуры ці грошай. І нават калі кіно атрымалася, не факт, што ў яго будзе ўдалы фестывальны лёс. Увесь час трэба быць на плаву і разумець, што адбываецца. Гэта вытрымліваюць адзінкі.
— Ведаеце, на адной сустрэчы з Віктарам Дашуком на пытанне пра тое, што вылучае яго стужкі, ён адказаў: “Аб’ём і сумленне”. Калі перафармуляваць запыт: цікава, што істотна для вашых фільмаў?
— Я заўжды ў сваім кіно іду ад свайго жыцця. Ставіць грандыёзныя задачы — шчыра скажу, гэта не пра мяне. Аднак калі казаць пра такі аўтарскі запыт, заўжды цікавілі тыя пытанні, што не маюць адказу.
— Напрыклад?
— Як нараджаецца дзіця? Якія стасункі лепшыя для чалавека — у традыцыйнай сям’і ці па-за яе межамі? Ды і такое, скажам: як спыніць распаўсюджванне наркотыкаў, калі гэта справа камусьці выгадная? І такое: чаму людзі так бязлітасны адзін да аднаго? Ды чаму часам мы так бязглузда пражываем сваё жыццё?
— У кантэксце адказу хачу зараз узгадаць вашу знакавую работу “Божа мой”, што прагучала на шматлікіх кінафорумах, і, калі не памыляюся, была адзначана на фестывалі ў Карлавых Варах. Фільм — пра ўнікальную жанчыну Юлітэ, што стварае скульптуры з цэменту. Фільм — пра жыццё, годнасць чалавека, пра талент, пра нечаканы цуд. Але былі і такія трактоўкі, што галоўная гераіня ўвасабляе характар, дух Беларусі. Ці можна казаць пра ваша кіно, што яно закранае і тэму нацыянальнай ідэнтычнасці?
— Адмыслова такіх рэчаў я туды не закладвала. Гэта ўжо болей праца крытыка — аналіз карціны, яе інтэрпрэтацыі. У мяне ж іншыя задачы. Ці нацыянальнае маё кіно? Напэўна — я жыву тут. А “Божа мой” нараджаўся з даволі простага жадання — я вельмі хацела папрацаваць у гэтым рэгіёне. Фільм здымаўся ў Гродзенскай вобласці, гэта Астравецкі раён, мяжа Беларусі і Літвы. Мне вельмі візуальна падабаўся той край. Брукаваныя дарогі, касцёл, школы з беларускай і літоўскай мовай навучання… Я проста шукала што ці за каго там можна зачапіцца.
— І зачапіліся?
— Не адразу. Прыязджала туды некалькі разоў. У якасці герояў каго мне толькі не прапаноўвалі: вучыцельку, даярку, бабулю, якая выткала гімн Літвы на рушніке…Вядома, тое вялікая справа — выткаць гімн, але якім чынам гэта прымяніць? Усё ніяк не складвалася. А потым хтосьці паведаміў, што ёсць такая Юлітэ, якая жыве наводшыбе — старая жанчына, мастачка, якая робіць скульптуры з цэменту. Глухаватая, маўляў, нам будзе з ёй цяжка. Але мы паехалі. І памятаю, як я прапанавала крыкам Юлітэ ў вуха зняць пра яе кіно. А яна і адказвае: “Дамовімся. Беларусь пра мяне яшчэ не чула”. І была ў гэтым адказе нейкая такая лёгкасць, што адразу стала зразумела, што ўсё ў нас атрымаецца. Так і здарылася. Ды тое, што жанчына дрэнна чула, яшчэ абярнулася вялікай удачай, цудам. Юлітэ цалкам не звяртала на нас увагу падчас работы — і для кіно гэта вельмі добра .
— Атрымоўваецца, што вы шукаеце героя па душы?
— Гэта кшталту хіміі. Як у каханні. Вось незразумела, чаму вас цягне да аднога чалавека, а з гэтым не атрымоўваецца. Мне падаецца, што фільм заўжды нараджаецца з падобнай асабістай цікавасці да чалавека, а не з жаданння зрабіць нейкае эпахальнае кіно пра лёс Беларусі.
— Ды тым не менш, вы вышэй адзначылі таксама і візуальны складнік. Узгадваюцца адразу словы Віктара Аслюка пра тое, што для яго вёска ў разы больш маляўнічая за горад у кінематаграфічным плане.
— Віктар нарадзіўся і вырас у вёсцы. Магчыма, таму сельская мясцовасць для яго больш маляўнічая. Я нарадзілася ў горадзе — і мне падаецца, што і ў горадзе шмат цікавых месцаў і станаў. Не так важна, насамрэч, дзе ўсё адбываецца. Істотна, так, але не вырашальна. Важны ўсё ж герой, характар, з якім у вас ідзе падключэнне. Ведаеце, у рэжысёра дакументальнага кіно галоўны інструмент — ён сам. Ні пэндзаль, ні палатно — непасрэдна ты. Вось гляжу я фільмы Аслюка — і план у яго карціне ўсё доўжыцца ды доўжыцца. Падаецца, што самы час “чыкнуць”, адрэзаць, а ён доўжыцца і доўжыцца. Але тое кіно Віці — і выдатна, што ён вытрымлівае гэту “даўжыню”. Гэта яго рытм, дыханне — ён разумее, што ён робіць. На жаль, часам здараецца так, што некаторыя рэжысёры ўвогуле не ўсведамляюць навошта здымаюць кіно.
— Дзякуй за адказ. Але ваша кіно вельмі рознае, варта адзначыць. “Інакіня”, і тое ж “Божа мой”… А калі паглядзець на апошнія работы — “Нашы дзеці”, “Чужое і сваё”, “Добрых дзяўчынак не б’юць”, атрымоўваецца, увогуле, што вам блізкая сацыяльная тэматыка. Гэта значыць, што вы — змяніліся?
— І так, і не. Ну, так, гэтым летам я ўжо думала, чаму такім чынам адбываецца: усе людзі як людзі, а я занураюся ў часам невыносныя рэчы. Пры гэтым, падкрэслю, мне “ні разу” не блізкая сацыяльная тэматыка. Проста так адбываецца. Адзін фільм цягне за сабой іншы. У тэму дзіцячага хоспіса ўцягнулася, таму што ішла гучная кампанія па збору грошай на яго будаўніцтва, — цікава было даведацца, хто за гэтым усім стаіць. “Нашы дзеці” — тое прапанова ад незалежнай кампаніі — і хацелася паспытаць зрабіць кіно на новай пляцоўцы, ды занурыцца ў новую сферу. А што датычыцца “Дзяўчынак…”, то тут я на праблематыку выйшла даволі нечакана, дапамагаючы камандзе французскага рэжысёра Яна Арцэса Бэртрана.
— Нечаканы паварот, сапраўды. Чула, што пасля яго вядомай карціны “Чалавек”, ён планаваў зняць стужку, прысвечаную жанчынам.
— Менавіта так. Фільм “Жанчына” (Woman). І да мяне звярнуліся з просьбай знайсці гераінь. Бертран хацеў, каб у карціне прагучалі беларускія жанчыны. Планавалася, што характараў будзе прыкладна 20, але іх стала 30. Напачатку я пазнаёміла іх з Ірынай Дзянісавай, гераіняй маёй карціны “Інакіня”, — у яе неверагодны лёс. Потым вывела на іншых, самых розных жанчын. Аднак французы адказалі, што надта ўсе мае асобы паспяховыя (усміхаецца). І тады я выйшла на дзяўчын, якія пацярпелі ад хатняга гвалту. Паколькі, дзякуй Богу, я з такой жорсткасцю ніколі не сутыкалася, іх гісторыі па-сапраўднаму мяне шакавалі. Такім чынам і ўзнікла думка зрабіць на гэту тэму кіно. Падала заяўку ў Міністэрства культуры — і нечакана хутка атрымала станоўчы адказ.
— Праца з такімі складанымі тэмамі. У вас ніколі не было такога хвалявання, засцярогі — патрапіць у палон, пастку моцнага зместу, пакінуўшы форме другасную ролю?
— Мне падаецца, што “Дзяўчынак…” у мяне атрымаўся. Не ведаю, якім будзе яго фестывальны лёс, але мне падабаецца гэта кіно. Што датычыцца формы, для мяне больш важна, ці ёсць у карціне штосьці жывое. Калі фільм хвалюе, калі я адгукаюся на пэўныя рэчы, мне падаецца, што і глядач не застаецца абыякавым.
— Але для вас важна перавынаходзіць кінамову?
— Вядома. Ды падаецца, што мае фільмы — розныя. “Інакіня” — адна гісторыя, “Лебедзі” — пра хуткую дапамогу ў Светлагорску — другая, спартыўнае кіно — цалкам іншы шлях. Мне цікава змяняць рэгістры. Можа быць, гэта таксама і дрэнна: вось Віктар Аслюк вытрымлівае сваю лінію, не змяняе ёй. Але мне так рабіць сумна. Я з-за гэтага і дакументальныя стужкі , напрыклад, Сяргея Лазніцы не люблю. Нуднаватыя, на мой густ.
— А каго вы любіце?
— Зараз фільмы Андрэя Куцілы падабаюцца: і “Стрыптыз і вайна”, і Summa. Люблю першыя фільмы Віктара Касакоўскага, Сяргея Дварцавога. У Мікалая Абуховіча падабаецца “Наша мама — герой”. Гэрц Франк, безумоўна. Польскае дакументальнае кіно люблю амаль усё.
— Галіна, вось у вас ёсць досвед працы і на праекце незалежнай кампаніі і на дзяржстудыі. Дзе працавалася вам лягчэй? Умовы працы, так скажам, уплываюць на вынік?
— Паўсюль ёсць свае недахопы і "маленькія радасці". Што казаць — я выжываю, займаючыся сваёй справай. Ды тым не менш, часам мне дзіўна чуць рэплікі маладых людзей, што кіно зрабіць там-та ці там-та немагчыма.
— Ці гэта няпраўда?
— Ідэальных умоў ніколі не будзе. Так, я за тое, каб яны паляпшаліся, але давайце скажам шчыра: Куціла зняў добрае кіно зусім не таму, што ў яго былі ўсе выгоды. Гэты рэжысёр ужо проста разумее як рабіць кіно. Гэта здараецца далёка не з усімі маладымі кінематаграфістамі. “Лебедзі”, “Вядо”, “Добрых дзяўчынак не б’юць” — можна па-рознаму ставіцца да маіх апошніх карцін, але гэта фільмы зробленыя. Настасся Мірашнічэнка і яе “Дэбют”, што сёння вылучаны на “Оскар” — кіно зробленае. Ведаю, што Настасся доўга дамагалася свайго — але і ёсць вынік. Часам можна шмат скардзіцца на самыя розныя рэчы — на невыбудаваную сістэму каардынат, адстунасць грошай і падтрымкі. Усё гэта ёсць. Але варта памятаць і пра тое, што рэжысёр — гэта характар. І невыпадкова ў гэтай прафесіі застаюцца адзінкі.