У рамках пасяджэння была абмеркаваная рэалізацыя зводнага Плана супрацоўніцтва паміж міністэрствамі культуры дзвюх дзяржаў на 2019 — 2021 гады, а таксама пытанні адукацыі і студэнцкага абмену ў сферы мастацтва. Асаблівая ўвага была нададзена падрыхтоўцы да святкавання 75-гадовага юбілею Перамогі. Гутарка вялася аб ходзе выканання работ па капітальным рамонце, рэстаўрацыі і музеефікацыі пабудоў Брэсцкай крэпасці і стварэнні Ржэўскага мемарыяла савецкаму салдату ў Цвярской вобласці.
Як распавяла карэспандэнту БЕЛТА статс-сакратар — намеснік міністра культуры Расійскай Федэрацыі Ала Манілава, бліжэйшыя гады будуць надзвычай насычанымі ў плане культурнага супрацоўніцтва паміж двзюма краінамі. У Беларусі будуць арганізаваныя выставы вядомых расійскіх музеяў — у прыватнасці, у Гомелі пройдзе фестываль Эрмітажу, а жыхары і госці сталіцы змогуць убачыць шэдэўры Траццякоўкі. У бліжэйшы час з гастролямі ў Беларусь прыедуць Расійскі нацыянальны маладзёжны сімфанічны аркестр, Дзіцячы музычны тэатр імя Наталлі Сац, Тэатр лялек імя Сяргея Абразцова ды шматлікія іншыя знакавыя калектывы. Адбудзецца сёлета і ўжо традыцыйны канцэрт Хора Турэцкага, прысвечаны юбілею вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Паводле БЕЛТА