Сустрэчу нам арганізавала Таццяна Іванова, дырэктар Слуцкага раённага цэнтра народнай творчасці. Яна ўвесь гэты час стварала ўмовы для “збіральніка”, дапамагала вырашаць тэхнічныя праблемы, якія, безумоўна, паўставалі, і, у рэшце рэшт, менавіта спадарыня Таццяна прыцягнула ўвагу газеты да гэтай гісторыі, за што ёй вялікі дзякуй.
Пасля доўгіх размоў з маім “інкогніта” на тэму ручніковай спадчыны, Таццяна Іванова рашуча ўзяла мяне за руку і сказала: “Трэба паказаць нешта яшчэ!” І вось мы ў Квасынічах, у мясцовым, сціплым звонку, Цэнтры рамёстваў, якім кіруе Наталля Матусевіч.
Аказалася, Цэнтр адкрыўся ў 1998-м годзе. Тут, разам з дырэктарам, працуе сем майстроў. Дзеці (і не толькі мясцовыя, хаця ў Квасынічах амаль усе вучні пачатковых класаў наведваюць ЦР) вучацца ткацкай справе, авалодваюць саломка- і лозапляценнем, роспісам па дрэве, ганчарствам, вырабам беларускай лялькі і адраджэннем традыцый пляцення паясоў. Для дарослых дзейнічае Клуб народных майстроў “Крылы творчасці”. Ёсць тры ткацкія станкі. Заняткі ў Цэнтры бясплатныя: платнымі могуць быць толькі асобныя мерапрыемствы з патрэбы кампенсаваць кошт матэрыялаў.
Пабачыла я браныя паясы і паясы простыя, якія цяпер уваходзяць у моду. Гурток па саломкапляценні вядуць Алена Лістапад і Наталля Гарбацэвіч. Матэрыял адзін, але розніца ў стылі і падачы — адчувальная. А вось батлейка, якая часам дае прадстаўленні, і лялькі-абярэгі.
Цэнтр удзельнічаў у рэспубліканскім конкурсе традыцыйнага строю. У выніку з’явіўся слуцкі рэканструяваны строй канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Пояс — абавязковы атрыбут: выйсці на вуліцу, не падперазаўшыся, было нават непрыстойна. А спадніца ткалася на станку, кашулі таксама цалкам тканыя, з вышыўкай ды карункамі. Ну і фартух, саламяны капялюш…
Па словах дырэктаркі, галоўная праблема ўстановы — недахоп памяшканняў для больш плённай працы. Сапраўды, ці ж змесціцца цэлы рамесны сусвет у невялічкі куфэрачак?