Падчас мерапрыемства.
Яно ладзіцца з 1999 года, але ўпершыню набыла статус абласнога. Яшчэ адна адметнасць — фэст сёлета прымеркаваны да 130-годдзя садавода-селекцыянера Івана Сікоры... Неаспрэчна, што культура Шаркаўшчыны ўласнымі творчымі высілкамі займела адзін з самых яркіх брэндаў у рэспубліцы. Як той казаў, спачатку мы працуем на брэнд, потым ён працуе на нас…
Дык вось, чырвонашчокі яблычак сабраў у мінулую суботу гасцей з адзінаццаці раёнаў Віцебшчыны, работнікаў культуры, самадзейных артыстаў, народных майстроў, а таксама — прадстаўнікоў аматарскіх аб’яднанняў сада- і кветкаводаў. Як вядома, Сікора пераўтварыў Алашкі ў вялікі ўрадлівы сад, дзе і адпачыць можна, і павучыцца рукачыннай прыгажосці не грэх.
Што цікавага было на свяце? А былі раённы конкурс "Уладар сяла", выстаўкі "Ручнікі ды пірагі Шаркаўшчыны", свята мясцовага возера, літаратурна-музычная імпрэза "У гасцях у Івана Паўлавіча Сікоры", батлеечны спектакль, святочны канцэрт, у якім браў удзел і калектыў з Латвіі "Даўгавеня", дзецям была прапанавана асобная забаўляльна-асветніцкая праграма… Пра фотавыстаўку "Яблычны мікс" мы пісалі ў папярэднім нумары "К". Не абышлося, безумоўна, і без традыцыйных яблычных вяселляў.
Зацікавіліся фэстам і прадстаўнікі турыстычных фірм. Напэўна, кожнаму цяпер зразумела, што Алашкі — смачная (у прамым і пераносным сэнсах) прынада як для нашых, так і для замежных турыстаў. Апрача шыкоўных сада і возера тут ёсць Мемарыяльны музей Сікоры і дом, дзе жыў садавод і дзе таксама дзейнічае адмысловая экспазіцыя. Працягам музейных плошчаў падаецца і звілістая вясковая вуліца, абапал якой растуць самыя разнастаўныя дрэвы, да якіх у свой час таксама прыклаў руку знакаміты селекцыянер. Так што тым, хто не быў тут, час неадкладна збірацца ў Алашкі.