Кінапрызы планеты “Лістапад”
№ 48 (814) 01.12.2007 - 07.12.2007 г
Наўрад ці варта яшчэ раз казаць пра тое, што Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”, які толькі што прайшоў у беларускай сталіцы чатырнаццаты раз, стаўся буйным кінафорумам насамрэч сусветнага маштабу. 42 краіны-ўдзельніцы — гэта немалая лічба, але яшчэ больш уражвае той факт, што на працягу тыдня фестывальныя стужкі паглядзела больш як 20 тысяч гледачоў! І гэта толькі ў сталіцы, а сёлета ж “Лістапад” абыйшоў літаральна ўсе вобласці нашай рэспублікі. Кожны ахвотны мог знайсці для сябе “кінапрадукт” на свой густ: ад навінак сусветнага кінематографа да рэтраспектыўных фільмаў — “залатога запасу” савецкага кіно, ад дакументалістыкі да анімацыі, мастацкіх стужак на розныя ўзросты...
| Міністр культуры РБ У.Матвейчук уручае Прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За гуманізм і духоўнасць у кіно” паўднёвакарэйскай стужцы “Таемнае сонечнае святло”. | Традыцыйна — і гэта адна з прынцыповых адметнасцей мінскага фестывалю — галоўны “вердыкт” конкурсным стужкам выносіць глядацкае журы: першыя тры пачэсныя месцы, якія займаюць стужкі-канкурсанткі, вызначаюцца паводле тых адзнак, якія “выстаўляюць” ім гледачы. Сёлета “золата”, “серабро” і “бронза “Лістапада” дасталіся стужкам “Жыццё іншых” нямецкага рэжысёра Фларыяна Хенкеля фон Донерсмарка, чэшска-славацкаму фільму “Я прыслугоўваў англійскаму каралю” рэжысёра Іржы Менцэля і расійскай рабоце “Агітбрыгада “Бі ворага!” рэжысёра Віталія Мельнікава адпаведна. Надзвычай прыемна, што ў пяцёрку лідэраў трапілі і абедзве нашы стужкі: “Ворагі” і “Чаклун і Румба”. І нават з улікам таго, што “гульня на сваёй пляцоўцы” прадугледжвае пэўную маральную падтрымку з боку айчынных кінабалельшчыкаў, чацвёртае і пятае месцы ў такой прадстаўнічай праграме, якую сабраў сёлетні “Лістапад”, — адзнакі досыць высокія. Хаця, безумоўна, мы працягваем марыць пра тое, што калі-небудзь фестывальнае “золата” ўсё-такі застанецца ў Беларусі. Прэстыжны Прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За гуманізм і духоўнасць у кіно” атрымала паўднёвакарэйская стужка “Таемнае сонечнае святло”. Прафесійнае міжнароднае журы кінематаграфістаў на чале з рэжысёрам Дзмітрыем Месхіевым адзначыла наступныя кінаработы: “За рэжысуру” — Фларыян Хенкель фон Донерсмарк (“Жыццё іншых”, Германія); “За лепшую мужчынскую ролю” — Нябойша Глогавац (“Пастка”, Сербія); “За лепшую жаночую ролю” — Джон До Ён (“Таемнае сонечнае святло”, Паўднёвая Карэя); “За лепшую мужчынскую ролю другога плана” — Марцін Губа (“Я прыслугоўваўанглійскаму каралю”, Чэхія — Славакія); “За лепшую жаночую ролю другога плана” — Анна Данілава (“Агітбрыгада “Бі ворага!”, Расія); Спецыяльны прыз “За лепшую аператарскую работу імя заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кінааператара, кінарэжысёра Ю.А. Марухіна” атрымаў Андрэас Руджатс (“Манатоннасць”, Латвія); Спецыяльны прыз “За лепшы дэбют у кіно імя народнага артыста СССР, кінарэжысёра В.Ц. Турава” — аўтар сцэнарыя і рэжысёр Юрыус Пошкус (“Манатоннасць”, Латвія); Спецыяльны дыплом “За глыбокае пранікненне ў крохкі свет чалавечых каштоўнасцей” — стужка “Бывай, каханы” (Швейцарыя — Германія); Спецыяльны дыплом “За вернасць традыцыям і імкненне да новага вырашэння тэмы Вялікай Айчыннай вайны” — аўтар сцэнарыя і рэжысёр Марыя Мажар (“Ворагі”, Беларусь — Расія); Спецыяльны дыплом “За яркае выяўленчае рашэнне фільма” — аператар Фархад Мамадказін (“Тры дзяўчыны”, Азербайджан). Журы кінапрэсы свае ўзнагароды аддало наступным стужкам: Прыз журы “Фільм як з’ява кінамастацтва” — “Падарожжа з хатнімі жывёламі” (Расія); Прыз часопіса “На экранах” “Магія кіно” — рэжысёру-дакументалісту Галіне Адамовіч (“Завядзёнка”, Беларусь); Дыплом “Фільму як з’яве кінамастацтва за неабыякавы пошук чалавечага ў чалавеку” — “Магнус” (Эстонія — Велікабрытанія); Спецыяльны дыплом “За захаванне нацыянальных культурных традыцый на сучасным этапе” — “Сваны” (Грузія). Як ніколі раней, густы гледачоў і прафесійнага журы амаль што “супалі”. З аднаго боку, | Госці “Лістапада” развітваюцца з фестывалем. | гэта сведчыць пра тое, што сталічныя кінагледачы сёння маюць сур’ёзны глядацкі досвед, надзвычай добра арыентуюцца ў сусветным кінематографе і ўжо не з’яўляюцца проста “ўсяеднымі” істотамі, гатовымі аднолькава захоплена спажываць усё, што ім прапануюць. Паказальны і выбар тройкі лідэраў: усе адзначаныя фільмы не належаць да шэрагаў “эстэцкіх эксперыментаў”, яны распавядаюць пра жыццё людзей простых, пазнавальных — адным словам, такіх, як мы. Думаецца, падсвядомае адчуванне таго, што літаральна кожны ў глядзельнай зале меў права сказаць: “Я мог бы апынуцца на яго месцы, і што тады?”, дадавала гэтым фільмам вастрыні і актуальнасці. Прытым, што калі расійская стужка Віталія Мельнікава распавядае пра нашу агульную гісторыю часоў Вялікай | Прыз стужцы “Жыццё іншых” прымае Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Германіі ў Рэспубліцы Беларусь Гебхардт Вайс. | Айчыннай, то нямецкі фільм звяртаецца да жыцця ва Усходняй Германіі яшчэ да падзення Бярлінскай сцяны, а чэшска-славацкая стужка — да Прагі 30-ых гадоў мінулага стагоддзя. Іншымі словамі, колькі б ні хвалілі вартасці глабалізацыі і заахвочвалі нас да стварэння “універсальных” фільмаў, якія б маглі прадавацца ў любой краіне свету, глядацкі інтарэс прыцягнулі менавіта тыя стужкі, дзе “нацыянальны каларыт” не засланілі пошукі “мастацкіх універсумаў”. Прадстаўнік Пасольства Германіі ў Рэспубліцы Беларусь, які атрымліваў прыз за фільм “Жыццё іншых”, шчыра прызнаўся, што не чакаў для стужкі такой высокай ўзнагароды менавіта на нашай зямлі, — маўляў, гэта ж фільм пра “ўнутранае” нямецкае жыццё. Але прыказка “Хочаш спазнаць свет — спазнай сябе самога” ў каторы раз пацвердзіла сваю актуальнасць. І — “дала маячок” беларускім кінематаграфістам для таго, каб глыбей і больш уважліва думаць пра айчынны “нацыянальны кінапрадукт”. Таццяна КОМАНАВА Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА і Віктара ЗАЙКОЎСКАГА
Апошнія матэрыялы ў рубрыцы:
|
Цікавосткі: варта прачытаць! Гісторыя і лёсы: культура Беларусі ад мінулага да сучаснасці
|