Фестываль унікальны, бо толькі тут прадстаўнікі ўсіх нацыянальнасцяў, якія пражываюць на тэрыторыі нашай краіны, збіраюцца разам, каб паказаць свае культуру і традыцыі.
Асноўнымі мэтамі фестывалю з’яўляюцца аб’яднанне народаў Рэспублікі Беларусь, развіццё міжнацыянальнага сяброўства, адраджэнне культурных традыцыі нацыянальных абшчын, адлюстраванне культурнай разнастайнасці беларускага грамадства.
Фестываль арганізуецца Міністэрствам культуры, Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей, Міністэрствамі адукацыі і інфармацыі, Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур, аблвыканкамамі Мінска і Гродна, гарвыканкамамі.
Сёлета ўдзельнікамі канцэртнай праграмы абласнога туру фестывалю сталі прадстаўнікі 12 нацыянальнасцяў — творчыя калектывы і выканаўцы з Магілёва, Бабруйска, Слаўгарада і Горак.
У фае была прадстаўлена экспазіцыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сваю творчасць прэзентавалі грамадскае аб’яднанне “Бабруйская гарадская яўрэйская абшчына”, татара-башкірскае таварыства “Чышма”, “Цэнтр казачай культуры”, “Цэнтр нямецкай культуры Бабруйска”. Уражвала жанравая разнастайнасць. Можна было пазнаёміцца з калекцыяй пано, прадметамі побыту, нацыянальнай кухняй, з экспазіцыяй упрыгожванняў, элементаў нацыянальных касцюмаў.
Па рашэнні рэспубліканскага журы лепшыя творчыя калектывы, індывідуальныя выканаўцы, майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва будуць рэкамендаваны да ўдзелу ў заключных мерапрыемствах XIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.
Крысціна БАШАРЫМАВА, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра
На здымках: Падчас абласнога туру ў Бабруйску