Ваенна-гістарычная драма “Ілхак” заснаваная на рэальнай гісторыі Зульфіі Закіравай — маці, што ў падзеях Вялікай Айчыннай вайны страціла пяцёх сыноў: яе ролю ў фільме выканала знакамітая ўзбекская актрыса Дзіларом Карымава. Асноўныя здымкі праходзілі ва Ўзбекістане, але кульмінацыйныя кадры — ваенныя — здымаліся ў Беларусі пры ўдзеле Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Узбекска-беларускім атрымаўся і акцёрскі склад стужкі. Для прадстаўлення фільма беларускім гледачам у Мінск на фестываль “Лістапад” прыехала здымачная група на чале з рэжысёрам Джахангірам Ахмедавым. Менавіта “Ілках” у якасці найлепшага фільма 27-га “Лістапада” абрала журы Асноўнага конкурсу ігравога кіно на чале з расійскім прадзюсарам і рэжысёрам Рэнатам Даўляцьяравым. Яго калегамі па судзейскай калегіі былі заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, акцёр, прафесар Уладзімір Мішчанчук, расійскі рэжысёр і прадзюсар Аляксей Пятрухін і папулярная актрыса і рэжысёр з Сербіі Івана Жыгон.
Усяго ў конкурсе ігравога кіно было прадстаўлена 13 стужак. Цэлы шэраг узнагарод “Лістапада” атрымала германа-аўстрыйская драма “Каралеўская гульня” рэжысёра Філіпа Шцёльцля, якая сёлета адкрывала фестываль. Фільм зняты паводле апавядання Стэфана Цвейга “Шахматная навэла” і вяртае гледача на пачатак 30-х гадоў у Аўстрыю, у якую прыходзіць нямецкая нацыянал-сацыялістычная ўлада. “Каралеўскай гульні” ўручаны Прыз імя Юрыя Марухіна за найлепшую аператарскую работу, Прыз за найлепшую мужчынскую ролю — свой спіс прызоў папоўніў папулярны нямецкі акцёр Олівер Мазуччы. І Прыз глядацкіх сімпатый — таксама ў “Каралеўскай гульні”. Уладальнікам Прыза за найлепшую рэжысуру ў конкурсе ігравога кіно стала рэжысёр казахскага фільма “Агонь” Айжан Касымбек, у гэтай жа стужкі і Прыз за найлепшае гукавое (музычнае) рашэнне.
Дзве актрысы былі адзначаны ў Асноўным конкурсе ігравога кіно: Прыз за найлепшую жаночую ролю накіраваўся ў Кітай — актрысе Яншу Ву за фільм “Ідучы за яе ценем”, Спецыяльны прыз журы за жаночую ролю — у Францыю: ім узнагароджана актрыса Лу Лампрос за фільм “Мая ноч”. Спецыяльным згадваннем журы ўшанаваная венесуэльская стужка “Унутранае ззянне”, Прыз за найлепшы сцэнарый атрымала самая гучная карціна ў конкурсе “Лістапада” — ірана-французскі фільм “Герой” славутага іранскага рэжысёра Асгара Фархадзі: “Герой” сёлета стаў уладальнікам Гран-пры журы на Канскім кінафестывалі. Гэты ж фільм на “Лістападзе” быў узнагароджаны Спецыяльным прызам журы кінапрэсы “За натхненне і аўтарскі погляд на кінамастацтва”.
У Асноўным конкурсе дакументальнага кіно 27-га “Лістапада” ўдзельнічалі 17 стужак. Гран-пры за найлепшы дакументальны фільм — у расійскай карціны “Далёкі план” рэжысёра Уладзіміра Галаўнёва. Нядаўна “Далёкі план” атрымаў і Гран-пры Адкрытага фестывалю дакументальнага кіно “Расія” ў Екацярынбургу. У фільме сабраныя гісторыі з розных далёкіх рэгіёнаў Расіі пра тое, як кіно і кінатэатры літаральна ратуюць людзей. Журы конкурсу дакументальнага кіно ўзначальвала дырэктар тэлеканала “Беларусь 3” Наталля Марынава. Яшчэ прызы ў гэтай намінацыі атрымалі такія стужкі, як “Кадакушы” (Турцыя) і “Ціхая спадчына” (Балгарыя). Прызам глядацкіх сімпатый за найлепшы дакументальны фільм ушанаваная карціна студыі “Беларусьфільм” рэжысёра Галіны Адамовіч “Страла”. Яна ж атрымала і дыплом “За адлюстраванне гісторыка-культурных і цывілізацыйных кодаў нацыянальнай ідэнтычнасці”. Дыпломамі былі адзначаны фільмы “Іншым я ўжо не буду” (Расія), “Свабодны палёт” (Іспанія, Расія), “Санунку/Апошні” (Азербайджан), “Народжаны на Неўскім пятачку” (Расія), “МШТ-15. Анёл шчасця” (Грузія) і “Балада пра Галілея” (Балгарыя).
Традыцыйна ў рамках фестывалю “Лістапад” праходзіць і асобны Конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік”, у якім сёлета аб’ядналіся і анімацыйныя, і поўнаметражныя ігравыя стужкі, што дадало складанасці рабоце журы. А журы ўзначальвала расійская актрыса Ірына Шаўчук, якая ўжо многа гадоў з’яўляецца і генеральным дырэктарам фестывалю “Кінашок” у Анапе. У конкурсе было 13 фільмаў, і свае вынікі “Лістападзік” падводзіў яшчэ ў аўторак 23 лістапада ў мінскім кінатэатры “Піянер”. Гран-пры за найлепшы фільм “Лістападзіка” атрымала чэшская поўнаметражная анімацыйная стужка “Нават мышы трапляюць у рай”. Многа нагодаў для радасці з’явілася ў стваральнікаў ігравога фільма “Новенькі”: і рэжысёр, і прадзюсар былі гасцямі фестывалю, і на сцэну “Піянера” яны выходзілі многа разоў і з вялікім задавальненнем. Фільм разлічаны на падлеткаў, у ім расказваецца гісторыя хлопца, які пераходзіць у новую школу, але хавае ад усіх, што мае анкалагічнае захворванне. Расійскі фільм “Новенькі” атрымаў Прыз за найлепшы фільм для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі, дыплом ад дзіцячага журы, якое працавала на “Лістападзіку”, Прыз за найлепшую дзіцячую ролю і Прыз за найлепшую дарослую ролю ў дзіцячым фільме. Спецыяльным прызам журы была ўшанаваная стужка беларускага рэжысёра Ігара Воўчака “Прэлюдыя і фуга”, дыпломам “За акварэльную паліфанію душы паэта” — анімацыйная стужка беларускага рэжысёра Алены Пяткевіч “Я тайну ў глыбіні душы хаваю…”, прысвечаная жыццю і творчасці Максіма Багдановіча.
У Конкурсе маладзёжнага кіно “Кіно маладых” галоўны прыз традыцыйна носіць імя знакамітага беларускага рэжысёра Віктара Турава. І Прыз імя Віктара Турава сёлета атрымала іранская карціна “Сын” рэжысёра Нушына Мераджы — трагікамедыя пра дарослага мужчыну, які пасля смерці маці пачынае выбудоўваць адносіны са светам і з людзьмі, Спецыяльны прыз журы — у французскай стужкі “Лулу”. Журы “Кіно маладых” на чале з расійскім рэжысёрам і прадзюсарам Аляксеем Цяльновым разглядала ў гэтай намінацыі 22 вельмі розныя карціны — і поўнаметражныя і кароткаметражныя, і анімацыйныя і ігравыя. Так дыпломам за найлепшы анімацыйны фільм была адзначана работа з Аўстраліі “Жывапіс па нумарах”. Таксама дыпломы атрымалі такія фільмы: “Мядовая сігара” (Францыя), “Абуза” (Таджыкістан), “Ад дзвярэй да дзвярэй” (Індыя), “Белы гетэрасэксуальны мужчына” (Расія), “Блакітнае сэрца” (Куба) і “Маякоўскі” (Расія).
Таксама на цырымоніі закрыцця XXVII мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” быў уручаны шэраг спецыяльных узнагарод.