18 снежня ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы карціны нашага земляка “Нацюрморт” у дар галоўнай мастацкай скарбніцы краіны. У цырымоніі бралі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў і Міністэрства культуры, дыпламаты, што прадстаўляюць інтарэсы Швейцарыі ў Беларусі і нашай краіны ў Швейцарыі. Андрэя Нажэскіна, Ганаровага консула Беларусі ў Лазане, які мае непасрэднае дачыненне да вяртання на радзіму твора Міхаіла Кікоіна, узнагародзілі Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Як распавёў генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея, перадача згаданага твора — цудоўны прыклад плённага супрацоўніцтва паміж установай культуры, якая фактычна з’яўляецца адной з візітовак беларускай нацыі, і дыпламатычнай службай краіны. Калісьці калекцыя айчыннага мастацтва ў музеі складалася з твораў, якія нарадзіліся непасрэдна на нашай зямлі і адлюстроўвалі рэаліі нашай гісторыі. Сёння ж мы лічым неабходным засведчыць свой унёсак у агульнаеўрапейскую культурную скарбніцу і свой уплыў на суветны культурны працэс. Карціна Міхаіла Кікоіна, якая зойме ў нашым музеі пачэснае месца, яскравы таму доказ.