Сёння заявы прымаюць за рэдкім выключэннем ад ўсіх. А чальцы Прыёмнай камісіі — гэта найперш кансультанты, што дапамагаюць абітурыенту вызначацца, на якія факультэт і кафедру яму лепей паступаць, беручы да ўвагі ягоныя здольнасці ды схільнасці.
На сайце акадэміі ёсць звесткі пра тое, якія прафесіі былі ў абітурыентаў найбольш запатрабаванымі, і, адпаведна, на якіх кафедрах быў самы wвысокі прахадны бал у ранейшыя часы. Пазалетась “прызавыя месцы”, як сказалі бы спартоўцы, размеркаваліся наступным чынам. На першым месцы “Дызайн (віртуальнае асяроддзе)” — 320,6 бала, на другім “Рэжысура кіно і тэлебачання (анімацыя)” - 320, на трэцім “Рэжысура кіно і тэлебачання (тэлебачанне)” - 314,3. Варта ўдакладніць, што дызайнеры віртуальнага асяроддзя актыўна скарыстоўваюць анімацыю і іншыя выразныя сродкі з арсеналу тэлебачання, і менавіта на тэлебачанні запатрабаваны іхнія веды і навыкі. Так што ў прыярытэце пазалетась было мастацтва, якое называюць экранным.
А вось ў мінулым годзе ківач абітурыенцкай цікавасці качнуўся ў бок Мастацкага факультэта. На першым месце “Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва (роспіс)” з прахадным балам 329,33, на другім - “Графіка” (322,66), на трэцім — “Графічны дызайн” (321,66). Мастакі, што вучыліся яшчэ за савецкім часам, калі-нікалі называюць сваіх маладзейшых калег занадта прагматычнымі. Менавіта гэтым, на іх думку, тлумачыцца непапулярнасць уласна мастацкіх прафесій сярод жадаючых вучыцца ў БДАМ. Маўляў, дызайнер працу і грошы заўжды знойдзе, а вось прадстаўнікі класічнай трыяды “жывапіс-графіка-скульптура” у перыяд першапачатковага назапашвання капіталу грамадою, ва ўмовах няўцямнага менеджменту ў культурнай прасторы рызыкуюць застацца без працы і даходаў.
Так што рост цікавасці моладзі да мастацтва выяўленчага — добры знак. Можа нешта і змяняецца ў лепшы бок… Зрэшты, рашайце самі, паглядзеўшы на расклад, які маем за дзень да таго, як спыніўся прыём заяў. “Акцёрскае майстэрства”: запланавана прыняць (на бюджэт і на платнай аснове) 15 чалавек, заяў пададзена 63. “Рэжысура тэатра” - адпаведна 8 і 9. “Мастацтвазнаўства” - 6 і 6, “Кінатэлеаператарства” — 10 і 19. “Рэжысура кіно і тэлебачання (тэлебачанне)” - 10 і 18. “Рэжысура кіно і тэлебачання (гукарэжысура)” - 10 і 13. “Жывапіс (станковы)” - 6 і 12. “Графіка” - 7 і 8 “Скульптура” - 6 і 7. “Манументальна -дэкаратыўнае мастацтва (роспіс)” -7 і 5. “Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва (рэстаўрацыя)” - 7 і 5. “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (вырабы з тэкстылю)” — 6 і 5. “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (вырабы з керамікі)” - 6 і 3. “Дызайн (аб’ёмны - сродкі вытворчасці і транспарт)” — 11 і 7. “Дызайн (аб’ёмны - мэбля)” - 6 і 4. “Дызайн (графічны)” - 12 і 15. “Дызайн (віртуальнае асяроддзе)” -8 і 9.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ