Кніга выйшла ў свет у віленскай друкарні Мамонічаў. Рыхтуе яе да экспанавання спецыяліст высокага класу Андрэй Крапіўка, якому даводзілася працаваць з выданнямі Францыска Скарыны. На працягу стагоддзяў гэта Евагелле трапляла ў розныя рукі, розныя зборы, мяняла вокладку. Рэстаўрацыя робіцца такім чынам, каб забяспечыць кнізе доўгае жыццё і максімальна захаваць рысы яе ўласнай гісторыі.
Пачатак калекцыі кніжных рарытэтаў быў пакладзены ў 1954 годзе, калі музей стаў уладальнікам рукапіснага Евангелля XVI стагоддзя. У перадваенныя часы стаўленне да рэлігіі і, адпаведна, яе атрыбутаў з боку дзяржавы было такім, што збіранне старадрукаў, большасць якіх — як раз духоўнага зместу, магло разглядацца як прапаганда рэакцыйных ідэй. Адразу пасля вайны музей давялося адраджаць фактычна з нуля, і зноў жа ідэалагічныя каноны не стасаваліся з аб’ектыўным вывучэннем нацыянальнай спадчыны. Каб не гэтыя акалічнасці, калекцыя старадрукаў Нацыянальнага мастацкага музея была б нашмат багацейшай. А так на сённяшні момант музею належыць толькі 192 адзінкі захоўвання, якімі прадстаўлена кніжная культура за перыяд з XVI па пачатак XX стагоддзя. У асноўным гэта кнігі релігійнага зместу. Іх музей закупаў у прыватных асоб, прымаў у якасці падарункаў, набываў у букіністычных крамах.
Уладзімір Пракапцоў згадаў, што супрацоўнікі музея рупяцца, каб шырокая грамада мела магчымасць азнаёміцца з багаццем фондаў Нацыянальнага мастацкага, каб творы мастацтва і гістарычныя артэфакты былі не адзінкамі захоўвання, а матэрыяльнымі чыннікамі культурнага працэсу. Пры гэтым бяруцца да ўвагі культурныя запатрабаванні і эстэтычныя прыярытэты розных сацыяльных і ўзроставых груп. Вось і выстава, прымеркаваная да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, цалкам адпавядае гэтай стратэгіі. Дырэктар спадзяецца, што яна пашырыць кола сяброў музея; што паглядзець на ўнікальныя гістарычныя артэфакты прыйдуць нават тыя, для каго выяўленчае мастацтва ўяўляе адносную цікавасць.