Тамара Маненок аддае перавагу класічнай акварэлі і прапануе шчыры лірычны беларускі пейзаж. Далікатна і вытанчана працуе з тэкстылем Таццяна Арасланава. Яна прэзентуе лёгкія, з густам выкананыя творы, дзе спалучаюцца традыцыйнае пляценне, выразны рэльеф і мяккая колеравая гама. Вышыўку абралі крыніцай натхнення Наталля Калтыгіна і Ала Кірылава. У кожнай — індывідуальная тэхніка, поўная імправізацый. У выніку эксперыментаў з колерам і фактурай іх габелены — прывабныя. А Наталля Калтыгіна парадавала яшчэ і мастацкай
керамікай. Ірына Кустава прадставіла работы ў тэхніцы батыка і станковага жывапісу. У роспісу па тканіне Ірына — неабмежавана вольная. Таццяна Карчажкіна выкарыстала ў дэкаратыўных пано магчымасці аб’ёма і падфарбоўкі скуры. А графічныя аркушы Таццяны Яновіч запрашаюць чытача ў іншыя вымярэнні жаночага ўнутранага свету. “Жанчыны-кветкі” — назва серыі фотапартрэтаў Алены Нікіфаравай.
Сярод новых імёнаў у экспазіцыі “Арт-лэдзі” — Наталля Чайка (канструктыўныя калажы), Наталля Чарнышова (аўтарскія лялькі ў гістарычных касцюмах). Першыя крокі ў мастацтве робяць Дар’я Грэкава, Іна Сафонава (графіка), Юлія Мітраховіч (кераміка), Людміла Кіслёнак (жывапіс).
Выстаўка фітадызайна “Сны” знаёміць з творчасцю Рыты Смірновай — майстра з Асіповічаў. Гэта больш за сто дэкаратыўных пано і аб’ёмных кампазіцый, выкананых з прыродных матэрыялаў. Прадстаўлены ў Бабруйскім мастацкім музеі і работы вучняў Рыты Леанідаўны.
Ала МАЛЬЦАВА, навуковы супрацоўнік Бабруйскага мастацкага музея