У Цэнтры сучасных мастацтваў якраз падчас нашай размовы адбываецца твая выстава «Крыжовы шлях. Дошка, аловак, акрыл», якая і стала нагодай для гутаркі. У экспазіцыі я ўбачыла дастаткова нечаканую выяўленчую сістэму: з аднаго боку, творы можна разглядаць як рэлігійны жывапіс, з іншага — як шчырыя і сучасныя артыстычныя развагі на рэлігійныя тэмы. Увядзенне графічных аркушаў з выявамі беларускіх гарадоў і мястэчак (ілюстрацыі да праекта «Магічная мапа») — яшчэ адзін даволі нестандартны пластычны ход у выбудове экспазіцыйнай прасторы. Аднак я асабіста практычна не бачыла тваіх прац. Гэта першая персанальная выстава?
— Здаецца, трэцяя. А ў Мінску — так, першая. У сталіцы я доўга не рашаўся выстаўляцца, таму што тут узнікае вялікая колькасць складаных арганізацыйных момантаў. Зладзіць выставу ў Цэнтры сучасных мастацтваў прапанавала Каміла Янушкевіч, яна і стала яе куратарам. Я пагадзіўся і пачаў думаць над канцэпцыяй.
Цыкл з чатырнаццаці карцін, выкананы акрылам на дошцы (назва праекта намякае на тэхніку працы), — вынік замовы?
— Так, насамрэч выстава складаецца з дзвюх замоваў. «Крыжовы шлях» — гэта чатырнаццаць дошак, распісаных для Лучайскага касцёла па просьбе ксяндза Мікалая Ліпскага. Пра вёску Лучаі я магу гаварыць бясконца: што месяц там адбываюцца фэсты, канцэрты, урачыстасці. Фактычна ксёндз стварае культурную прастору. І ён вырашыў размясціць сцэны Крыжовага шляху на вуліцы. Гэта традыцыйны сюжэт, які часта можна ўбачыць у касцёле...
Накшталт каплічак у вёсцы Мосар? Там з ініцыятывы ксяндза Юзафа Булькі за касцёлам былі размешчаны каплічкі з таямніцамі святога Ружанца, а на могілках — каплічкі са стацыямі Крыжовага шляху.
— Так, і гэта той жа рэгіён, а ксёндз Мікалай пэўны час працаваў разам з ксяндзом Булькам у Мосары. Зараз ён актыўна займаецца добраўпарадкаваннем старажытнага касцёла святога Тадэвуша ў Лучаях. Дык вось: «Крыжовы шлях» будзе знаходзіцца не на тэрыторыі касцёла, а на вясковых могілках у каплічках, якія б служылі своеасаблівай аховай. Гэтыя каплічкі пад 14 дошак з роспісамі робяцца адмыслова. У маёй серыі атрымаўся даволі пазітыўны, аптымістычны каларыт — якраз вельмі прыдатны для дэманстравання на вуліцы.
Я доўга не згаджаўся працаваць над тэмай Крыжовага шляху, але ўсё ж наважыўся. Не так даўно — акурат пад выставу — яго і завяршыў.
Мяне ўвогуле цікавяць розныя мадэлі выяўленчасці... Ці былі нейкія знешнія ці ўнутраныя абмежаванні пры стварэнні рэлігійнага цыклу?
— Я пісаў яго досыць доўга, бо рабіў перапынкі. Калі закончыў, задумаўся, што нечакана — разам з гэтым цыклам, прысвечаным Крыжоваму шляху, — уваходжу ва ўзрост Хрыста. Праца расцягнулася на некалькі гадоў. З іншага боку, яна і не мусіла быць хуткай. Так, ёсць абмежаванні, і найперш у маёй галаве, паколькі я заўсёды памятаў, што самае лепшае ў сакральным жывапісе даўно ўжо зроблена. Калі звярнуць увагу на нейкія сучасныя патугі ў рэлігійнай тэматыцы, то часам гэта выглядае папсова, часам эстэтычна непрымальна для мяне. Пасля я знайшоў тэалагічнае абгрунтаванне свайго дазволу на пісанне «Крыжовага шляху». Ёсць розныя спосабы выяўлення — галоўнае знайсці адпаведны. І ёсць меркаванні, што майстэрства мастаку часта можа замінаць.
Гэта быў мой уласны бар’ер, я яго пераадолеў. І рушыў у гэты шлях.
Якім чынам, праз які пошук ты прыйшоў да выніковай формы падачы рэлігійнага сюжэта — без кананічных рамак, з устаўкамі будзённых форм і сюжэтаў?
— Я люблю народны — уніяцкі — іканапіс, меў магчымасць з ім пазнаёміцца падчас працы рэстаўратарам у Музеі архітэктуры і побыту ў Строчыцах. Там былі добрыя калегі, выдатныя ўмовы працы і доступ да іканапісных сховішчаў. Гэтыя іконы — жыццярадасныя і непасрэдныя. Я ж ведаю свой характар і, пачынаючы працу над цыклам, разумеў, што не заўсёды змагу стрымаць і абмежаваць сябе нейкай строгай формай. Тобок на візантыйскі канон я амаль не арыентаваўся, толькі на народны іканапіс пазамінулага стагоддзя, пераважна ўніяцкі. Бо і краіна тады была ўніяцкая, а мас так — непасрэдны ў сваім выяўленні. Напрыклад, ён мог пабачыць гравюру з «Мадонны» Рафаэля, уразіцца і напісаць ікону пад яе ўздзеяннем. Наколькі хапала майстэрства. І ў гэтым шчырасць узаемаадносін паміж творцам і Богам — нібы паміж дзіцем і бацькам. Дзіця ў сям’і можа дазваляць сабе простыя словы. І я падумаў, што буду рабіць так, як умею, размаўляць на мове, зразумелай людзям, якія жывуць у вёсцы Лучаі. Каб не падманваць сябе.
Так я вырашаў мастацкія задачы «Крыжовага шляху».
А сам ты вернік?
— Каб не быў, то не ўзяўся б за замову. Ды і прапановы не ўзнікла б. З ксян дзом Мікалаем пазнаёміўся праз му зыку, і мы з гуртом «RECHA» аднойчы зладзілі ў Лучаях канцэрт. У тамтэйшым касцёле вельмі часта выступаюць многія знакамітыя гурты розных кірункаў. Увогуле Лучаі — гэта паралельная рэчаіснасць. Невялікая вёсачка, даволі далёкая ад Мінску, і там штомесяц адбываецца рокфэст. Тое мясціна Агінскага, і на замову айца Мікалая ў Лучаях зроблены помнік знакамітаму кампазітару, чакаецца дазвол, каб яго ўсталяваць. Гэта адна з замоваў, адна з частак выставы.
Другая нарадзілася з супрацоўніцтва з культурніцкай кампаніяй «Будзьма бе ларусамі». Я рабіў ілюстрацыі да літаратурнага праекта «Магічная мапа». У чым яго сутнасць? Самыя розныя людзі — нікому не вядомыя і вельмі знакамітыя паэты, пісьменнікі і мастакі — дасылалі свае лісты на «Будзьма...» з аповедамі пра ўлюбёныя мясціны краіны. Вулкі, дамкі, нейкая лава, помнік ці камянічка. Мая задача — чытаць гэтыя нарысы і рабіць замалёўкі. Калі апісаны аб’ект знаходзіўся паблізу, то можна было пад’ехаць і замаляваць яго з натуры, калі гэта далёкая вёсачка, то даводзілася шукаць фотаздымкі ці заклікаць сваё ўяўленне. Такім чынам я павандраваў па ўсёй Беларусі. Зараз здараюцца сітуацыі, што прыязджаю ў нейкае мястэчка ці вёсачку і разумею, што я тут ужо быў. Бо чытаў пра гэтую вулку і маляваў яе.
Чаму ў адным выставачным праекце ты вырашыў спалучыць такія розныя цыклы?
— Ілюстрацыі да «Магічнай мапы» вельмі маленькага фармату, і я вырашыў проста абклеіць імі сцены — як шпалерамі. Каб яны сталі такім жывым фонам да Крыжовага шляху. І ў мяне атрымалася нясенне крыжа па мястэчках, вулках, завулках. Я падумаў — чаму б і не? Крыжовы шлях дае водгук, адбіваецца і ў мастацтве, і ў жыцці чалавецтва. Гэтыя законы павінны функцыянаваць і на нашых вулках. Тут і бібліятэка, і помнік Леніну, і праспект — а пасярод гэтага крыж. Прынамсі, калі я расклаў працы двух цыклаў, ніякіх супярэчнасцей не ўбачыў. І так узнікла выстава з дзвюх замоваў.
Памятаю цябе з часоў гімназіі-каледжа і бачыла твой жывапіс на праглядах — ён выразна вылучаўся. Раптам становішся рэстаўратарам, гэта вельмі пакручасты шлях.
— З аднаго боку — шукаў сваё месца, з іншага — усё часта адбывалася выпадкова. У Акадэміі мастацтваў я правучыўся каля года. І мяне, дзякуй богу, выгналі. Тады мне было цяжка ацаніць вартасць гэтай падзеі. У Акадэміі я працаваў літаральна начамі, і чым больш маляваў, тым горш атрымлівалася. Дужа пераймаўся ўсім гэтым. Бо кафедра манументальна-дэкаратыўнага мастацтва вельмі мне падабалася. І я за час, што там правучыўся, засвоіў шмат розных тэхналогій і прыёмаў, якімі дасюль карыстаюся. Затым я вы рашыў завязаць з мастацтвам наогул, стаць шафёрам ці працоўным на заводзе. Аднак акурат тады пачаўся другі набор на кафедру рэстаўрацыі ва Універсітэце культуры і мастацтваў. Падаў дакументы і паступіў. Падчас навучання рэстаўрацыі пазнаёміўся з цікавымі рэчамі ў мастацтве. Пасля заканчэння папрацаваў у Музеі архітэктуры і побыту ў Строчыцах.
Там ты працаваў як мастак-рэстаўра тар. Але маляваць і пісаць карціны не кінуў?
— Так, шмат маляваў, нават браў прыватныя ўрокі. І вось толькі тады я пачаў атрымліваць асалоду ад малюнка з натуры, які за час вучобы стаў для мяне пакутай. Напэўна, у мастакоў без крызісаў не бывае, але пасля іх пачынаецца іншы этап. І я здолеў увесь свой эмацыйны багаж пераплавіць у творчасць. Стаў ездзіць на польскія пленэры, дзе вучыўся ў мастакоў з розных краін. Там я пакаштаваў сапраўднага мастацкага хлеба, калі не думаеш ні аб чым, толькі займаешся жывапісам ці графікай. У той вёсцы быў моцны рух супраціўлення падчас вайны, у які ўваходзіў святар, усіх іх знішчылі. І я падумаў, што гэта быў іх крыжовы шлях, і выканаў невялікую графічную працу. Таму «Крыжовы шлях» для вёскі Лучаі — не першы.
Мяне ўсё ж не перастае цікавіць пытанне, чаму ты не ўпісаўся ў акадэмічную сістэму навучання?
— Выкладчыкі зразумелі, што, можа, лепш даць чалавеку адстаўку. На адкрыццё гэтай выставы прыйшла мая настаўніца Раіса Паўлаўна Сіплевіч і расказала публіцы, маўляў, калі яна першы раз паставіла нацюрморт для паступіўшых дзяцей, то яны сталі выбіраць сабе лепшыя месцы. Прыйшоў Андрусь, узяў планшэт, сеў спінай да нацюрморта і пачаў маляваць.
У цябе даволі экзатычная біяграфія: выхоўваўся ў вёсцы...
— Так, мой дзядуля — выкладчык фізікі, бабуля — рускай мовы і літаратуры. Да 5 класа, да «Парната» я сапраўды жыў у вёсцы, там хадзіў у школу. Дзядуля меў свой музычны гурт у маладосці, іграў на мандаліне, баяне, гармоніку, спяваў. І бабуля мая спявае. Праўда, народныя песні яна не любіць, толькі ваенна-патрыятычныя. Дзядуля маляваў таксама, і не так, як я, а больш ахайна і строга, Акадэмію мастацтваў ён дакладна скончыў бы. Ён мяне падрыхтаваў да паступлення ў мастацкі каледж. Да таго часу ў дзяцінстве я маляваў абстрактныя карцінкі. Маці мяне заахвочвала.
Захапленне музыкай адтуль — з дзяцінства?
— Не, калі я быў малы, мяне аддалі ў музычную школу, я яе кінуў і перайшоў у мастацкую.
Паводле якога графіку будуецца твой дзень?
— Канцэрты, рэпетыцыі. Гэта ўсё з’ядае шмат часу, аднак мне падабаецца мой расклад: хочацца больш канцэртаў, больш выставаў і больш часу. Творчасць — мой спосаб жыцця, так я і жыву — праз музыку, праз жывапіс. Не часта экспануюся, але не ведаю, кім я буду, калі перастану маляваць. Ёсць розныя сферы мастацкай дзейнасці. Калі робіш нейкую замову, то ў гэтых межах знаходзішся, калі творчая праца... вядома, малюеш з разлікам на гледача, ты больш вольны... Калі я максімальна шчыры, то і гледачу гэта цікава. Адукацыя дазваляе апранаць розныя маскі і рабіць твор любога кшталту. Удала атрымліваецца тады, калі з’яўляешся сам сабой. Натуральна, ёсць пэўны баланс паміж мастацкай мовай, шчырасцю і пэўнай жывапіснай дысцыплінай. Каб праца выглядала ахайна, больш-менш гарманічна, падпарадкоўвалася пэўным за конам. Але гэтаму нас добра навучылі, і рух той амаль падсвядомы — яго не кантралюеш.
Для мяне самае каштоўнае ў мастацтве — гэта сам працэс стварэння, я часта імкнуся да эскізнасці. Мне падабаецца, калі можна прасачыць структуру работы ад алоўкавага накіда, ад пачатку працы да канца. Бачыць усю схему выбудоўвання кампазіцыі. Я імкнуся пакінуць след голай думкі, ці гэта будзе алоўкавая рыса, ці нават адарваны край аркуша. Мяне цікавіць аўтэнтычнасць...
Якія бліжэйшыя творчыя планы?
— Хацелася б гэтую выставу пакатаць, звазіць, напрыклад, у Германію, бо ёсць час да ўсталявання каплічак на Лучайскіх могілках.
...А далей будуць звычайныя лучайскія гледачы, а мастацтва зноў стане выконваць сваю непасрэдную функцыю — тлумачыць, натхняць і суцяшаць...