Расказвае рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталля Карчэўская:
— Акцэнт зроблены на патрыятычным выхаванні моладзі. Мы стараліся наблізіць творчую дзейнасць нашай установы да рэальнай практыкі, прадэманстраваць навучэнцам, што яны запатрабаваныя і на самых значных мерапрыемствах нашай дзяржавы, што іх стваральная праца ідзе на карысць краіны. Калектыў універсітэта ўдзельнічаў у вялікай колькасці праектаў: мы не толькі адгукаліся на ўсе запрашэнні, але і самі многае ініцыявалі. Усё пералічыць немагчыма, але з самых значных можна вылучыць удзел нашых студэнтаў і выкладчыкаў у канцэрце да Усебеларускага народнага сходу, у канцэрце 9 мая на Плошчы Перамогі ў Мінску, у адзначэнні даты 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны… З нашым удзелам быў падрыхтаваны цэлы шэраг праектаў да Дня незалежнасці, нашы навучэнцы былі і адной з асноўных творчых сіл у адзначэнні Дня народнага адзінства 17 верасня.
Акрамя таго, летась мы рэалізавалі тры гранты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне культуры, правялі шэраг нашых традыцыйных мерапрыемстваў — такіх, напрыклад, як справаздачныя канцэрты кафедраў, але з тэматычнай скіраванасцю да Года народнага адзінства і з выхадам да больш шырокай публікі. Да ўдзелу ў канцэртах мы запрашалі калектывы не толькі нашага ўніверсітэта. Напрыклад, у веснавым канцэрце духавой музыкі “Гучаць фанфары Беларусі”, што праходзіў у наноў адкрытым Спартыўна-культурным комплексе БДУКМ, выступалі і прадстаўнікі нашай кафедры духавой музыкі, і лепшыя духавыя аркестры краіны, танцавальныя і харавыя калектывы. Мы няспынна паказваем, што нашы студэнты, наша творчая моладзь — таленавітая і запатрабаваная. Тут можна згадаць і тое, што студэнты Універсітэта культуры і мастацтваў сталі асновай акцёрскай трупы Купалаўскага тэатра.
Высокай прэміяй быў ацэнены ўвесь комплекс зробленага нашым калектывам — магу смела сказаць, што няма ніводнага больш-менш значнага праекта ў краіне, у якім студэнты і супрацоўнікі ўніверсітэта не прымалі б удзел. Несумненна, адзначана і работа нашага валанцёрскага клуба “СЛОН”, які ладзіць творчыя мерапрыемствы для дзяцей у дамах-інтэрнатах, для дзяцей-сірот і дзяцей інвалідаў, працуе ў дамах ветэранаў, выступае для дзяцей ваеннаслужачых. Акрамя чыста навучальнай, ва ўніверсітэце вядзецца вялікая і вельмі разнапланавая работа. У ёй задзейнічаны сапраўды ўвесь калектыў нашай установы, і гэтая прэмія — наша агульная ўзнагарода.