Гэта хрысціянская абшчына заснавана па ініцыятыве ўрачоў і людзей з анкалагічнымі захворваннямі. З 2012 года туды прыходзяць, каб звярнуцца з малітвай да Божай Маці перад праслаўленым абразом — спіскам іконы «Усецарыца». Яна шануецца на Афоне і па ўсім свеце за шматлікія цудоўныя вылячэнні. Настаяцель прыхода падтрымлівае пацыентаў гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера, навукова-практычнага цэнтра рэабілітацыі і бальніцы паліятыўнага догляду. Свяшчэннік ідзе да тых, хто адчувае патрэбу ў малітве, словах суцяшэння або споведзі і сабораванні. Дапамагаюць пацыентам і прыхаджане: збіраюць бытавыя і гігіенічныя сродкі для лячэбных устаноў, даглядаюць ляжачых.
З 2014 года протаіерэй Кірыл Шолкаў стаіць на чале дабрачыннай дзейнасці Беларускай Праваслаўнай Царквы. Пад яго кіраўніцтвам духавенства і вернікі ладзяць праекты па падтрымцы хоспісаў, дамоў дзіцяці, інтэрнатаў для людзей з інваліднасцю і пажылых.
— На сацыяльнае служэнне наклала адбітак пандэмія. Узмацніліся правілы бяспекі, часам па аб’ектыўных прычынах мы не можым трапіць ва ўстановы, — расказвае протаіерэй Кірыл Шолкаў. — Але мы не спыняемся, бо пацыенты чакаюць нас. Даводзіцца часам апранаць сродкі аховы і ісці ў чырвоныя зоны бальніц. Таксама падчас пандэміі з’явілася група аўтадапамогі: ахвотныя дастаўляюць прадуктовыя наборы тым, хто не можа пакінуць кватэру праз праблемы са здароўем.
Шосты год запар дабрачынны праваслаўны рух зладзіў праект «У чаканні калядных цудаў». Напярэдадні свята Нараджэння Хрыстова падрыхтавалі падарункі для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія знаходзяцца ў хоспісах і паліятыўных палатах дамоў дзіцяці. Днямі праект завяршыўся сумесным візітам мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі і міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча ў сталічны дом дзіцяці №1. Акрамя персанальных падарункаў, сабраных падчас акцыі, госці перадалі ўстанове канцэнтратар кіслароду.
На яшчэ адзін апарат плануе адправіць сваю грашовую прэмію каардынатар згаданых праектаў протаіерэй Кірыл Шолкаў. Дарэчы, узнагароду ён успрымае як доказ цеснага супрацоўніцтва царквы і ўлады: «Сацыяльнае служэнне складанае без дапамогі дзяржавы. І дзяржава таксама не можа ахапіць кожную сферу жыцця без сувязі з царквой. Нягледзячы на розныя выклікі, у нас склалася выдатнае супрацоўніцтва. Пра гэта сведчыць прэмія, якой адзначаны нашы калектыўныя намаганні».