Як распавяла дырэктар Цэнтра Юлія Глебік, сёлета спаўняецца пяцьдзясят год з дня заснавання Паста Памяці Брэсцкай крэпасці. Сёння гэты праект уяўляе сабой цэласную сістэму работы ўсіх устаноў адукацыі Брэста па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі і захаванні гістарычнай памяці аб подзвігу нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Навучэнцы нясуць ганаровую вахту памяці ля Вечнага агню Брэсцкай крэпасці, вывучаюць гісторыю абароны крэпасці і Вялікай Айчыннай вайны ў цэлым, выконваюць ролю экскурсаводаў у музеі “Хлапчукі бессмяротнага Брэста”, які дзейнічае каля Паста Памяці і прысвечаны выхаванцам музыканцкіх узводаў гарнізона Брэсцкай крэпасці. Музей адкрыўся пасля рэканструкцыі ў 2020 годзе, з абноўленай экспазіцыі можна даведацца аб гісторыі будаўніцтва Брэсцкай крэпасці і яе абарончых аб’ектаў у ХIХ — пачатку ХХ стагоддзяў, аб страшных днях гераічнай абароны ў чэрвені 1941 года, аб подзвігу юных абаронцаў і трагедыі членаў сем’яў камандзіраў гарнізона крэпасці.
Таксама падлеткі займаюцца страявой падрыхтоўкай, наведваюць усе музеі, размешчаныя на тэрыторыі крэпасці. Навучэнцы ўсіх устаноў сярэдняй адукацыі Брэста абавязкова раз на год прымаюць удзел у ганаровай вахце на Пасту Памяці. Акрамя таго, у рамках праекта падлеткі займаюцца пошукавай дзейнасцю, сустракаюцца з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны або членамі іх сем’яў. Наогул жа за час існавання Паста Памяці ў ганаровай вахце на ім стаялі ўжо каля ста тысяч жыхароў Брэста — прадстаўнікі некалькіх пакаленняў.