— Конкурс у Маладзечне мае свае асаблівасці, — выказвае сваё меркаванне Алег Мікалаевіч. — Удзельнікі павінны выканаць тут дзве песні на беларускай мове. А яны ёсць далёка не ва ўсіх! Канкурсантамі становяцца пераважна навучэнцы эстрадных студый, якіх у краіне багата, каледжаў мастацтваў. Ва ўсіх іх у рэпертуары ёсць два — тры рускамоўныя хіты, як мінімум тры сусветныя, а беларуская песня — адна. Справа ў тым, што замежная эстрада для вучэбнага працэсу — самая, бадай, прыдатная. Там складаныя мелодыі, якія можна і трэба вучыць для пераадолення цяжкасцяў і падвышэння майстэрства. Мінусоўкі такіх кампазіцый, прычым вельмі якасныя, можна знайсці наўпрост у інтэрнэце. І публіка такі рэпертуар прымае выдатна! Вось і атрымліваецца, што да Маладзечна не даязджаюць многія моцныя спевакі, якіх я бачу на іншых конкурсаў (балазе, разнастайных творчых спаборніцтваў такога кшталту апошнім часам багата). Дык якое можа быць выйсце?
Сёлетні фестываль атрымаў беспрэцэдэнтнае па сваёй шырыні і ўсеахопнасці асвятленне ў прэсе. Калі так захаваецца надалей, гэта выклікае да фестывалю яшчэ большую ўвагу з боку не толькі публікі, але і патэнцыйных канкурсантаў. Эстрадныя спевакі — народ, у добрым сэнсе гэтага слова, кан’юнктурны. Яны ўкладуць грошы і сілы ў некалькі беларускіх песень, калі тым жа пераможцам даць магчымасць выступіць у канцэртах адкрыцця ці закрыцця, якія глядзіць без малога ўся рэспубліка.
Яшчэ адна мая прапанова, з якой я хачу звярнуцца да арганізатараў, — зрабіць гэты конкурс адкрытым. Надацце такога статусу дазволіць прымаць у ім удзел тым жа кітайцам, расіянам, прадстаўнікам іншых краін, многія з якіх, дарэчы, займаюцца ў нашых вучэбных установа. Калі за мэту конкурсу і фестывалю мы лічым папулярызацыю беларускай песні і паэзіі, дык чаму тая папулярызацыя павінна распаўсюджвацца толькі на нас саміх? Ці ж не час падумаць пра іншых? Умовы застануцца тымі ж — дзве беларускамоўныя песні. Уяўляеце, як цікава будзе пачуць іх ад іншаземцаў? А для тых прыемным бонусам можа стаць само выступленне з такім легендарным калектывам, як Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр. Усё гэта дасі конкурсу і фестывалю магутны імпульс і прывядзе іх да новых вяршыняў.