СУПЕРАЖЫВАЦЬ І ДУМАЦЬ
Цэнтральнае месца на фестывалі — у Асноўнага конкурсу ігравога кіно, які сабраў нямала гучных, ужо адзначаных прызамі прэстыжных фестываляў стужак: драматычных, падчас трагічных, якія прымушаюць суперажываць, прымушаюць думаць. “Гэта не глядацкі мэйнстрым, — гаворыць праграмны дырэктар конкурсу кіназнаўца Алег Сільвановіч. — Жанравая прырода ў фільмаў розная, але ўсе яны з’яўляюцца фестывальнымі па сваім духу”.
Гледачы і журы на чале з расійскім рэжысёрам і прадзюсарам Рэнатам Даўляцьяравым убачаць 13 фільмаў, самы вялікі рэзананс сярод якіх мела, напэўна, ірана-французская стужка “Герой” іранскага рэжысёра Асгара Фархадзі: сёлета фільм атрымаў Гран-пры журы на славутым Канскім фестывалі. Сам рэжысёр, акрамя ўзнагарод на прэстыжных фестывалях, двойчы адзначаны і прэміяй “Оскар”. Герой новага фільма Асгара Фархадзі — бедны каліграф Рахім, што прагарэў у бізнесе і трапіў у турму, бо не меў магчымасці вярнуць грошы. І тут ён знаходзіць жаночую сумку з залатымі манетамі, бачыць у гэтым нябесны знак і вырашае вярнуць сумку гаспадыні. Пра яго ўчынак даведваюцца журналісты… Атрымалася сучасная сацыяльная драма з духам усходніх казак. Праз фільм “Герой” можна пазнаёміцца з жыццём простых жыхароў Ірана — краіны, якая па многіх прычынах не вельмі даступная староннім поглядам.
Даволі гучнай стала ўжо і германа-аўстрыйская драма “Каралеўская гульня” рэжысёра Філіпа Шцёльцля. Шцёльцль вядомы і як рэжысёр кліпаў для сусветных зорак, і як оперны рэжысёр. Яго самы апошні фільм “Каралеўская гульня” паводле твора Стэфана Цвейга “Шахматная навела” атрымаў сем намінацый на прэмію Нямецкай кінаакадэміі. Гэта і драма, і трылер. Аповед вяртае гледача на пачатак 30-х гадоў у Аўстрыю, у якую прыходзіць нямецкая нацыянал-сацыялістычная ўлада. Паспяховага юрыста Бартака, які ведае шыфры, што вядуць да вялікіх грошай, гестапа катуе адзіночным заключэннем у нумары гатэля. І тут у рукі яму трапляе падручнік па шахматах… Як кажа прадзюсар фільма Тобіяс Уолкер: “Гэта гісторыя пра чалавека, які змагаецца з абсалютным злом”.
Адной з асаблівасцей сёлетняй конкурснай праграмы ігравога кіно Алег Сільвановіч называе прысутнасць цэлага шэрагу фільмаў, якія гавораць пра лёс маладых жанчын у сучасным грамадстве сваіх краін, пра ментальныя, сацыяльныя, рэлігійныя абмежаванні, з якімі яны сутыкаюцца і якія часта прыводзяць да трагедыі. Гэта тэма, якую “мужчынскі” кінематограф мінулага стагоддзя практычна не хацеў кранаць, а цяпер рэжысёры-жанчыны — як у дадзеным выпадку — пачынаюць гаварыць, і гаварыць гучна. У пэўны блок аб’ядноўваюцца “Юні” з Інданезіі (рэж. Каміла Андзіні), “Сястрынства” з Паўночнай Македоніі (рэж. Дзіна Дума) і “Мая ноч” з Францыі (рэж. Антуанэта Була). Стужка маладога, але ўжо знакамітага рэжысёра з Інданезіі Камілы Андзіні “Юні” перамагла на адной з платформ на Міжнародным кінафестывалі ў Таронта, была абрана як лепшы фільм Інданезіі на прэмію “Оскар”. Гераіня — юная дзяўчына, якая хоча атрымаць адукацыю, зрабіць кар’еру. Але традыцыі і грамадства прымушаюць яе выйсці замуж… Гісторыя не проста драматычная, але і трагічная. “Сястрынства” — пра сяброўства дзвюх дзяўчынак-падлеткаў і жахлівыя наступствы іх дзеянняў. 18-гадовая гераіня французска-бельгійскага фільма “Мая ноч” цяжка перажывае страту сястры і ідзе блукаць па Парыжы, каб забыцца пра свой боль. У гэты ж жаночы блок можна ўключыць і стужку з Венесуэлы “Унутранае ззянне” рэжысёраў Андрэса і Луіса Радрыгесаў, хоць гераіня і больш дарослая: фільм быў у конкурсе сёлетняга Маскоўскага міжнароднага кінафестывалю. Беспрацоўная маці-адзіночка даведваецца пра свой смяротны дыягназ і пачынае шукаць, хто зможа паклапаціцца пра яе маленькую дачку. Калі ніякіх родных не знайшлося, яна рашаецца на адчайны ўчынак… Фільм пра подзвіг жанчыны, паводле слоў яго стваральнікаў.
“Сем маленькіх супадзенняў” венгерскага рэжысёра Петэра Готара парадуе аматараў інтэлектуальных галаваломак. Гераіня фільма — настаўніца музыкі, чый свет перакульваецца з ног да галавы, калі ў яе жыццё вяртаецца адна з былых вучаніц. “Эстэцкая і камерная карціна”, паводле выразу Алега Сільвановіча, — “Рака” ліванскага рэжысёра Гасана Салаба, дзеянне ў якой адбываецца на фоне сучаснага пасляваеннага жыцця Лівана.
Яскравая стужка “Агонь” прадстаўляе ў конкурсе Казахстан: яе зняла рэжысёр Айжан Касымбек. Папулярны акцёр Талепберген Байсакалаў атрымаў прызы за лепшую ролю на кінафестывалі азіяцкага кіно ў Лос-Анджэлесе, на фестывалі ў Сочы, і г. д. Галоўны герой Толік у імкненні пракарміць вялікую сям’ю трапляе ў чараду прыгод, якая прыводзіць да вельмі нечаканых вынікаў. Будзе ў конкурсе і дзве работы з Кітая: “Ідучы за яе ценем” рэжысёра Пэн Фэй — гісторыя амаль 60-гадовых стасункаў маці і дачкі, укладзеная ў сюжэт, як састарэлая маці шукае зніклую з яе жыцця дачку, і “Вуліца” рэжысёра На Джазіо — у цэнтры сюжэта юнак, які ў вялікім горадзе спрабуе выжыць, зарабіць грошы, наладзіць стасункі ў сям’і.
Увага гледачоў, несумненна, будзе звернута і на расійскі фільм “Дзень мёртвых” рэжысёра Віктара Рыжакова — у стужцы зняліся папулярныя акцёры, у галоўнай ролі — Аляксандр Паль. Пра тое, як маці і сын у бацькоўскую суботу накіроўваюцца ў вандроўку па пяці могілках. Па дарозе ім давядзецца разабрацца ў сваіх стасунках. Гэта таксама драма, як і большасць фільмаў у конкурсе. Убачым мы і фільм з Узбекістана “Ілхак” рэжысёра Жахангіра Ахмедава — у яго аснову пакладзена рэальная гісторыя маці, якая ў час Вялікай Айчыннай вайны страціла пяцёх сыноў. Пастановачныя ваенныя кадры здымаліся на натурнай пляцоўцы “Беларусьфільма”.
“Склалася годная праграма, безумоўна, вартая ўвагі і прафесійных кінематаграфістаў, і гледачоў, — падсумоўвае праграмны дырэктар конкурсу Алег Сільвановіч. — Праграма без паддаўкоў для гледача, праграма, якую ацэняць кінаманы, праграма менавіта сучаснага мастацкага кінематографа”.
НЕ ТОЛЬКІ КАЗКІ, АЛЕ І ДРАМЫ
Конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік” працу пачне самым першым — яшчэ нават да адкрыцця ўсяго фестывалю ў вечар 20 лістапада ў сталічным кінатэатры “Масква”. Апоўдні ў гэтую суботу ў кінатэатры “Піянер” пройдзе адкрыццё “Лістападзіка” з пазаконкурсным паказам беларускага анімацыйнага мюзікла “Зоркі сёмага неба” рэжысёра Алены Туравай, а ўжо ў 14 гадзін стартуюць і першыя конкурсныя паказы — падборкай кароткаметражных анімацыйных стужак, сярод якіх і дзве беларускія — “Я тайну ў глыбіні душы хаваю…” рэжысёра Алены Пяткевіч і “Прэлюдыя і фуга” рэжысёра Ігара Воўчака: для абодвух беларускіх фільмаў гэта будзе прэм’ера. Фільм Алены Пяткевіч прысвечаны жыццю і творчасці паэта Максіма Багдановіча, “Прэлюдыя і фуга” — успамінам рэжысёра пра ўласнае дзяцінства і савецкую эпоху. (Падрабязна пра прадстаўнікоў Беларусі ў конкурсе фестывалю “Лістапад” можна прачытаць у мінулым нумары “Культуры”). Паводле слоў праграмнага дырэктара “Лістападзіка” мастацтвазнаўцы Антаніны Карпілавай, падыход да фарміравання конкурснай праграмы застаўся традыцыйным — мастацкая якасць, актуальнасць тэматыкі і, безумоўна, пазітыўны пачатак, які вельмі важны для свету дзяцінства. Усяго ў конкурсе 13 карцін, большасць з якіх ужо былі адзначаны ўзнагародамі на міжнародных фестывалях. З іх тры поўнаметражныя ігравыя стужкі і тры поўнаметражныя анімацыйныя.
Як расказвае Антаніна Карпілава, вельмі важным яна лічыла прысутнасць у конкурсе работ з краін, маючых найвышэйшы аўтарытэт у свеце дзіцячага і анімацыйнага кіно, — напрыклад, Эстоніі, якая славіцца сваёй школай анімацыі і дзе многія творцы могуць назваць сябе вучнямі сусветна славутага майстра Прыйта Пярна, і Чэхіі, што даўно задае тон у дзіцячым ігравым і анімацыйным кіно. Такім чынам, гледачы і члены журы ўбачаць два эстонскія фільмы і адзін чэшскі. Назву фільму “Сіпсік” дала ажыўшая лялька, прыдуманая пісьменнікам Эна Раўдам, якая даўно з’яўляецца адным з сімвалаў эстонскай дзіцячай літаратуры і кніга пра якую была папулярнай яшчэ ў савецкіх дзяцей. Паводле сюжэта, лялька Сіпсік становіцца лепшай сяброўкай для маленькай дзяўчынкі, з якой разам яны перажываюць захапляльныя прыгоды. Стужка ўжо мае насычаную фестывальную гісторыю, паспяховы пракатны лёс і добрыя зборы як у Эстоніі з Расіяй, так і ў іншых краінах свету. Рэжысёры — Меліс Арулеп і Карстэн Кілеріх. Другая эстонская карціна — “Поўны рот вады” рэжысёра Сіма Раўда — пяціхвілінны забаўны мультфільм пра невялічкае здарэнне.
Вялікую ўвагу ў публікі, несумненна, выкліча чэшская поўнаметражная анімацыя “Нават мышы трапляюць у рай” рэжысёраў Яна Бубенічака і Дэнізы Грымавай. Гэта лялечны фільм, якімі заўсёды славілася Чэхія. Прэм’ера адбылася толькі паўтара месяцы таму, але зборы ў пракаце ўжо вельмі ўнушальныя. Сюжэт захапляльны: два смяротныя ворагі — мышаня і ліс — трапляюць у рай і там становяцца лепшымі сябрамі. Але іх чакае вяртанне ў зямное жыццё, а ў новым жыцці яны памяняюцца ролямі. “Нават мышы трапляюць у рай” стаў найлепшым анімацыйным фільмам на прэстыжным Шанхайскім кінафестывалі, а зараз намінаваны на прэмію Еўрапейскай кінаакадэміі ў катэгорыі “Лепшы поўнаметражны анімацыйны фільм”. Яшчэ адзін гучны поўнаметражны анімацыйны фільм — з Кітая, “Белая змяя 2” (“Зялёная змяя”): фэнтэзі-баявік, адзін з цэлай серыі, заснаваны на кітайскай міфалогіі і традыцыях, з традыцыйнымі баявымі адзінаборствамі. Гэта гісторыя пра тое, як адна сястра імкнецца выратаваць другую і як на гэтым шляху яны сустракаюць розных дзіўных пачвар. Стужка доўжыцца больш за дзве гадзіны, паказвацца будзе ў 3D-фармаце. А ў пазаконкурснай праграме ва ўмяшчальнай зале Дома кіно гледачы пабачаць першую частку — “Белая змяя”.
Сярод найбольш аўтарытэтных у свеце дзіцячага кіно краін — Германія. “Маленькія чараўніцы” — поўнаметражны ігравы фільм рэжысёра Свена Унтэрвальдта з ужо вельмі высокім рэйтынгам на ўсіх кінафорумах. Гэта казка, фэнтэзі пра чатырох сясцёр: на першы погляд яны звычайныя школьніцы, але насамрэч валодаюць чароўным дарам.
Не толькі казкі, але і сацыяльнае, драматычнае кіно ёсць у праграме “Лістападзіка”: гаворка пра іранскі і расійскі фільмы. Карціна “Новенькі” рэжысёра Аляксандра Куляміна — школьная драма. Галоўны герой — хлопчык, што прыходзіць у 11-ы клас у школу, дзе яго ніхто не ведае: ён хавае ад аднакласнікаў, што мае анкалагічнае захворванне. Зусім нядаўна “Новенькі” атрымаў галоўную ўзнагароду на расійскім фестывалі “Кінашок” у Анапе як найлепшы дзіцячы фільм. Іранская стужка “Рыба і лужа” рэжысёра Алі Бараці — пра падлетка, які адначасова і геній, але якога з-за дрэнных паводзін выключылі са школы.
Разнастайная як калейдаскоп падборка кароткаметражных анімацыйных стужак таксама ўдзельнічае ў конкурсе. Вельмі кранальны мультфільм “Вечнае полымя” з В’етнама, пакуль малавядомага на карце сусветнай анімацыі, — пра любоў жураўля да сваёй сяброўкі. Венгерскі “Томі і львяня” — пра сяброўства хлопчыка і львяня. “Папа вялікі, я — маленькі” — гэта мініяцюрная італа-расійская гісторыя, як маленькая дзяўчынка чакае бацьку-марака. Расійская таксама караценькая стужка “Бу!” — дынамічная і эксцэнтрычная.
Пераможцы “Лістападзіка” стануць вядомымі 23 лістапада на ўрачыстай цырымоніі ў кінатэатры “Піянер”. Журы ўзначальвае актрыса Ірына Шаўчук, віцэ-прэзідэнт і генеральны дырэктар адкрытага фестывалю кіно краін СНД і Балтыі “Кінашок”.
КІНО ЗАЎТРАШНЯГА ДНЯ
Найбольшая колькасць фільмаў — у Конкурсе маладзёжнага кіно “Кіно маладых”: на прызы будуць прэтэндаваць 22 стужкі, пароўну падзеленыя на кароткаметражныя і поўнаметражныя. У асноўным гэта дэбютныя карціны, у якіх ёсць эксперымент, наватарства, пошук новай кінамовы. Праграмны дырэктар конкурсу Дзмітрый Марынін — рэжысёр, сцэнарыст і прадзюсар — кажа: “Я ставіў задачу сабраць кіно заўтрашняга дня і тых, хто сёння толькі пачынае, але заўтра ўзначаліць рэйтынгі. Хацелася запрашаць фільмы, дзе рэжысёры парушаюць усе нудныя правілы з падручнікаў, ці хаця б імкнуцца іх парушаць”. Дзмітрый Марынін адзначае тэндэнцыю сярод новага пакалення рэжысёраў — змешваць жанры і ствараць новыя. Беларусь у гэтай намінацыі прадстаўлена 8-хвілінным фільмам “Дарога”, які сапраўды адпавядае ўсяму сказанаму — наватарства, свая кінамова. Стужка студэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Кірыла Халецкага ў нядаўнім часе ўжо атрымала шэраг узнагарод на беларускіх і міжнародных кінафестывалях і цалкам можа прэтэндаваць на перамогу і гэтым разам.
І ў “Кіно маладых” можна казаць, што “Лістапад” — “фестываль фестываляў”: большасць фільмаў ужо была адзначана ўзнагародамі ці проста ўдзельнічала ў іншых вялікіх кінафорумах. Увагу аматараў і знаўцаў кіно, канешне, у першую чаргу прыцягнуць грузінскі фільм “Што мы бачым, калі глядзім на неба” рэжысёра Аляксандра Каберыдзэ і швейцарскі “Дзяўчына і павук” рэжысёраў братоў Цюрхераў: першы атрымаў прыз FIPRESCI на сёлетнім Берлінскім кінафестывалі — адным з самых прэстыжных у свеце, другі там жа — прыз за лепшую рэжысуру ў секцыі Encounters. Грузінскі фільм расказвае неверагодную гісторыю пра закаханых, якія абмяняліся целамі і цяпер не могуць пазнаць адно аднаго. “Гімн летняму Кутаісі” — так кажуць пра гэтую стужку, бо дзеянне адбываецца ў рэальным горадзе. “Фільм напоўнены сімваламі і знакамі, а імкненне вынайсці нейкі ўласны новы сімвал ёсць ва ўсіх конкурсных фільмах”, — гаворыць Дзмітрый Марынін. Адзначае ён і тое, што ў многіх адабраных стужках прысутнічае фантастычны элемент, нешта неверагоднае і трохі казачнае. Але ж не ў фільме “Дзяўчына і павук” з цалкам звычайнай на першы погляд гісторыяй пра тое, як дзве сяброўкі, што жылі ў адной кватэры, вырашылі раз’ехацца — тут і пачалі раскрывацца сапраўдныя глыбіні чалавечых узаемаадносін. Месяц таму стужка Рамона і Сільвана Цюрхераў атрымала Гран-пры ІІ Міжнароднага фестывалю дэбютнага кіно ў Санкт-Пецярбургу.
На сёлетнім Маскоўскім міжнародным кінафестывалі яскрава адзначыліся ў асноўным конкурсе кубінская і іранская стужкі. “Блакітнае сэрца” рэжысёра Мігеля Каюлы — на тэму сакрэтных эксперыментаў Фідэля Кастра з геннай інжынерыяй, пасля чаго на Кубе з’явіліся мутанты-звышлюдзі. Карціна іранскага рэжысёра Нушына Мераджы “Сын” (прыз Маскоўскага кінафестывалю за лепшую мужчынскую ролю) — гэта дзіўная трагікамедыя пра дарослага мужчыну, які пасля смерці маці пачынае выбудоўваць адносіны са светам і з людзьмі. Нігерыйскі фільм “Джу-Джу” быў адзначаны на фестывалі ў Лакарна — у Нігерыі кінематограф зараз хутка развіваецца і прымушае казаць пра сябе ў свеце. Джу-джу — мясцовая магія, і ў фільме тры гісторыі з жыцця сучаснага Лагоса. Найбольш разлічанымі на масавую глядацкую аўдыторыю можна назваць французскую стужку “Лулу” рэжысёра Юбера Віля — пра маладую настаўніцу, якая імкнецца разгадаць, чаму ўспаміны пра сям’ю прымушаюць яе пакутваць, і чэшска-славацка-славенскі фільм “Птушыны атлас” (кароткі метр) рэжысёра Алмо Амерзу — пра сям’ю, што кіруе ўласным бізнесам і сярод сваіх шукае таго, хто скраў грошы. Камбаджыйскі фільм “Белы будынак” рэжысёра Неанга Кавіча быў сёлета на Венецыянскім кінафестывалі і ў конкурсе “Далягляды” атрымаў прыз за лепшую мужчынскую ролю — ён пра сучасных людзей у Пнампені.
Падборка кароткаметражых стужак — прычым хронаметраж вагаецца ад 5 да 45 хвілін — завабіць гледачоў разнастайнасцю і незвычайнасцю. Фільм з Таджыкістана “Абуза” рэжысёра Манзаралі Шэралі распавядае пра ўзаемаадносіны ў сучаснай сям’і і грамадстве. Індыйскі “Ад дзвярэй да дзвярэй” — пра тое, як любоў да кіно аб’ядноўвае індыйца і афганца ў чужой краіне. Прадстаўлены работы з Азербайджана, В’етнама, Аўстраліі, Кітая. Ёсць цэлая нізка расійскіх стужак, нейкія з іх — гэта курсавыя ці дыпломныя работы, нейкія — дэбют у рэжысуры людзей, што кіно ў іншай якасці займаюцца даўно. “Пхенц” — паводле аднайменнага апавядання Абрама Тэрца, “Схаваны космас” — аб праге да космасу, “Ія” — пяшчотная гісторыя сталення, “Белы гетэрасэксуальны мужчына” — пра тое, як імкліва змяняе свет новая этыка… Стужку “Здыміце Машу” (існуе і аналагічны інтэрнэт-серыял) рэжысёра Крысціны Барэйка можна часткова назваць і беларускай, бо спрадзюсіравала фільм і знялася ў галоўнай ролі беларуская актрыса, выпускніца нашай Акадэміі мастацтваў Яніна Мелехава: у фільме распавядаецца пра тое, як у пандэмійныя часы і маскоўскі лакдаўн здымаецца кіно.
Журы Конкурсу маладзёжнага кіно “Кіно маладых” узначальвае расійскі рэжысёр і прадзюсар Аляксей Цяльноў.