Меладрама, камедыя, дэтэктыў...
Чаму так складася, што большасць жыхароў Беларусі значна лепш ведаюць пра жыццё расійскіх паэтаў і пісьменнікаў, чым пра сваіх родных? Мабыць, справа тут не толькі ў тым, што ў нашых школах творчасць першых часцяком выкладаюць як нейкую вяршыню сусветнай культуры, а другіх — як нешта местачковае, другаснае.
Варта прыгадаць, што за апошняе дзесяцігоддзе ў Расіі былі знятыя новыя захапляльныя фільмы і нават серыялы пра Пушкіна, Лермантава, Дастаеўскага, Гогаля, Ясеніна... Прычым фільмы гэтыя сучасныя ва ўсіх сэнсах слова, і класікі там — не бронзавыя ідалы, а жывыя людзі, чые несмяротныя творы нараджаліся ў неверагоднай буры жыццёвых падзей і ўнутраных хістанняў, пачуццяў і страсцей. Постаці з падручніка там выяўленыя зусім не як беспахібныя героі: яны сумняюцца, здзяйсняюць памылкі, а часам нават дрэнныя ўчынкі. Як і кожны смяротны.
І тут, напэўна, крыецца галоўная прычына пройгрышу нашых класікаў іх расійскім калегам. Мы практычна нічога не ведаем пра жыццё тых людзей, якія стваралі беларускую літаратуру. А часам і не хочам ведаць, бо яны нам здаюцца не вартымі ўвагі. Пасля засваення школьнай праграмы айчынныя класікі ўяўляюцца многім нейкімі дзівакамі не ад гэтага свету, якія ў вышыванках брыдуць па полі за драўлянай сахою, думаючы выключна пра тое, як бы палепшыць жыццё цёмнага мужыка... Ну і каму гэта цяпер цікава?
Хаця насамрэч у іх былі такія лёсы, што не трэба нічога і выдумляць — бяры ды пішы эпічны раман ці сцэнарый для серыяла. Прычым у ім будуць спалучацца самыя розныя жанры — і меладрама, і камедыя, і дэтэктыў. Даю гарантыі — гледачы не занудзяцца!
Тым болей, параўнальна з жыццём Вінцэнта-Якуба Марцінкевіча, пры жыцці больш вядомага як Вікенцій Дунін-Марцінкевіч (яго падвойнае прозвішча — гэта адмысловая гісторыя) і яго сваякоў многія выдуманыя серыяльнымі сцэнарыстамі гісторыі пададуцца бляклымі.
Шчаслівы білет Яна
Што ж у першую чаргу ўспамінаецца са школьнай праграмы пра пачынальніка новай беларускай літаратуры? Яго беднае сіроцкае і нават напаўгалоднае дзяцінства. Але сёння мы можам сцвярджаць: сіратой ён не быў. Яго маці памерла ў фальварку Юзафова 20 чэрвеня 1830 года ва ўзросце 62 гады. Вікенцію тады ўжо ішоў 23-ці год. Пахаваная яна на каталіцкіх могілках у Глуску. Ды і грошай ёй хапала не толькі на ежу, але і на тое, каб даваць іх у пазыку суседзям.
А вось бацька сапраўды памёр, калі Вікенцію было ўсяго 3 месяцы. Што мы ведаем пра Яна Марцінкевіча? Перад вачыма малюецца збяднелы шляхціц, які ў сялянскай вопратцы арэ арандаваную зямлю ў Панюшкавічах, час ад часу прамаўляючы народныя мудрасці кшталту “Гаспадарку весці — галавой і кішэняй трэсці”.
Але я быў бы схільны пачаць стужку пра сям’ю Марцінкевічаў зусім з іншых краявідаў — з бліскучых сталіц: Вільні і Санкт-Пецярбурга. Бо менавіта з імі і звязана большая частка жыцця, а знакамітыя Панюшкавічы — усяго толькі выпадковы эпізод у іх біяграфіі і нават геаграфіі. Увогуле, на карту Беларусі мы можам нанесці з дзясятак новых месцаў, звязаных з гэтым родам.
Справа ў тым, што Яну Марцінкевічу удалося выцягнуць шчаслівы білет. На пачатку 1770-х ён ажаніўся з Людовікай Рыкачэўскай — дзяўчынай, дзядзька якой неўзабаве стане адным з найуплывовых людзей велізарнай імперыі — мітрапаліта ўсіх рымска-каталіцкіх касцёлаў Расіі. Тады, у момант жаніцьбы, ніхто не мог прадбачыць такі ўзлёт кар’еры Станіслава Богуша-Сестранцэвіча — на той час сціплага каноніка (памочнік біскупа Ігнація Масальскага) у Віленскім кафедральным капітуле.
Але тое, што ад беднасці яго шматлікія сваякі не пакутавалі — гэта 1000 працэнтаў. Прыкладам, Станіслаў падарыў сваёй сястры Ганне Рыкачэўскай — маці Людовікі — камяніцу ў адным з найпрэстыжных раёнаў Вільні — на вуліцы Субач, у сотні метраў ад знакамітай Вострай брамы, побач з палацамі наймагутных родаў ВКЛ.
Менавіта ў Вільні каля 1772 года нарадзіўся старэйшы сын Яна і Людовікі Марцінкевічаў — Ігнат, там жа з’явілася на свет яго дачка Францішка. Хутчэй за ўсё, у сталіцы ВКЛ сям’я правяла цэлае дзесяцігоддзе, — пакуль у 1780 годзе яна не прадала свой дом Пятру Макржэцкаму за 2400 злотых. Прыстойная па тых часах сума. І будзь у бацькі класіка мара аб сваім “лапіку зямлі”, ён бы дакладна мог сабе дазволіць яе ўрэчаісніць.
Але патрэбы такой не ўзнікала. Змена месца жыхарства была звязаная з тым, што ў 1778 год Богуш-Сестранцэвіч набыў у ваяводы Лапацінскага маёнткі Маляцічы (цяпер у Крычаўскім раёне) і Лапацін (у Мсціслаўскім). У Лапаціне 30 мая 1781 года нарадзіўся, а 2 чэрвеня быў ахрышчаны толькі вадой у Маляціцкім касцёле сын Яна і Людовікі Фелікс Станіслаў Казімір. На жаль, дзіця не пражыло доўга і памерла 22 жніўня.
Падобна на тое, што ў гэтым маёнтку сям’я Марцінкевічаў пражыла больш за дзесяць гадоў — і жылося ім там, мабыць, зусім няблага. Ажно пакуль не адышла ў лепшы свет Людовіка — хутчэй за ўсё, менавіта ў Лапаціне.
Неўзабаве Ян ажаніўся другі раз, яго жонкай стала Марцыяна з Нядзвецкіх — будучая маці Вінцэнта. Перад тым, як апынуцца ў Панюшкавічах, новая сям’я не раз мяняла месца жыхарства. Дарэчы, і наконт гэтага вядомага маёнтка, які стаў месцам нараджэння Вікенція, часта паўтараецца памылка: многія пішуць, што ён належаў Сестранцэвічу. Насамрэч, гэта не зусім так: маёнтак уваходзіў у склад Бабруйскай бенефіцыі і аддаваўся святару толькі на час яго службы.
Пасля смерці мітрапаліта Панюшкавічы перайшлі да мінскага біскупа Ліпскага. А вось уласныя маёнткі Богуш-Сестранцэвіча — Лапаціна і Маляцічы — сталі прадметам доўгіх спрэчак паміж спадкаемцамі, у лік якіх уваходзілі пляменнікі мітрапаліта Ігнат і Францішка Марцінкевічы.
улюбёнец князёўнаў
Ігнату, адзінакроўнаму брату Вікенція, варта прысвяціць асобную лінію ў нашым аповедзе. Для пачатку звернем увагу на тое, што ён быў старэйшым за Вінцэнта больш, чым на 35 гадоў! Дый нават ягонай маці прыходзіўся амаль равеснікам. Зрэшты, у той час мезальянс быў справай даволі звыклай.
Дык вось, Ігнат даволі хутка зрабіў ваенную кар’еру — дакладней, ваенна-марскую. І гэтаксама хутка яе загубіў. Пачаўшы з гардэмарына, ён даслужыўся да капітана-лейтэнанта, прайшоў не адно мора і не адну бітву. А загубілі яго справы гаспадарчыя.
Як і яго бацьку, імпэтнаму марскому афіцэру шчасціла і на асабістым фронце. Ігнат быў жанаты двойчы — і абодва разы на князёўнах. І ў святле гэтых сямейных сувязяў наўрад ці можна ўявіць Яна Марцінкевіча ў традыцыйным для беларускай гісторыі літаратуры выглядзе: у лапцях ды з сахой.
Як мы ўжо распавядалі на старонках “К”, першай яго жонкай стала дачка князя Дзмітрыя Канцяміра Соф’я. Цесць Ігната Марцінкевіча быў казачна багатым, сваяцкія сувязі знітоўвалі яго з самымі ўплывовымі родамі Расійскай імперыі. Да ўсяго, менавіта ён лічыўся спадчыннікам малдаўскага прастолу!
Аднак у 1811 годзе кар’ера афіцэра абарвалася. Ігната абвінавацілі ў растраце дзяржаўных сродкаў у асабліва буйных памерах пры пабудове 18 кананірскіх лодак.
Ён быў прысуджаны да растрэлу і цэлы месяц правёў паміж жыццём і смерцю. 24 мая найвышэйшая судова-крымінальная інстанцыя ваеннага ведамства — Генерал-аўдатарыят — пастанавіла: пазбавіўшы Марцінкевіча ўсіх чыноў і ордэнаў, запісаць у матросы з аддачай ўсіх даўгоў. І такі прысуд здаваўся яшчэ мяккім!
Ашаламляльныя падрабязнасці гэтай справы, якая каштавала Ігнату Марцінкевічу свабоды, рэпутацыі, афіцэрскага звання, маёмасці і ледзь не пазбавіла яго жыцця, мы распавядзем у наступнай серыі фамільнай сагі. Пакуль жа адзначым толькі адно: нашаму герою ізноў неверагодна пашчасціла! Для кагосьці іншага такі піруэт лёсу мог бы стацца фатальным. А вось былы марскі афіцэр страціў усё – апрача сілы духа і, трэба меркаваць, абаяльнасці. Іначай як патлумачыць наступны эпізод біяграфіі ўжо амаль пяцідзесяцігадовага мужчыны?
У 1821 годзе Ігнат ажаніўся другі раз — прычым ізноў на князёўне! Лізавета Валконская прыналежыла да аднаго з самых знакамітых родаў імперыі, які выводзіў сваю генеалогію яшчэ ад Рурыкавічаў!
Адзначым, што абедзве жонкі Ігната Марцінкевіча былі праваслаўнымі, а ў тагачаснай Расіі міжканфесійны шлюб накладваў пэўныя абмежаванні. Дзеці маглі быць ахрышчаны толькі ў праваслаўе, пра што сам Ігнат перад шлюбам даў афіцыйную распіску. Зрэшты, пра дзяцей ад першага шлюбу нам нічога невядома.
Сыны Ігната ад другога шлюбу жылі ў Санкт-Пецярбургу, дзе ў іх быў свой дом, які застаўся пасля мітрапаліта, а таксама ў прыстойных па сваіх памерах маёнтках князёў Валконскіх у Лугскім павеце. Дарэчы, адзін з нашчадкаў Ігната Дуніна-Марцінкевіча — Сяргей Міхайлавіч — пасля рэвалюцыі, падобна, адрокся ад “чужароднага” падвойнага прозвішча. Прычым зрабіў гэта дзіўным чынам — стаў проста Дуніным. Быў ён літаратарам, працаваў у ленінградскіх газетах.
Зміцер ДРОЗД,
гісторык-архівіст