(Працяг. Пачатак у №№ 6 —7.)
Прымадона Агінскага
Распавядаючы пра сям’ю Марцінкевіча, нельга прапусціць і яшчэ адзін немалаважны факт ці нават гіпотэзу. У 1758 годзе ў слонімскім касцёле (ён захаваўся да нашых дзён) быў ахрышчаны дзядзька будучага класіка Ігнат. Хутчэй за ўсё, там жа прыняў хрост і сам бацька Вікенція, бо сям’я Марцінкевічаў на той момант жыла ў маёнтку Высоха непадалёк ад Слоніма.
Неўзабаве горад на Шчары спазнаў свой росквіт. Вялікі гетман Вялікага княства Літоўскага Міхал Казімір Агінскі стварыў там знакаміты тэатр. У спісе яго артыстаў, прыведзеным польскім даследчыкам Анджэем Цэханавецкім, мною была заўважана нейкая Марцінкевічаўна — “спявачка, прымадона, слонімскай оперы. Атрымлівала з 1776/09/01 да 1778/03/01 г. месячную плату ў 40 злотых і тры дукаты на сталаванне. Напэўна, пасля пакінула Слонім”.
Уявіце толькі — цётка нашага Вінцэнта была опернай прымадонай! Такое меркаванне мне не здаецца фантастычным. Ёсць у гэтай версіі і самае неабходнае: “чалавечы рэсурс” — па маіх звестках, у Яна Марцінкевіча, акрамя братоў Антона і Ігната, былі і сёстры: Кацярына, Францішка, Разалія і Ёзэфата. Думаю, што спраўдзіць гэтую гіпотэзу з часам мы абавязкова здолеем.
Пра тое, што ў сям’і Марцінкевіча былі музычныя традыцыі, сведчыць і той факт, што адзін з дзядзькоў Вікенція — Антоній — працаваў капэлістам Сталовіцкага касцёла. І гэтае месца для яго — зусім не выпадковае. Храм, які захаваўся да нашых дзён (праўда, цяпер ён з’яўляецца царквой), доўгі час знаходзіўся ва ўпраўленні яго роднага дзядзькі — ксяндза Валяр'яна Дзюрдзевіча. Менавіта там пахавана бабуля Вікенція Дуніна-Марцінкевіча Настасся Марцінкевіч.
А праз гады гэтыя музычныя традыцыі працягнуў і сам Вінцэнт, і яго дзеці. Пра талент Камілы Марцінкевіч ведаюць усе, як і пра супрацоўніцтва літаратара з кампазітарам Станіславам Манюшкам. Зрэшты, тут усё зусім не так проста, як многім здаецца.
Комплекс гарбуна
Зусім нядаўна ў цэнтры Мінска быў усталяваны помнік, дзе Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч сядзіць побач з Манюшкам. Іх творчы саюз выглядае як ідылія, але ці было так на самой справе?
19 кастрычніка 1843 года Станіслаў пісаў сваёй жонцы з Мінска: “Калі ласка, больш не адрасуй лісты на адрас Марцінкевіча. Гэта не да канца прыстойны чалавек”. І далей ён распавёў гісторыю пра тое, як адзін маладзён, якому Вікенцій абяцаў аддаць грошы, прачакаў некалькі тыдняў — ды ўсё дарэмна. Тады, праявіўшы фантазію, ён вырашыў адпомсціць Марцінкевічу ды замовіў па ім пахавальнае набажэнства. Званілі званы мінскай архікатэдры, па горадзе ішла працэсія з саванам і падсвечнікамі. І ў гэты момант сам Марцінкевіч дапіў сваю каву, выйшаў з кандытарскай і спытаў: “Каму несяце? — Марцінкевічу, — адказалі яму. — Якому? — Гарбатаму”.
Той факт, што ў Вікенція была праблема са спінай, вядомы даўно. Пры выездзе за мяжу ў яго пашпарце сярод асаблівых прыкметаў значылася: сутулаваты. Пакуль невядома, ці былі гэтыя праблемы з нараджэння або наступствам нейкай траўмы. Але тое, што некаторыя мінчукі, якія не вылучаліся тактоўнасцю, выкарыстоўвалі гэтую абразлівую мянушку, падаецца праўдай”.
Ясна, што помнік не абавязаны паўтараць свой прататып у гэткіх падрабязнасцях, але для разумення асобы аўтара і яго жыцця — у тым ліку і, як мы бы сказалі цяпер, комплексаў — гэта важна. Там, калі будзе зняты фільм пра Марцінкевіча (а я не пакідаю надзеі, што калісьці гэта здарыцца), напэўна, трэба, каб яго постаць хоць у нейкай меры адпавядала рэальнасці.
Цікава, што ў вядомым вершы Някрасава “Чыгунка” беларус апісаны словамі “Не разогнул свою спину горбатую, Он и теперь ещё: тупо молчит…”. Мне здаецца, ёсць у гэтым нейкі сімвалізм. Бо менавіта Вікенцій Марцінкевіч сваёй творчасцю зрабіў так, што беларусы разагнулі спіны, перасталі маўчаць і заявілі пра сябе як нацыя са сваёй уласнай мовай.
Выкраданне нявесты
Фізічны недахоп не стаў перашкодай ні для літаратурнай славы, ні для поспеху як акцёра, ні для сапраўднага кахання. А ў тым, што яно было сапраўднае, а не па разліку, няма ніякіх сумневаў.
Пасля смерці мітрапаліта Богуш-Сестранцэвіча ў 1826 годзе малады Вікенцій Марцінкевіч апынуўся ў Менску і практычна пачаў усё з нуля. Тады і здарылася гісторыя з выкраданнем нявесты, якая можа ўпрыгожыць любую рамантычную біяграфію.
27 лістапада 1831 года Мінскаму часоваму ваеннаму губернатару генерал-маёру графу Строганаву паступіла прашэнне ад Марыяны з Чачотаў Бараноўскай, з уражвальнай гісторыяй: “Учорашняга чысла 26-га лістапада а 3-й гадзіне папоўдні канцалярыст Мінскага губернскага межавага суда Вікенцій Марцінкевіч маю дачку, якая скіроўвалася ў вучэльню для ўрокаў, Юзэфу Бараноўскую, якая ад роду мае 14 гадоў, сілком на вуліцы схапіў і ў сваёй кватэры на Траецкай гары ў доме жыхара Гаеўскага схаваў. Калі я з мужам, адшукаўшы нашу дачку а 2-й гадзіне папоўначы, патрабавалі вяртання яе ў дом наш, тады выкрадальнік Марцінкевіч не толькі што яе не выдаў, але яшчэ з брытваю ў руцэ да мяне як маці кінуўся: адклікаючыся з тым, што “хто-кольвечы асмеліцца да маёй дачкі наблізіцца, усякага зарэжу да смерці”. У такім хваравітым для маці выпадку прыбягаю да ступняў Вашага Сіяцельства з усепакорліваю просьбаю аб неадкладным прадпісанні паліцыі, каб захопленую маю дачку да мяне вярнуць, а з вінаватым Марцінкевічам па ўзяцці яго ў арышт, паступіць па законах”.
Як бачым, жарсці на вуліцах Мінска палалі нежартоўныя! Чым не сюжэт для меладрамы?
Зрэшты, калі салдаты даставілі маладых да губернатара, высветлілася, што ніякага выкрадання не было: Юзэфа рашылася на падобны крок добраахвотна, праз каханне да Вікенція. “Выкрадальнік” прадставіў метрыку аб нараджэнні і хрышчэнні Юзэфы, згодна з якой ёй было не 14 гадоў, а 16, і ўзяць шлюб яна мела законнае права. (Адпаведна, маці падманвала губернатара. Можа, і пра брытву прыдумала?) А таксама даведку ад Емяльяна-Людвіка Беліновіча — святара уніяцкай царквы ў Сеніцы, што побач з Мінскам, які 12 лістапада 1831 года ў прысутнасці сведак павянчаў каморніка мінскага павета Марцінкевіча з дачкой рэгента Юзэфай Бараноўскай.
З гэтага моманту пачалася сапраўдная папяровая бітва, у якой малады Марцінкевіч мала чым саступаў свайму дасведчанаму старэйшаму апаненту — бацьку Юзэфы, адвакату Юзафу Бараноўскаму. Саму ж нявесту змясцілі пад замок у кляштар бернардынак. Прашэнні Вікенція Марцінкевіча, напісаныя ў гэты драматычны момант яго жыцця, напэўна, можна аднесці да пачатку яго літаратурнай творчасці — няхай пакуль і празаічнай: “Шматгадовае знаёмства спарадзіла ў іх сэрцах каханне на ўсё жыццё, пад дзеяннем якога яны далі адзін аднаму слова пабрацца шлюбам. З гэтай мэтай яны паўсталі перад бацькамі Юзэфы, паведаміўшы свой намер, і перажылі страшныя пакуты, калі тыя без важкіх прычын забаранілі ім ажаніцца. Пасля гэтага іх жыццё занурылася ў тугу і адчай, і адзінае, што асвятляла іх дні, была надзея на шчасце. Не маючы больш сіл трываць гэтыя пакуты, яны вырашыліся заключыць шлюб — хоць і не ў сваім парафіяльным каталіцкім саборы, але, усё ж такі, перад абліччам Божым, і пакляліся Творцы не адпускаць адно аднаго…”
У выніку ўсё скончылася шчасліва для маладых. Яны былі паўторна павянчаныя ў тым самым бернардынскім кляштары 18 снежня 1831 года.
На жаль, каханай нашага класіка Юзэфе жыццё адвяло няшмат часу — у маі 1854 года яна памерла, не дажыўшы месяца да свайго 40-годдзя. Але пражыла яна яго побач з каханым мужам і шматлікімі дзецьмі. І, напэўна, калі і выпадала ёй хоць якая хвіліна, каб успомніць усё перажытае, не будзе вялікай вольнасцю выказаць здагадку, што як самы шчаслівы ў сваім жыцці дзень згадваўся ёй менавіта другі шлюб з Вікенціем Марцінкевічам. Дзень, калі сярод бурлівага і жорсткага часу (толькі-толькі заціхла паўстанне) іх каханне пераадолела столькі перашкодаў і перамагло, стаўшы каханнем на ўсё жыццё.
Пасля смерці жонкі немалады ўжо Вікенцій ажаніўся яшчэ раз. Праўда, гэтым разам складана казаць пра шлюб па каханні — пэўна, яму было проста не да таго. Ва ўдаўца засталася куча дзяцей, малодшай з якіх Марыі-Элодыі на момант смерці маці было ўсяго шэсць гадоў. Акрамя таго, ён апекаваўся і дзецьмі памерлай сястры Алены. У дом патрэбна была гаспадыня, і ёю стала Марыя Паўлаўна Лісіцкая.
Адзначым яшчэ адзін істотны момант: у метрыцы аб шлюбе ў 1831 годзе, як і ў саміх судовых дакументах па справе аб выкраданні нявесты, Вікенцій заўсёды фігуруе толькі як Марцінкевіч. Ды і ў метрыках аб яго хросце не было ніякага Дуніна.
Цяпер, калі колькасць выяўленых архіўных дакументаў ужо ідзе на сотні, відавочна, што ні сам Вінцэнт да 1832 года, ні, тым больш, ніхто з яго блізкіх — бацька, маці, сёстры, дзядзька — ніколі не выкарыстоўваў прыдомак “Дунін”. І толькі пасля дваранскага вываду, які зрабіў сам Вінцэнт, грунтуючыся на вельмі сумнеўных дакументах, ён і ўсе яго родныя таксама сталі Дунін-Марцінкевічамі. Усё гэта наводзіць на пэўныя высновы…
Зміцер ДРОЗД,
гісторык, архівіст