Як паведамляе афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, кіраўнік дзяржавы прызначыў Бондара Юрыя Паўлавіча Міністрам культуры Рэспублікі Беларусь, Карлюкевіча Аляксандра Мікалаевіча — Міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
Бондар Юрый Паўлавіч нарадзіўся 11 красавіка 1973 года ў Мінску. Скончыў у 1997 годзе юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “правазнаўства”, у 2007 годзе — Інстытут дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці “дзяржаўнае кіраванне сацыяльнай сферай”. У 2006 годзе абараніў дысертацыю на саісканне вучонай ступені кандыдата палітычных навук па спецыяльнасці “тэорыя палітыкі, гісторыя і метадалогія палітычнай навукі” ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У 2009 годзе Юрыю Бондару прысвоена вучонае званне дацэнта па спецыяльнасці “паліталогія”.
У Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў Юрый Бондар працаваў з 2001 года на пасадах выкладчыка, старшага выкладчыка, дацэнта кафедры культуралогіі, першага прарэктара. У лютым 2013 года быў прызначаны на пасаду рэктара БДУКіМ.
Алесь Мікалаевіч Карлюкевіч нарадзіўся 8 студзеня 1964 года ў вёсцы Зацітава Слабада Пухавіцкага раёна. Скончыў аддзяленне журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча (1985), да 1995 года служыў ва Узброеных Сілах. Пасля дэмабілізацыі працаваў адказным сакратаром рэдакцыі газеты “Культура”, далей — у газетах “Звязда”, “Чырвоная змена”, “Советская Белоруссия”. У 2006 годзе атрымаў прызначэнне на пасаду дырэктара РВУ “Літаратура і мастацтва”, у 2011 годзе стаў галоўным рэдактарам газеты “Звязда”, затым дырэктарам аднайменнага Выдавецкага дома. У 2016 годзе прызначаны намеснікам міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь.