Анатоль Анікейчык у сваёй майстэрні
Вось гэты наш дыялог я і хачу агучыць нашым чытачам. Мне здаецца, нягледзячы на праляцелыя доўгія кіламетры часу, Анатоль Анікейчык не страціў сваёй значнасці, бо дастаткова поўна раскрыў творчае і чалавечае нутро мастака ў адносінах да сваёй любімай радзімы — Беларусі і яе Песняра Янкі Купалы, якому 7 ліпеня споўніцца 140 гадоў з дня нараджэння. Тым больш што “Купаліяна” Анікейчыка да гэтага часу, на мой погляд, з’яўляецца непераўзыдзенай ва ўсёй беларускай выяўленчай культуры пра Паэта, асабліва што тычыцца помнікаў у яго гонар.
ПАДПАРАДКОЎВАЎСЯ АДЗІНАМУ ЗАКОНУ
Наогул кажучы, у маім хатнім архіве захавалася шмат чарнавых запісаў, дакументаў, фатаграфій, выразак з газет і часопісаў, звязаных з жыццём і творчасцю Анікейчыка. Частка з іх была выкарыстана мной пры стварэнні першай манаграфіі пра скульптара (выйшла ў выдавецтве “Беларусь” у 1980 годзе), а частка — так і засталася ляжаць у папках з надпісамі: “Анікейчык. Для кнігі з серыі ЖЗЛ”.
Так, я акуратна збіраў матэрыялы, у асноўным сатканыя з нашых доўгіх размоў і сустрэч за круглым сталом, сумесных творчых паездак па Беларусі і ў Маскву па лініі Саюза мастакоў СССР і г.д. Мэта — зрабіць фундаментальную ілюстраваную кнігу, якая ўжо была запланавана ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Але ў тыя гады (канец 80-х — пачатак “лихих” 90-х) з-за адсутнасці дзяржаўнага фінансавання на такога роду выданні ўсё закончылася нічым: аб’ёмны рукапіс так і застаўся нерэалізаваным. Праўда, Анатоль паспеў з ім пазнаёміцца і зрабіць свае невялічкія заўвагі. Апошні раз гэта адбылося ўвечары 1 лютага 1989 года. А ўжо праз два з паловай дні, прыехаўшы дамоў з вакзалу, дзе сустракаў дачку, ён прылёг на канапу і... усё здарылася на вачах у ягонай мамы... Не паспеў Толя выкарыстаць нітрагліцырын, які заўсёды насіў з сабой у кішэні...
З мастаком я пазнаёміўся і пасябраваў у канцы 1960-х. Тады яго майстэрня знаходзілася на вуліцы Гая. Памятаю, як упершыню я наведаў гэтую майстэрню. Перш за ўсё ўбачыў эскізы да будучага помніка герою-лётчыку Мікалаю Гастэлу, на паліцах стаялі партрэты У.Маякоўскага, П.Чайкоўскага, Б.Вішкарова, яго дзеда Пятра, на станках — эцюд да Бетховена, першыя пошукі “Папараць-кветкі” і шмат чаго іншага.
Памятаю тагачасныя размовы. З яго цікавых разважанняў сёе-тое я тады запісаў у блакнот: “Ніякія, нават самыя добрыя, задумы не выратуюць ад забыцця нашы творы, яны пражывуць нядоўга, калі мы не ўжывёмся ў вобраз”. А на пытанне, як Анатоль разумее запавет Мікеланджэла “Працаваць галавой, а не рукамі”, ён адказаў так: “Ведаеш, Барыс, у кожнай творчай прафесіі галава, канешне, перш за ўсё. Ёсць мастакі, якія працуюць для сябе, для душы, і ёсць — па замове. Усё, што я раблю, — гэта для душы. Працаваць галавой не значыць працаваць толькі розумам, а найперш — перакананнем. Трэба адчуць сваю ідэю сэрцам, крывёю, інакш яна будзе халоднай, сухой, індыферэнтнай. Рукі — гэта вопыт, прафесіяналізм. Прафесіяналізм несумненна патрэбны: можна мець талент, цудоўную душу і сэрца, але без высокага рамяства і майстэрства не выявіш сваіх перакананняў. Гэта датычыцца не толькі нашага брата-мастака, але і акцёра, пісьменніка, музыканта, архітэктара... Бо мастацтва — адзінае цэлае, і кожны яго від падпарадкоўваецца аднаму закону. І форма і змест — таксама...”
Помнік Янку Купалу ў Мінску
ТРЭБА ВЕЛЬМІ ЛЮБІЦЬ КУПАЛУ...
Вось з такімі думкамі і перакананнямі прыйшоў Анатоль да сваёй “Купаліяны”.
— Янка Купала як унікальная асоба, як паэт і чалавек прыцягваў маю ўвагу з юнацтва, — гаварыў Анікейчык. — Спачатку былі проста партрэтныя эцюды Песняра: шукаў жывы псіхалагічны вобраз — у розных ракурсах, руках, позірках. Яшчэ і яшчэ чытаў яго вершы, дакументы, успаміны, стэнаграмы выступленняў, аналізаваў адпаведныя мастацкія творы, прысвечаныя паэту. А потым разам з таварышамі — скульптарам Андрэем Заспіцкім і архітэктарам Міхаілам Мызнікавым — прыступіў да праектавання помніка на месцы пахавання праху Паэта на Вайсковых могілках у Мінску.
— Так, гэты помнік вядомы. Мне ён вельмі падабаецца. “Мне сняцца сны аб Беларусі...” — гэта лейтматыў твора, надзіва натхнёнага і чалавечнага. Трэба вельмі любіць Купалу, каб так падкрэсліць яго арганічную сувязь з роднай зямлёй, яго рамантычны пачатак, напружана затоеную думку...
— Любоў да Купалы — гэта адразу і назаўсёды. Я палюбіў яго паэзію, блізкую мне па духу, палюбіў самога гэтага Чалавека. Асобу. Можа, таму, што ў нечым лёс майго бацькі нагадвае ягоны лёс — лёс разумнага, таленавітага чалавека з народа. Бацька мой, Аляксандр Пятровіч, па прафесіі быў урачом, але кола яго інтарэсаў было досыць шырокім, ён захапляўся тэатрам, ведаў жывапіс, сябраваў з першым народным артыстам Беларусі Уладзіславам Галубком.
— І ў 1937-м быў рэпрэсіраваны, як і Галубок...
— Так, 16 жніўня 37-га органы НКУС арыштавалі бацьку. У тыя ж дні арыштавалі і Галубка. Можа, нават у адзін дзень. На следстве майго бацьку па-зверску катавалі, зламалі рэбры і руку, прымушаючы прызнацца ў тым, што ён “польскі шпіён”. У архіве маёй мамы, Надзеі Фёдараўны, захаваліся на гэты конт рэдкія па трагізме дакументы: копіі яе заяў на імя Сталіна, Яжова, Берыі, Вышынскага, на адрас калегіі Вярхоўнага суда БССР па разборы спраў аб дыверсіях і шпіянажы (была такая калегія), у многія іншыя інстанцыі. Адказы былі аднатыпныя: “Вашы скаргі па справе мужа (...) разгледжаны Галоўнай Ваеннай пракуратурай РКК і за адсутнасцю падстаў для перагляду справы пакінуты без задавальнення”. У 1949 годзе маме паведамілі, што Аляксандр Пятровіч памёр ад міякарда сэрца 14 чэрвеня 1944 года; крыху пазней напісалі, што ён пайшоў з жыцця ад сыпнога тыфу. Хутчэй за ўсё, яго расстралялі яшчэ да вайны. Можа, у верасні 37-га, як і Галубка? З такімі так званымі “ворагамі народа” доўга не цырымоніліся. Толькі 5 лістапада 1957 года Ваенны трыбунал Беларускай Ваеннай акругі перагледзеў справу майго бацькі. Пастанова 37-га была адменена, а справа “за адсутнасцю складу злачынства” — спынена. І бацьку рэабілітавалі пасмяротна... Як і Уладзіслава Іосіфавіча...
— Вельмі трагічнае было ў цябе дзяцінства — нічога не скажаш... Давай вернемся да Купалы... Мне ўяўляецца, што гэтая неардынарная асоба для цябе значыць вельмі многа: і не проста як таленавіты паэт і драматург, але і як грамадзянін з вялікай літары.
ПРА “СІНЮЮ ПТУШКУ ШЧАСЦЯ”
— У Купалы мне падабаецца ўсё: знешнасць прыемнага чалавека, выключная шчодрасць душэўная, рэдкі пранізлівы талент, які так ярка раскрыўся ў 1910-1920-х гадах. А вось лёс яго шчаслівым цяжка назваць, нягледзячы на высокія званні, узнагароды і народнае прызнанне. Расказы цёткі Уладзі, яго сяброў і тых, каму проста давялося з ім сустракацца, малявалі непаўторны і вельмі глыбокі вобраз. Але зразумець, адчуць яркую, буйную, трагічную асобу да канца, здаецца, немагчыма... Не ведаю, ці знайшоў ён сваю “сінюю птушку шчасця”, але думаю, што Купала толькі трошкі патрымаў яе ў руцэ, а потым яна нечакана выпырхнула і знікла ў тумане часу... Здаецца, што вось такім, не вельмі вясёлым, заглыбленым у думкі і нейкія ўспаміны, адчуваў сябе паэт, калі заставаўся ў адзіноце, на самоце: ці то ў сваім доме за пісьмовым сталом, ці то на прыродзе дзесьці ў Вязынцы або ў Ляўках. Альбо проста на пясчанай дарозе, па якой ён яшчэ з дзяцінства любіў хадзіць пешкі...
— Вось-вось, прыкладна такім ты і ўбачыў яго ў сваім мемарыяле ў самым цэнтры Мінска, у скверы, які носіць яго імя. Ведаеш, Толя, я не ўяўляю нашу сталіцу без гэтага помніка...
— Так, я праектаваў яго з сябрамі — Львом Гумілеўскім, Андрэем Заспіцкім, Юрыем Градавым і Леанідам Левіным. Сапраўды, праца над гэтым помнікам прынесла нам шмат шчаслівых дзён. Хаця былі і свае праблемы, у асноўным, дзякуй богу, не творчага характару...
— Кампазіцыя, на мой погляд, вельмі ўдалая. Сёння гэты помнік стаў неад’емнай часткай нашай сталіцы, як, скажам, апякушынскі Пушкін у Маскве або помнік Пушкіну разца Анікушына ў Ленінградзе. Наватарская задума, глыбіня, прастата вырашэння даюць яму “пуцёўку ў будучыню”. Да яго “не зарастет народная тропа”… У гэтым — галоўны сакрэт эстэтычнага ўздзеяння помніка на людзей. У цішыні, што акружае бронзавую фігуру, я, напрыклад, заўсёды чую водгукі яснай і мудрай купалаўскай паэзіі:
Вось так шляхамі год дагэтуль я ішоў
З адною думкаю аб шчасці Беларусі…
— Дзякуй на добрым слове…
ШЛЯХ ДА ПАПАРАЦЬ-КВЕТКІ
…Хачу сказаць, што я напярэдадні той сустрэчы з Анатолем яшчэ раз пабываў ля помніка Песняру ў скверы на скрыжаванні тагачаснага Ленінскага праспекта з вуліцай Янкі Купалы. І — доўга глядзеў. Задуменна спыніўся бронзавы паэт на беразе крыніцы, якая выбіваецца з-пад расколатага каменя. Пругкі вецер заламаў каўнер лёгкага паліто, накінутага на плячо. У руках — сукаватая палка, узятая ў далёкую дарогу. А над крыніцай шырока раскінулася ледзь не да самай вады шырокае лісце казачнай папараць-кветкі. Непадалёку, за спінай паэта — Купалле: дзяўчаты, апырсканыя фантанам, кідаюць на ваду вянкі — “на шчасце”. Аголеныя, тонка стылізаваныя як сімвал шчырасці, юнацтва і кахання, застылі яны ў бронзе. Вечна жывы паэт і маладосць, сатканая з ніцей сённяшняга жыцця.
Як кожны глыбокі твор мастацтва, помнік шматпланавы па змесце. Асоба Купалы — барацьбіта, гуманіста, мысліцеля — злілася для аўтараў помніка ў адно вялізнае паняцце — чалавечнасць. Анікейчык як скульптар разам з калегамі-сябрамі знайшоў найбольш яркае пластычнае адлюстраванне ўнутранага стану паэта, добра разумеючы, што мэта мастацтва скульптуры, а манументальнай асабліва, — увасобіць вечныя, непахісныя рысы чалавека: гуманізм, высокую маральнасць. У гэтым сакрэт эстэтычнага ўздзеяння помніка. Заслугоўвае ўвагі і яшчэ адна рыса гэтага твора — яго дэмакратычнасць; яна і ў змесце вобраза, і ў агульным архітэктурна-прасторавым вырашэнні ўсяго комплексу.
"СВОЙ РОДНЫ КРАЙ ЦІ ПОМНІШ ТЫ?"
…Далей наша размова з Анатолем пайшла пра помнік-бюст Янкі Купалы ў вядомым ва ўсёй Амерыцы Араў-парку ў 30 кіламетрах ад Нью-Ёрка. Я добра памятаю гісторыю з’яўлення гэтага твора. У 1972 годзе зрабіць гэты праект урадам Беларусі было даручана Анікейчыку. Але яго былы настаўнік, народны мастак Андрэй Бембель, выставіў на разгляд экспертнай камісіі Міністэрства культуры БССР свой сустрэчны праект (аснова для будучага помніка ў яго, у прынцыпе, была — выставачны неблагі бюст Купалы, які я бачыў у майстэрні Андрэя Ануфрыевіча). Але, тым не менш, эксперты аддалі перамогу Анікейчыку (архітэктар С.Баткоўскі), а не Бембелю, што ў выніку, на жаль, негатыўна адбілася на асабістых адносінах паміж імі. Такое нярэдка бывае ў мастакоўскім асяроддзі, асабліва — у конкурсных гонках.
— Мой помнік Купалу ў Араў-парку — гэта асобная цікавая старонка ў маёй творчай біяграфіі. Намаганнямі нашых суайчыннікаў, якія воляю лёсаў апынуліся ў ЗША, гэты цудоўны зялёны масіў з азёрамі і вадаспадамі ператвораны ў значны культурны цэнтр. А ўсё пачыналася так. Яшчэ ў 1949 годзе, працягваючы традыцыі сваіх бацькоў, група юнакоў і дзяўчат стварыла ў ЗША маладзёжны клуб “Араў-парк”. Сваёй мэтай ён ставіў прышчапленне пачуцця любові да радзімы продкаў падрастаючаму пакаленню. У апошнія гады ў Араў-парку нарадзіліся новыя традыцыі. Акрамя Дня незалежнасці і Дня працы, тут сталі святкавацца Руска-беларускі, Украінскі і Польскі дні — адпаведна ў чэрвені, ліпені і жніўні. У гэтыя даты ў Араў-парк з’язджаюцца сотні людзей з розных куткоў краіны. Помнікі Пушкіну, Шаўчэнку і Купалу — гэта падарункі рускага, украінскага і беларускага народаў. Ёсць там і помнік Міцкевічу і помнік Уітмену… Свой помнік Купалу я адкрываў у 1973 годзе разам з Андрэем Макаёнкам. Ведаеш, гэта былі непаўторныя хвіліны: людзі прыехалі сюды не толькі з Нью-Ёрка, нават з Канады і Мексікі, паўсюдна чулася беларуская гаворка, народныя беларускія песні; увесь помнік упрыгожвалі жывыя кветкі. Мая мэта — у вобразе Купалы адлюстраваць стан светлай журбы і высакароднасць яго пачуццяў. Пясняр як быццам глянуў на Новы свет вачыма, поўнымі суму. Я хацеў зрабіць вобраз паэта і драматычным, і разам з тым напоўненым рамантыкай. Іншымі словамі, са спалучэння гэтых рыс, у нейкай ступені проціборствуючых, павінен атрымацца вобраз, надзелены магічнай гармоніяй. Хацеў, каб ён глядзеў кожнаму у твар, нібы пытаўся: ну як вам тут, на чужыне?
— Мне здаецца, што гэты сум перагукаецца з вершамі паэта, якія былі напісаныя яшчэ ў 1909 годзе і звернутыя таксама да далёкіх землякоў:
…Ці помніш ты пагляд нясмелы
Свайго радзімага сяла,
Адкуль паплёўся ў свет той белы,
Твая дзе маладосць сплыла?
…Край беларускі мірны, сумны,
Свой родны край ці помніш ты?..
— Менавіта так. Гэты купалаўскі верш “Брату ў чужыне” я і паклаў у аснову ідэі помніка. Ты проста, Барыс, глядзеў як у ваду…
Восень паэта. Ляўкі
— Апошняя твая праца над вобразам Песняра ў Ляўках — Купалаўскім мемарыяльным запаведніку. Што ты хацеў тут паказаць?
— Ведаеш, там, у найпрыгажэйшым кутку Аршаншчыны, дзе чуецца нетаропкі гоман Дняпра, дзе спляліся ў цудоўным лясным узоры беластволыя бярозы, гнуткі арэшнік і дубкі, асабліва, як ніколі добра і натхнёна, пісалася-думалася Купалу. Ён упершыню наведаў вёску Ляўкі ў сакавіку 1935 года і назаўсёды палюбіў гэты край. Паэт прыязджаў туды штогод ранняю вясною і заставаўся да позняй восені; там быў створаны адзін з самых дасканалых яго вершаваных цыклаў, што ўвайшоў у гісторыю літаратуры пад назвай “Ляўкоўскі”. Дарэчы, тут быў напісаны і вядомы верш “Хлопчык і лётчык”, які вельмі падабаўся юнаму Юрыю Гагарыну. У дні святкавання стагоддзя з дня нараджэння Купалы ў Ляўках і быў адкрыты мой помнік Песняру, створаны на аснове маёй станковай кампазіцыі "Восень паэта". Я паказаў яго чалавекам ужо далёка не маладым, які шмат перажыў на сваім вяку, прайшоў шлях, мякка кажучы, нялёгкі, на якім перапляталіся і бліскучыя ўзлёты, і вялікія трагедыі. Ён сядзіць з кійком у правай руцэ, левай абапіраючыся на спінку лаўкі, да якой восеньскі вецер прыбіў пажоўклы ліст. Задумаўся паэт, слухае покліч роднай зямлі. Восень Песняра…
СТВАРЫЦЬ СВАЮ БІЯГРАФІЮ
…У гэтым нарысе я не ставіў за мэту расказаць пра ўсю творчасць Анікейчыка — яна дастаткова вядомая кожнаму, хто мае дачыненне да беларускай культуры. Хто, напрыклад, не ведае мемарыялы "Прарыў" ва Ушачах альбо "Праклён фашызму" ў Шунеўцы, помнік Гастэлу і яго экіпажу пад Радашковічамі, мемарыяльныя знакі ў гонар герояў-падпольшчыкаў у Мінску, помнікі на магілах П.Машэрава. С.Прытыцкага, М.Лынькова, цудоўныя партрэты Г.Ахматавай, М.Багдановіча, Ф.Кастра і Чэ Гевары, бліскучую "Пушкініяну" з дзевяці твораў, рамантычныя кампазіцыі "Вясна Перамогі". "Балада пра Шукшына", "Заклік", "Бярозкі", "Юнацтва"?
…Незадоўга да скону Анатоль сказаў мне: "Кожным творам мастак стварае сваю біяграфію. Таму нічога нельга рабіць, не даводзячы працу да канца. Супакойвацца можна толькі тады, калі ты вычарпаў усе свае магчымасці".
Анікейчык не вычарпаў свае творчыя, чалавечыя магчымасці. Ён рана пайшоў з жыцця, пакінуўшы няздзейсненымі і праекты помнікаў, і задумы новых кампазіцый і партрэтаў. Марыў і пра сваю першую персанальную выставу. І пра тое, каб зрабіць помнік "Пушкін і Міцкевіч на беразе Нявы" для Ленінграда: выставачны варыянт такой гарэльефнай кампазіцыі быў ужо гатовы. І думаў пра помнік Валенцію Ваньковічу — для Мінска. Чарнавы эскізны праект помніка Кастусю Каліноўскаму, які я бачыў у яго майстэрні, таксама не паспеў рэалізавацца…
Словам, планаў і спадзяванняў было шмат. І гэта натуральна: ён, як ніколі, адчуваў у сабе вялікі творчы запал. Здавалася, яго хопіць на ўсё: і на мастацтва, і на працу у БДТМІ, дзе ён, прафесар, кіраваў (пасля смерці прафесара Андрэя Бембеля) кафедрай скульптуры, і на дэпутацкія справы (выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР), і на грамадскую дзейнасць, і на дыскусіі з аднадумцамі-сябрамі, і на сустрэчы з гледачамі, якіх у яго было мноства. Але яго не хапіла на ўсё. Не вытрымала сэрца…
Памятаю, калі Анатоля Аляксандравіча ўжо не было, вясной 1989-га я зноў трапіў у яго майстэрню ў нашым “сурганаўскім” доме №42. Дзіўнае адчуванне: скульптурны станок, эскізы, макеты, каркасы, драўляныя стэкі і кіянкі, пантограф, мернік, спрынцоўка — інструменты для работы ў гліне і пластыліне, чорны халат майстра на цвіку, засохлая, як камень, гліна... На паліцах і ля сцен застылі сляды былых роздумаў і нястомных творчых пошукаў: ад эскізаў і макетаў помнікаў да ўжо адлітых у гіпсе партрэтаў і кампазіцый... І ўсё гэта змёрла і застыла ў нейкім вечным спакоі. Я ўзяў у руку стэк, які ляжаў на табурэтцы, моўчкі патрымаў і паклаў на месца. Было сумна. Адно суцішала, што тут, у гэтым памяшканні, будзе арганізаваны музей-майстэрня Анатоля Анікейчыка — народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі рэспублікі і прэміі беларускага Камсамола, ганаровага грамадзяніна горада Барысава — яго малой радзімы. Як таго жадала наша культурная грамадскасць краіны… Аднак гэтага так і не здарылася…
Але і сёння Анатоль Аляксандравіч для мяне, для яго сяброў, для тых, хто прайшоў яго прафесійную школу майстэрства, для ўсіх прыхільнікаў яго творчасці застаецца заўсёды маладым, няўрымслівым, валявым чалавекам, які вельмі шмат зрабіў для росквіту нацыянальнай культуры роднай Беларусі...