4.
Бацька мой (1911 г. н.), чысты русак, нарадзіўся ў Тыфлісе, працаваў да 1945 года ў Баку, — гэта значыць, паўжыцця пражыў на Каўказе, таму прызвычаіўся там да своеасаблівых міжчалавечых зносін. А тут — здзіўляўся:
— Што за народ: сяджу ў сваім кабінеце, нікуды не высоўваюся, але ведаю ўсё, што робіцца ў маёй “парафіі”: хто ўпотай касіў у памежнай зоне, хто ноччу скраў з склада саўгаса мяхі з мінеральнымі дадаткамі, хто араў за грошы суседзям на калгасным трактары, хто па-браканьерску забіў лася… Прыходзяць і даносяць: бацька на сына, швагер на швагра, сусед на суседа, маці на нявестку… Не разумею гэтага!
Ведаў тата не толькі “вясковае”.
Аднойчы я запытаў яго: чаму ў вёсцы Доргунь шэраг дамоў аднолькавага жоўта-карычневага колеру? Тата і тут валодаў “таямніцай”, і на тое меў тлумачэнне. Ён назваў імя, прозвішча жыхара вёскі і адкрыў:
— Ён у Гародні працуе ў чыгуначным дэпо, дзе рамантуюць жорсткія пасажырскія вагоны, інтэр’ер якіх такім колерам фарбуюць. Вось ён кожны дзень па бідончыку такой фарбы і возіць дамоў. За тыдзень тых “бідончыкаў” хапае на адзін дом. Дзяржаве невялікая страта, людзям — радасць, а яму — прыбытак.
“Усёбачнае вока” замянялі даносы.
Доргунь — бліжэйшая да Сапоцкіна вёска.
Таму ведаў тата і бяду, якая абрынулася на радзіну Колтвін-Ціцінскіх.
5.
Акрамя прыкметы — свежапафарбаваных дамоў — у Доргуні працавала пачатковая школа, а з 5-га класа дзяцей спецыяльным аўтобусам вазілі ў Сапоцкін у школу сярэднюю, існаваў ФАП, там меўся клуб, дзе наладжваліся танцы, святкавалі шлюбы, па нядзелях прыязджала кінаперасоўка — паказвалі дзецям фільмы. Усім гэтым карысталіся чацвёра асірацелых дзяцей Колтвінаў.
Асаблівым уражаннем было наведванне зрэдку крамы, дзе ім выпадала набыць малюткі пакуначак цукерак-падушачак ці рознакаляровых шарыкаў-дражэ. Але гэта ўспрымалася як вялікая, доўга незабыўная падзея.
Ядвіга па сёння згадвае смак падсаложанай гарбаты з булачкай, якія выдавалі ў пачатковай школе на вялікай пераменцы.
Карацей, жылося радзіне вельмі цяжка.
Пра гэта, канешне ж, даведаўся старшыня гарпасялковага выканкама Аляксандр Віктаравіч Арлоў.
Ён выклікаў да сябе ў Сапоцкін Леанціну Колтвін.
Прапанова: пайсці працаваць у пякарню. Праца цяжкая фізічна: мясіць цеста, цягаць латкі з выпечкай, трэба зацемна, ужо да досвітку прытопаць з Доргуні ў Сапоцкін, растапляць печы, загружаць цеста ў формы, пачынаць печыва… Але ж затое можна пакінуць “бурачныя клопаты” ў саўгасе, а ў пякарні ж месца, як гаворыцца, хлебнае.
6.
Ядвіга ўзгадвае: “Не было такой магчымасці нас, дзяцей, часта песціць цукеркамі з крамы, затое мы ўдосталь елі свежую выпечку, бегалі сустракаць маці з працы, ведаючы, што заўсёды атрымаем цёплае выпечанае смакоцце”.
Аднойчы, скончыўшы вячэрнюю працу, як заўсёды, позна, Леанціна Станіславаўна выбіралася дамоў. Але на выхадзе з пякарні напаткала Арлова з участковым міліцыянерам. У яе кошыку ляжалі яшчэ гарачыя боханы хлеба, булачкі — несла дамоў…
Ядвіга Фёдараўна перадае мне матчын успамін: “У мяне душа ў пяткі апусцілася: аблава, крадзеж дзяржаўнай маёмасці! Калі спыняць і будзе праверка, скончыцца дрэнна, — справа не ў Арлове, а ва ўчастковым…” Са слоў маці, Аляксандр Віктаравіч зразумеў сітуацыю, скеміў, стаў яе распытваць: як прайшла працоўная змена, ці ўсё ў пякарні ў парадку, як дзеці… Маці заўсёды казала, што ваш бацька быў строгі, але справядлівы. Нас, дзяцей, не ўводзілі тады падрабязна ў курс усіх сямейных дарослых спраў. Але маці заўсёды ўдзячна была радзіне Арловых і асабліва Аляксандру Віктаравічу. Часцяком я сустракала маці ў абед, пасля яе ранішняй змены, тады ж заканчваліся і мае заняткі ў старым будынку школы ў Сапоцкіне, і тады мы па дарозе дамоў захадзілі да Арловых. Там мяне, дзяўчынку, вельмі ўражваў старадаўні прас-жалязка, у якім свяціліся вуглі. А цёця Ліда частавала мяне варэннем, якое гатавала неяк асабліва… Пасля, як загінуў Віця, маці не змагла жыць у доргунскім доме, і мы з родзічамі здолелі купіць дамок у Сапоцкіне, побач з новай школай. Сустракаць маці з працы стала не па дарозе, і захадзіць у дом Арловых я стала ўжо радзей”.
Вось так выбудоўвала жыццё “даргунска-сапоцкінскую” лінію сюжэта, якой наканавана перасекчыся з кіношнай.
Таму вернемся ў 1968 год.
7.
Меўшыя адбыцца прыезд здымачнай групы фільма “Героі не спазняюцца” і сустрэча ваяроў-ветэранаў вайны тады літаральна ўзрушылі вёску Доргунь.
Я не быў таму сведкам, але мне шмат хто падрабязна расказваў: піянерам прасавалі чырвоныя гальштукі, спраўлялі святочныя кашулі, з сапоцкінскай школы перадалі новы бліскучы горн, піянерважатая, казалі, напярэдадні здымак з’ездзіла ў Гародню, зрабіла манікюр — як жа: у кіно будуць здымаць!
Мой дарагі, гаротны, бязмежна таленавіты сябра кампазітар Яўген Грышман, якога так палюбіў і рэжысёр Мікіта Хубаў, напісаў выдатны марш на вырыванне з лесу калонны грозных танкаў і іх парадна-ўражвальны праезд міма хлопчыка, імя якога мы цяпер ведаем: Віця Колтвін.
Наша з Хубавым стужка тая па сёння ўражвае гледачоў.
І вось доказ: у 2014-м да мяне дазваніліся з Нюрнберга і запрасілі на фестываль бардаўскай песні ў памяць Уладзіміра Ланцберга з маімі карцінамі “Тут вам не раўніна” і “Галоснасць па-савецку. Няправільныя песні” — канешне ж, я паехаў.
А ў наступны год запрасілі з фільмамі “Героі не спазняюцца” і “Святочны альбом” на той жа фестываль: адшукалі іх у інтэрнэце.
8.
І вось урэшце развязка сюжэта, што сплёў найлепшы драматург — Жыццё.
Ядвіга Фёдараўна, у дзявоцтве Колтвін, цяпер даўно ўжо Бялая, супакоіўшыся, выкладае сутнасць званка з Гародні да мяне ў Мінск.
Персанаж нашага фільма “Героі не спазняюцца”, той самы ўпарты дзесяцігадовы хлопчык, які герояў — а імі сталіся сучасныя ваяры-танкісты, — усё ж дачакаўся, быў старэйшым братам Ядвігі. Праз шэсць гадоў пасля фільма падлетак загінуў: вясковая матацыклетная недарэчнасць. І Ядвіга просіць: ці можна паглядзець той фільм з удзелам яе брата? Ведала жанчына, што кіно — цудадзейная “машына часу”, дзе ўсе на экране вечна жывыя.
Канешне ж, сустрэліся на Дзяды ў Сапоцкіне на могілках, дзе ляжаць бацькі Ядвігі і брат Віця, я завітаў у гасцінны дом Ядвігі і Матэвуша Бялых з дыскам нашага з Хубавым фільма.
Успрыманне жанчынай даўняй стужкі, яе рэакцыю і перажыванні апісваць неэтычна…
Сказала на развітанне:
— І тое, што вы жывяце ў Мінску і прафесія ваша рэжысёр, я ведала ўжо вельмі даўно. Шмат год назад, увесь час мама прасіла, каб я вас расшукала і выказала ўдзячнасць вашым продкам, вашай радзіне. Я не магла адказаць маці, а толькі тлумачыла, што мяне сучасныя Арловы зусім не ведаюць і не зусім спрыяльна турбаваць іх па такой асабістай справе… А бачыце: аказалася гэта важна. Канешне, я не магу ўсяго ведаць, што звязвала нашы радзіны, нешта так і застанецца таямніцай. Але менавіта сям’я вашага бацькі падтрымлівала нашу сям’ю, калі была ў тым вострая неабходнасць. Так што запавет, пажаданне сваёй маці я выканала. Дзякую вам шчыра, што адгукнуліся, за спачуванне, за фільм.
Так здзейсніўся запавет верша:
“Нам не дано предугадать,
Как слово наше отзовётся…”, — як бы даўно слова тое ні было сказана.