Станіслаў Манюшка. Фота 1865 года.
У ПОШУКАХ ТАЛЕНТА
Вясной 1846 года малады віленскі кампазітар Станіслаў Манюшка (1819—1872) вырашае адправіцца ў Варшаву. Амбіцыі Манюшкі патрабавалі паспрабаваць сілы ў оперы. Едучы разам з жонкай з Вільні ў польскую сталіцу, Станіслаў дзяліўся з ёй сваімі думкамі наконт антаганізму паміж панскім дваром і тагачаснай вёскай. Кампазітар згадваў высакародны чын двух сваякоў, якія вызвалілі сваіх сялян ад прыгону задоўга да таго, як гэта стала мэйнстрымам. У Варшаве Манюшка пазнаёміўся з літаратарам Уладзімірам Вольскім (1824—1882), прадстаўніком г.зв. “Варшаўскай цыганэрыі” — суполкі дзівакоў, валасатых, з фальшывымі бародамі, у рыззі, з кіямі вандроўнікаў, ворагаў салоннага жыцця і прыхільнікаў простага народа, збіральнікаў фальклору і выдаўцоў сваіх часопісаў “Надвіслянін” і “Ластаўка”. Паэма Вольскага “Галька”, якую ў 1845 годзе забараніла цэнзура, прыцягнула ўвагу Манюшкі. Праўда, Манюшка вырашыў змяніць галоўнага героя паэмы. У оперы ім стаў не шляхціч, але пакрыўджаная ім прадстаўніца простага народу. З нейкіх прычын варшаўскай прэм’еры ў 1847 годзе не адбылося. У роспачы Станіслаў Манюшка вяртаецца ў Вільню і тут ставіць “Гальку” ў доме сваёй цешчы.
Віленская прэм’ера двухактовай оперы, у якой гралі сябры Манюшкі, адбылася 1 студзеня 1848 года. У 1854 годзе двухактовая “Галька” ставілася ў Вільні, у 1856 — у Мінску і Гродна. 1 студзеня 1858 года Варшава ўбачыла “Гальку” ўжо чатырохактовую. Усюды оперу ўспрымалі з трыумфам. У адзін дзень беларускі малавядомы правінцыйны кампазітар Станіслаў Манюшка стаў сусветна вядомым. У 1868 яго оперу ўбачылі ў Празе, у 1869 — у Маскве, у 1873 — у Кіеве. У ХХ стагоддзі оперу, якая вытрымала тысячу пастановак, ставілі ў найлепшых оперных тэатрах свету — Нью-Ёрк (1903), Мілан (1905), Сафія (1921), Вена (1926)… Берн, Берлін, Лондан і г.д. (агулам, больш за 25 краін).
А што Беларусь? А Беларусь, як тая пакрыўджаная Галька, сціпла стаяла ўбаку. Першая пастаноўка чатырохактовай оперы адбылася ў Мінску толькі ў 1975 годзе. Рабіў яе польскі рэжысёр на рускай мове. І толькі ў 2019 “Галька” заспявала з беларускай сцэны па-беларуску (у перакладзе музыказнаўцы Святлены Немагай).
Вось такі дзіўны, пакручасты лёс быў у гэтай оперы — оперы, якую ставілі і працягваюць ставіць з вялікім поспехам па ўсім свеце. Створанай тут, на беларускай зямлі беларускім кампазітарам, з выкарыстаннем “беларускага фальклору з Ігуменшчыны” …
Янка Купала
ДУНІН-МАРЦІНКЕВІЧ, ЧАХОВІЧ, ЯДВІГІН Ш. І КУПАЛА
Баронячы наш гонар, трэба сказаць, што на пачатку ХХ стагоддзя “Гальку” ўсё ж паспрабавалі паставіць у Мінску. І спрычыніўся да гэтага паэт Янка Купала. Пераклад лібрэта оперы быў ім завершаны ў 1922 годзе. Аб гэтым “сведчыць паметка на вокладцы зборніка “Шляхам жыцця” (Вільня, 1923): “Галька”. 1922. Падрыхтавана для друку”. Праўда, надрукаваная яна была толькі ў 1928 годзе ў “Зборы твораў” (IV т.).
У часы станаўлення Купалы як паэта опера проста грымела па ўсім свеце. Карысталася яна поспехам і ў Расійскай імперыі (дэбютаваў у ёй Фёдар Шаляпін). У 1918-м лібрэта оперы было перакладзена і на ўкраінскую мову. Беларусь жа новай, чатырохактовай версіі “Галькі” не бачыла. А пра двухактовую тым часам ужо і забыліся. Але былі тыя, хто ведаў, што Манюшка “свой, тутэйшы”, што “Галька” — твор беларускі.
Як вядома, з 1895 па 1904 год Луцэвічы жылі ў засценку Селішча (блізу Вялікіх Бясядаў, што на Лагойшчыне). У публікацыях, прысвечаных Купалу, часам згадваецца, што Селішча яны арандавалі ў “нейкай пані Манюшкі”.
Нам удалося ўстанавіць, што маёнткам Аскрышын (блізу Селішча) у XVIII—ХІХ стагоддзі валодаў род Дулічаў. Па ўсёй верагоднасці, згаданая “пані”, Эмілія, з’яўлялася дачкой Казіміра і сястрой Канстанціна Дулічаў і жонкай аднаго са стрыечных дзядзькоў Станіслава Манюшкі. Суседам Луцэвічаў быў Зыгмунт Чаховіч (1831—1907), бібліяфіл, які моцна паўплываў на светапогляд Янкі Купалы. У 1863 годзе Чаховіч уваходзіў у склад Літоўскага правінцыйнага камітэта, у якім быў і спявак і настаўнік Ахілес Банольдзі, вялікі сябра Станіслава Манюшкі. Другім чалавекам, які паўплываў на светапогляд Купалы, быў іншы сусед — Ядвігін Ш., пісьменнік, якога лічаць адным з заснавальнікаў беларускай прозы. У Карпілаўцы, маёнтку Лявіцкіх, бывалі фалькларыст, кампазітар і выдавец Антон Грыневіч (1877—1937), драматург-рэжысёр, тэатральны дзеяч Уладзіслаў Галубок (1882—1937).
У размовах з Лявіцкім Купала абмяркоўваў “беларускае пытанне”, а таксама творчасць землякоў Адама Міцкевіча, Элізы Ажэшкі, Юзафа Крашэўскага (чые творы пазней Купала перакладзе на беларускую мову). Трэба згадаць, што сам Ядвігін Ш. быў гадаванцам школкі, створанай у Люцынцы Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам (1808—1884). А ўжо пра супрацу Марцінкевіча і Манюшкі на тэатральнай ніве і што Манюшка бываў у Люцынцы, вядома добра. Купала, безумоўна, чуў пра Манюшку, прасякнуўся да яго пашанай, таму і звярнуўся да творчасці вядомага ўсяму свету кампазітара і земляка. Праўда, гэта толькі мае развагі.
А ВОСЬ, ШТО КАЖУЦЬ ФАКТЫ
Як мы ведаем, пераклад “Галькі” быў скончаны Купалам у 1922 годзе. У гэты час у Мінску ўжо два гады існаваў Беларускі драматычны акадэмічны тэатр. У лістах Вячаслава Селяха (1886–1976), вядомага опернага спевака і стваральніка беларускай оперы, у 1924 годзе згадваецца: “В первую голову намечены к постановке на белорусском яз.”Князь Игорь” и “Галька” и на русском — “Кармен” и “Борис Годунов”. Исторически событие, изложенное в “Слове о полку Игоре”, связано с Белорусским краем. Само “Слово” написано на старом белорусском языке. Перевод делает известный поэт Янка Купала” (12.ХІІ); “Порядок постановок предположен такой — Кн. Игорь, Галька, …..”(25.ХІІ) (“Беларускі прэм’ер”, Сяргей Селях, Мінск, 2018).
У 1928 годзе Янка Купала атрымаў вось такі водгук ад паэта і крытыка Язэпа Пушчы (1902—1964): “…а так надзвычай цяжка, напрыклад, гаварыць аб оперы “Галька” Уладзіміра Вольскага, якая, здаецца, у друку яшчэ нідзе не была і якую аўтар знайшоў магчымым, а мабыць, і патрэбным, выдрукаваць у 1928 г. (…) Наогул дзіўна, чым магла зацікавіць гэта шляхецкая опера Купалу? Твор сам па сабе маламастацкі, — няўжо тым, што Манюшка напісаў да яго музыку?” (“Лібрэта опер Станіслава Манюшкі”, Мінск, 2020).
Ці мог Янка Купала падрыхтаваць новы пераклад, адаптаваны для оперы? Пэўна, мог бы. Чаму ў друк пад бой крытыкаў была адпраўлена старая версія? Можа, з-за таго, што шанцаў на пастаноўку ўжо не было і гэта была адзіная магчымасць пакінуць беларускі след ў радаводзе оперы? Што ж тычыцца “маламастацкасці” “Галькі”, то… і па сёння ідзе яна ў тэатрах з поспехам. Толькі не беларускіх.
Аўтар выказвае падзяку Віктару Скарабагатаму, Святлене Немагай і Сяргею Селяху за кансультацыі. А таксама навуковым супрацоўнікам Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы за прадастаўленыя для публікацыі матэрыялы з фондаў музея.
P.S. Чарговы суботнік з “К” адбыўся 28 мая ў вёсцы Корань, на магіле бацькі Янкі Купалы — Дамініка Луцэвіча.