АДБІТКІ ФРАНТАВОГА АЛЬБОМА
...Пачыналася ўсё восенню 1941-га. Жорсткія баі ў раёнах Мажайска, Дорахава, Малаяраслаўца, Калугі, Разані і Ражска. Гібель аднапалчан, спапялёныя вёскі, разбураныя гарады, асірацелыя дзеці — усё гэта пакінула глыбокі след у свядомасці маскіроўшчыка, ваеннага інжынера 3-га рангу капітана Зайцава. Яго франтавы альбом адлюстраваў шматлікія зарысоўкі, беглыя накіды, зробленыя на перадавой і ў тыле: баявыя будні салдат, адпачынак пасля баёў, падрыхтоўка батальёнаў да наступлення. Так паступова назапашваўся бясцэнны дакументальна-рэпартажны матэрыял да будучых яго карцін і партрэтаў.
У 1943 годзе капітан Яўген Зайцаў быў адкліканы ў Маскву ў распараджэнне Цэнтральнага штаба партызанскага руху. Тут ён наладжвае асабістыя кантакты з Мінаем Шмыровым — Бацькам Мінаем, а таксама з камісарам брыгады Заслонава Людвігам Сяліцкім. Знаёмства з імі, камандзіраванымі на той час у сталіцу, прыўнесла ў творчы багаж жывапісца зусім новыя тэмы і задумы. Дзякуючы сустрэчы са Шмыровым, які распавёў мастаку трагічную гісторыю сваёй сям’і, нарадзілася палатно “Незабыўнае”. Ну а Сяліцкі прапанаваў Зайцаву напісаць эпічнае сказанне пра Канстанціна Заслонава і яго баявых саратнікаў. Падобныя знакавыя сустрэчы, па ўспамінах Яўгена Аляксеевіча, заўсёды давалі яму найбагацейшы матэрыял, які “прарастаў” ва ўсім ягоным пасляваенным мастацтве.
Аднак асноўная работа Зайцава непасрэдна ў Штабе партызанскага руху — стварэнне ілюстрацый для сатырычнага лістка “Пар-
тызанская дубінка” і газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Унікальны матэрыял карыстаўся вялізнай папулярнасцю сярод беларускіх партызан і насельніцтва акупаваных раёнаў. Жывапісец быў адным з самых актыўных арганізатараў выстаўкі беларускіх мастакоў у Траццякоўскай галерэі, прысвечанай 25-годдзю БССР, дзе экспанаваўся яго бліскучы “Партрэт юнага партызана”.
Вярнуўшыся ў 1944-м у разбураны Мінск, мастак не шукаў сваю магістральную тэму. Яна моцна пераплялася з ягоным франтавым лёсам. Эскіз карціны “Пахаванне героя” накідаў вугалем за адну ноч. Калегі, якія працавалі побач у майстэрні, здзіўляліся: хіба ж можна такое стварыць за некалькі гадзін? А Зайцаву, у якога душа поўнілася бурай уражанняў, неабходна было выказацца адразу ж, як толькі ўзнікаў вобразны “сілуэт”. Урэшце, нічога дзіўнага: такой была натура мастака.
ВОГНЕННАЯ “ПАЛІТРА” ЦЫТАДЭЛІ
Нагадаю, што першыя афіцыйныя звесткі аб гераічнай абароне Брэсцкай крэпасці, ды і тое — пункцірна, пачыналі з’яўляцца толькі ў канцы Вялікай Айчыннай. Гэтая трагічная і мужная старонка пачатку вайны доўгі час як бы не была “ўзаконеная”. Першыя ж артыкулы ў газетах, заснаваныя хутчэй на чутках, прамільгнулі ўжо пасля Перамогі. Дакумент, які па сіле ўздзеяння агаломшыў розумы і сэрцы, які прадставіў рэальную, без домыслаў, карціну, быў знойдзены у час разбору руін казармы ля Брэсцкай брамы ў 1951 годзе. Гэта быў вядомы сёння ва ўсім свеце недапісаны Загад № 1 ад 24 чэрвеня 1941 года — аб тэрміновай арганізацыі абароны цытадэлі.
Не перашкодзіць яшчэ раз распавесці пра тое, што ў тым жа годзе з’явілася карціна мастака-расіяніна Пятра Крываногава “Абаронцы Брэсцкай крэпасці”, якая і дасюль лічыцца хрэстаматыйным “піянерам” увасаблення гэтага подзвігу ў савецкім жывапісе. Аднак мала хто ведае, што сапраўдным родапачынальнікам тэмы з’явіўся Яўген Зайцаў, які на год раней, у 1950-м, напісаў сваю эпічную “Абарону Брэсцкай крэпасці ў 1941 годзе”. Па сутнасці палатно Зайцава не толькі апярэдзіла ў часе “раскручаную” савецкай прэсай карціну масквіча, але і пераўзыходзіла яе па насычанай пульсацыі драматызму, напружаным эмацыянальным рытме.
Паводле аповедаў Яўгена Аляксеевіча, ён упершыню пачуў пра абарону Цытадэлі над Бугам у пачатку 1944-га ў Цэнтральным штабе партызанскага руху. Хутчэй за ўсё, менавіта тады падсвядомасць і пачала дыктаваць мастаку сюжэт. Але падбіраўся ён да тэмы доўгімі дарогамі трывожных роздумаў, што абуджальнай марзянкай адгукаліся ў думках. Зайцаў амаль два гады вывучаў адпаведныя матэрыялы. Пракрочыў праз усе месцы баёў, агледзеў казематы і праходы, вывучаў надпісы, прадзёртыя абаронцамі на аплаўленых сценах, сустракаўся з ацалелымі байцамі-героямі. Строгая і неаспрэчная праў-
да гістарычных фактаў адбілася ў дзясятках натурных эцюдаў з адлюстраваннем расплаўленых агнём руін крэпасці, зарослых травой і кустоўем: рэшткі Холмскіх ды Цярэспальскіх варот, Белага палаца...
У цэнтры сваёй карціны Яўген Зайцаў “вылепіў” вобраз камандзіра са сцягам, прататыпам якога паслужыў начальнік 9-й пагранзаставы 17-га Брэсцкага пагранатрада войскаў НКУС лейтэнант Андрэй Кіжаватаў. Менавіта з гэтай атакуючай, дынамічнай фігурай літаральна спаяны ўсе астатнія часткі таленавіта скампанаванай батальнай сцэны. Пры ўсёй строгай акадэмічнасці рашэння, дакладна прапрацаванай атрыбутыкі, палатно надзвычай маляўнічае. Насычаны, гарачы каларыт у гаме зялёна-вохрыстых і чырвоных рэфлексаў выключна эмацыйна перадае высокі напал баёў за цытадэль у самыя апошнія дні чэрвеня сорак першага.
Спачатку карціна была ўласнасцю Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, потым яе перадалі ў фонды Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У час адкрыцця новага будынка на праспекце Пераможцаў я назіраў, як маладыя людзі моўчкі стаялі перад палатном, нібы ўзіраючыся ў праекцыю тых гераічных і крывавых падзей. Карціна стала своеасаблівым мастацкім запаветам нашчадкам, напамінам пра тое, якой страшнай цаной быў заваяваны сённяшні мірны дзень беларусаў.
ЯКІ ЁН, “ЦВІК” ЖАНРУ?
У Залаты летапіс айчыннага мастацтва франтавік Яўген Зайцаў увайшоў перш за ўсё як гістарычны жывапісец. Народны мастак СССР скульптар Заір Азгур назваў яго “беларускім Сурыкавым”. Мабыць, доля ісціны ў тым і ёсць. Свае творчыя прынцыпы Яўген Аляксеевіч сфармуляваў так: “Мастак, які працуе ў жанры гістарычнай карціны, павінен валодаць энцыклапедычнымі ведамі, дарам абагульнення фактаў, гарачым і страсным сэрцам, без якіх немагчымы канчатковы вынік. Гістарычны жывапісец павінен мець асаблівы талент мастакоўскага ўяўлення, якое ўзбагачае “незасушанай” жыццёвай праўдай статычны пералік падзей мінулага з пункту гледжання дня сённяшняга...”
Зразумела, пры стварэнні такіх палотнаў Зайцаву асабліва прыдаўся папярэдні творчы вопыт, які ён атрымаў у сваіх выбітных настаўнікаў Віцебскага мастацкага тэхнікума і ленінградскай Акадэміі мастацтваў — Валянціна Волкава, Міхаіла Керзіна, Кузьмы Пятрова-Водкіна і Аляксандра Асьмёркіна.
У творчым актыве гістарычнага жывапісца Зайцава — палотны “Чапаеў” і “Уступленне Чырвонай арміі ў Мінск ў 1920 годзе”, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны, “Пахаванне героя”, “Стаялі насмерць”, “Трывожнае юнацтва”, “Канстанцін Заслонаў”, “Мінск. Вызваленне”, трыпціхі “Пра Вялікую Айчынную” і “Памяць пакаленняў”.
ХХХ
Далёка не многія сучасныя мастакі спрабуюць сябе ў цяжкай працы стварэння эпахальнай гістарычнай карціны. Але ж гэты магутны, “цвіковы” жанр, у якім працаваў удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Яўген Зайцаў, запатрабаваны ва ўсе часы, пачынаючы з ранняга Адраджэння.
Гісторыя Вялікай Айчыннай нездарма прайшла праз творчасць дзясяткаў беларускіх мастакоў-франтавікоў і партызан. І іх лепшыя палотны, помнікі ды мемарыяльныя комплексы, графічныя аркушы, габелены і плакаты сталі сапраўднай энцыклапедыяй вечна жывой у нашым грамадстве ратнай эпапеі “саракавых, свінцовых і ракавых”.
Застаецца толькі спадзявацца, што сёлета, у Год гістарычнай памяці, на мальбертах і скульптурных станках маладых мастакоў з’явяцца творы, годныя іх папярэднікаў, такіх, як Яўген Зайцаў...
Барыс КРЭПАК, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі