ГІТЛЕР САРВАЎ ПРЭМ’ЕРУ БЕЛАРУСКАГА ФІЛЬМА
Што пра карціну даводзіць той жа 1-ы том кінадаследавання? З заключэння Дзяржфільмафонду СССР (1940): “Типичный для буржуазной комедии штампованный сюжет. Легковесность и схематизм образов определили неудачу фильма”.
Пытанне: як магла “определиться неудача”, калі карціна не выйшла на экраны? Калі яе, акрамя некалькіх цётачак — захавальніц фондаў у белых халатах і пальчатках, ніхто не бачыў?!
І яшчэ: што дрэннага, адмоўнага ў папулярных у гледача касавых камедыях кшталту “У джазе толькі дзяўчыны”, “Рымскія вакацыі” ці “Джордж з Дзінкі-джаза”.
Але сціплую карціну “Песня сяброўства” дабівалі і праз сорак год!
Кіназнаўца Вадзім Смаль ва ўласцівай яму жорсткасці і катэгарычнасці ў 1980 годзе пісаў: “Картины “Жатва” и “Песнь о дружбе”, законченные в самый канун войны, оказались весьма средними по своему уровню и далёкими от острых проблем действительности. В час суровых испытаний они не могли принести существенную пользу для мобилизации духовных сил народа, а в послевоенный период по своей проблематике оказались настолько устаревшими, что не представляли какого-либо интереса для зрителей”.
Тут міжволі ўзнікае пытанне: а якія фільмы ў даваенны час узнімалі “острые проблемы действительности”? “Волга-Волга”? “Багатая нявеста”? Ці, можа, “Маё каханне”?
Згадзіцца можна, бадай, з апошнімі папрокам… Хаця і тут: якая цікаўнасць, скажам, ужо ў пасляваенных фільмах “Добрай раніцы” або “Пасеялі дзяўчаты лён”?
Няшчасны лёс фільма крыецца ў часе яго нараджэння: “…самый канун войны”. Таму ні ўсесаюзнай гучнай прэм’еры, ні рэкламы, ні ўсесаюзнага пракату, ні масавага друку вялікай колькасці копій на ўвесь СССР, а — забыццё… Пасля вайны — ужо іншая эпоха, іншыя густы кінагледачоў, іншае ўспрыманне.
Але ж цікаўнасць да “Песні сяброўства” менавіта сёння ёсць — ну хаця б як да дакумента тае эпохі, як да мастацкага адлюстравання падзеі, значнай у тыя гады!
Як аўтара і вядучага дзесяці перадач праекта тэлеканала БТ-3 “Кіно маёй краіны” (2019), прысвечанага 95-годдзю нашай кінастудыі, мяне запрасілі адкрыць адзін з праглядаў кінафестывалю “Лістапад-2021” і прадставіць даўнішнюю стужку “Песня сяброўства”.
І вось пра што я дазнаўся з першага ж папярэдняга прагляду.
Здзівілі адразу ўступныя цітры: адзін з рэжысёраў — Сяргей Сплашноў, адзін з аператараў — Георгій Удавенкаў. Абодвух я добра ведаў, пад кіраўніцтвам абодвух працаваў!
Сяргей Іванавіч ставіў фільм “Нашы суседзі”, на якім летам 1957 года я працаваў памочнікам рэжысёра. Гэта быў нейкі размыты, неакрэслены жанр: “лірычная камедыя”, як і даваенная “Песня сяброўства”, як і наступны пасля “Нашых суседзяў” фільм Сплашнова “Цешча”.
А Георгій Якаўлевіч пасля “Песні сяброўства” неўзабаве з кінакамерай “Аймо” са спружынным механізмам і касетай са стужкай усяго на тры хвіліны стаў у шматсоценны шэраг франтавых аператараў, з якіх, здымаючы баявую кінахроніку, загінуў кожны чацвёрты. А ў 1956-м ён здымаў каляровы мастацкі фільм “Міколка-паравоз”, на якім я працаваў памочнікам кінарэжысёра Льва Голуба: рабіў першыя крокі свайго “жыцця ў мастацтве”.
Руская назва фільма “Песнь дружбы” — менавіта не “песня”, а “песнь”: гучыць былінна, эпічна, як у Пушкіна “Песнь о вещем Олеге”! Трэба было чакаць ад фільма хаця б нейкага абагульнення… Але ніякая не велічная “песнь”, ніякае не “сяброўства”.
Застаецца толькі здагадвацца, можа, задумвалася наша “Песня…” як адна з серый карцін пра сваю ўласную дэкаду мастацтва, што павінна была стварыць кожная саюзная рэспубліка па аднолькавай схеме: падрыхтоўка і правядзенне ў Маскве нацыянальнай дэкады? Але да Беларускай ССР прайшлі ўжо дэкады Кіргізскай, Армянскай, Узбекскай, Грузінскай саюзных рэспублік, аднак кінакарцін пра іх на нацыянальных кінастудыях не здымалі.
А што ж беларусы?
Як з экрана загаварылі персанажы, у мяне другое здзіўленне: размаўлялі па-беларуску! А па нізе экрана надпісы — на рускай мове.
Паколькі здымаліся спрэс рускамоўныя артысты, значыць, была пераагучка, значыць, фільм з рускімі цітрамі прызначаўся на ўсесаюзны экран — так рыхтавалі для паказу па СССР усе карціны вытворчасці нацыянальных студый.
Акцёрская каманда — усе чужыя: піцерскі Васіль Меркур’еў, са Сталінградскага драмтэатра — Глухаў; масквічы — папулярны тады Іван Кузняцоў, таўстун Іёна Бій-Бродскі, вядомы па “Шукальніках шчасця” Шлёма. Нават на бязмоўны эпізод акампаніятара, што літаральна мільгануў у канцы фільма, запрасілі Самошнікава — музыканта ўцёсаўскага джаз-аркестра, які запомніўся з мітусні ў камедыі “Вясёлыя хлопцы”. Усе — не з Беларусі.
У гэтым фільме ўжо нараджалася тэндэнцыя, якая замацавалася ў пасляваенныя гады: не здымаць у галоўных ролях беларускіх акцёраў, ссунуўшы іх на эпізоды. Гэта не ўласціва было ні кінематографам Прыбалтыйскіх рэспублік, ні Закаўказскіх, ні Сярэднеазіяцкіх…
Апроч задач фінансавага прыбытку з пракату — усяляк зацікавіць гледача прыгажосцю акцёраў, заблытаным сюжэтам, музычнасцю, жахамі, — кіно яшчэ выконвала своеасаблівую агітацыйную функцыю. Узгадайце, колькі нашых і замежных карцін пераконвалі ўдзельнічаць у латарэях: персанажы выпадкова набывалі квіток, на які выпадаў мільённы выйгрыш, — і станавіліся шчаслівыя. А беларускі фільм “Дзяўчына спяшаецца на спатканне” агітаваў цаніць дакумент падчас кампаніі пашпартызацыі ў СССР.
Карціны “Музычная гісторыя” з “народным талентам” —шафёрам у выкананні Сяргея Лемешава, “Волга-Волга” з музыкамі-самародкамі “з народа” ў асобах “дзядзі Кузі” і “цёці Пашы” заклікалі да ўдзелу ў мастацкай самадзейнасці.
А была і яшчэ задача ў кінематографа: ухваленне, ганарлівасць. Тая ж “Волга-Волга” дэманстравала толькі што прарыты, пабудаваны з шыкоўнымі рачнымі вакзаламі і шлюзамі канал Масква — Волга. Асноўныя падзеі стужкі “Свінарка і пастух” адбываюцца на Усезаюзнай сельгасвыстаўцы, пазней ВДНГ, — дасягненні, дасягненні!
Народная самадзейнасць і гонар, ухваленне народных мастацкіх талентаў сталі мэтай, асноўнай тэмай фільма “Песня сяброўства”.
Тэрмін Дэкады мастацтва БССР пераносіўся ў трэці раз: з верасня 1939-га ў сувязі з вызваленчым паходам Чырвонай арміі дзеля ўз’яднання Заходняй Беларусі (таксама і Заходняй Украіны) з Усходняй; з лістапада 1939-га ў сувязі з савецка-фінскай вайной; і вось, урэшце, трэці тэрмін: 5—15 чэрвеня 1940-га.
Стужка — па-сутнасці, фільм-канцэрт — бы ўзнаўляла, звязвала ўзгаданым “штампованным сюжетом буржуазной комедии” падрыхтоўку моладзі да дэкады і яе праходжанне.
Каштоўны вынік: лепшыя нумары адразу па заканчэнні дэкады ўлетку 1940-га былі знятыя на кінастужку: дуэт з оперы “Міхась Падгорны” ў выкананні Рыты Млодэк і Арсена Арсенкі, чатыры нумары Дзяржаўнага джаз-аркестра БССР пад кіраўніцтвам і пры ўдзеле трубача-віртуоза Эдзі Рознера — гэтыя нумары існавалі асобна, іх бы цяпер кваліфікавалі як кліпы.
А вось два адзнятыя нумары ўключылі ў фільм “Песня сяброўства”.
“Танец куранят” паставіў тады ўжо славуты балетмайстар Касьян Галяйзоўскі: маці-курыца — балерына Малахава, кураняты — выхаванцы харэаграфічнай вучэльні; дзеці на экране ці на сцэне — заўсёды “цеплафікацыя” залы.
Песню “Нам прыслала Масква падкрэпленіе” выконваў хор вёскі Вялікае Падлессе, якая ўсяго за дзевяць месяцаў да дэкады адышла ад панскай Польшчы і ўлілася ў склад Беларускай ССР. Зразумела, што ў сялян проста не магло быць песень аб Сталіне, партыі, Чырвонай арміі — адкуль?! Але для ўспрымання спеваў расійскімі слухачамі тэкст склаў на “трасянцы” кіраўнік хору Генадзь Цітовіч, які яго і адкрыў.
Роўна праз год і адзін тыдзень пасля заканчэння дэкады на Беларусь пасыпаліся бомбы: пачалася Вялікая Айчынная вайна. Прэм’ера фільма, яго памнажэнне і ўсесаюзны пракат былі сарваныя фашыстамі. Яўфы з бляшанкамі кантрольных копій так і засталіся на дальніх паліцах фільмасховішча.
Руплівасцю арганізатараў кінафестывалю “Лістапад-2021” сціплая беларуская карціна праз 81 год быццам выплыла з небыцця, і я выканаў місію: прадставіў яе на фестывалі.
Моладзь запоўніла залу. Гэта былі, па сутнасці, першыя гледачы фільма “Песня сяброўства”.
Пераканайцеся на гэтым прыкладзе: не толькі рукапісы не гараць ды напісанае застаецца, але і адзнятае.
Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр