Менавіта там, да прыкладу, ён запісаў такія песні, як пастухоўская "Да ў зялёнай дуброве" (Рэчыцкі раён), любоўная "А у лесе на дубочку" (Ляхавічы Жыткавіцкага раёна), калгасная "Ўзышоў свецел месячык" (Калінкавіцкі раён). Сябраваў творца і з Іванам Мележам. Нават у штотыднёвіку "ЛіМ" змясціў свой артыкул да 50-годдзя пісьменніка, назваўшы яго з гэткім "музычным адценнем" - "Пясняр палескага краю".
У творчай дзейнасці і самой асобе Г.Цітовіча і дагэтуль застаецца шмат загадак. Хаця нашчадкаў у яго шмат - і творчых, і кроўных. Ён выхаваў трох дачок, адна з якіх, Святлана, стала артысткай балета, абраўшы менавіта народную харэаграфію. А праўнук, таксама Генадзь Цітовіч, вучыцца харавому дырыжыраванню ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. І на юбілейным канцэрце ў гонар заснавальніка Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору яму дазволілі прадырыжыраваць славутым калектывам.
Збіралі і выдавалі народныя песні многія этнографы і фалькларысты. А між тым, менавіта Цітовічава "Анталогія" застаецца самай запатрабаванай. І настолькі папулярнай, што музыканты апошнім часам нават скардзяцца: маўляў, да якой песні з яе ні звернешся - усе ўжо выкарыстаны, ды неаднойчы! У чым жа разгадка? Няўжо толькі ў тым, што ў гэтым важкім томе ён надрукаваў не адно самастойна сабраныя песні, але і творы са збораў іншых даследчыкаў і тым самым пашырыў фальклорны зборнік да сапраўднай анталогіі? Не, справа і ў тым, што ён зрабіў прафесійны адбор, уключыўшы ў выданне самыя, бадай, яркія прыклады. А яшчэ - сумясціў даследчыцкую "кніжную" дзейнасць з папулярызатарскай канцэртнай.
Цітовіч акцэнтуе ўвагу на народнай манеры з яе "адкрытым" гукам. І скарае тым нават Маскву! Падлескі хор ухваляецца ажно ў газеце "Правда". І- ствараецца прафесійны калектыў, які зробіць народную манеру спеваў сваёй галоўнай адметнасцю. А яшчэ праз нейкі час народнай манеры пачнуць навучаць - на ўзроўні вышэйшай адукацыі, у Інстытуце культуры (цяперашнім Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў).
Таму, колькі б ні пашыраў свой рэпертуар Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г.Цітовіча (а гэта неабходна хаця б для пастаяннага росту прафесіяналізму артыстаў), вяршыняй яго дзейнасці на сёння застаецца аднаўленне абраду беларускага вяселля на аснове аўтэнтычных народных песень.
І тое, што гэтая вяршыня прыпадае на цяперашні час, калі калектывам кіруе народны артыст Беларусі, прафесар Міхась Дрынеўскі, толькі надае Цітовічу новы віток прызнання. Бо ён выхаваў сабе добрага пераемніка: яшчэ студэнтам прывёў Міхася Паўлавіча ў свой хор і зацікавіў яго гэтай працай на ўсё жыццё.
- Гомельшчына, Тураўшчына, дзе я нарадзіўся, - узгадвае М.Дрынеўскі, - адзін з самых спеўных рэгіёнаў Беларусі. Тут вельмі развіта асаблівая падгалосачнасць, не ўласцівая паўночным раёнам. Можа, гэта само сонца спрыяе голасу? Спеўнасць тут - ад прыроды і ад Бога. Таму песні тут збіралі ўсе: Зінаіда Гіпіус, Зінаіда Эвальд, Лідзія Мухарынская, я і сам ездзіў сюды ў фальклорныя экспедыцыі. І, вядома, Генадзь Цітовіч...
Фота Юрыя ІВАНОВА