- Мой бацька, - распавядае Міхаіл Якаўлевіч, - нарадзіўся ў вёсцы Мялешкавічы пад Мазыром. Пешшу хадзіў у горад на працу: па 25 кіламетраў туды і назад. А маці 32 гады адпрацавала прачкай у вайсковай часці. Я ж нарадзіўся ўжо ў самім Мазыры. Але ўся наша сям'я захавала любоў і вялікую павагу да вёскі. Памятаю, як вяскоўцы прыязджалі на кірмаш гандляваць ягадамі, яблыкамі. Начавалі, вядома, у нас. Гэта былі вельмі добрыя, светлыя людзі, якія заўсёды імкнуліся дапамагчы па гаспадарцы, неяк аддзячыць. Тыя ж гасціннасць і спагадлівасць там захаваліся і па сёння. Калі прыязджаю ў родныя мясціны, мяне спыняюць проста на вуліцы, вітаюць, дзякуюць, намагаюцца пачаставаць...
Мазыршчына можа ганарыцца і сваімі музычнымі традыцыямі. Найвялікшым святам было - калі да нас прыязджалі артысты. Дый мясцовыя музыканты былі ў фаворы. Сёння ў гэта цяжка паверыць, але ў горадзе майго дзяцінства ў тыя часы было некалькі духавых аркестраў. Яны выступалі на святах, гралі ў гарадскім парку, людзі танцавалі, адпачывалі - гэта была яшчэ і культура баўлення часу, сустрэч, размоў, успамінаў. Адзін з музыкантаў самадзейнага духавога аркестра кватараваў у нас: днём хадзіў, як усе, на працу, а ўвечары - у аркестры. І я ўпотай, калі яго не было дома, пачаў спрабаваць граць на ягоным інструменце - нават без усялякага мундштука. Музычныя схільнасці развівала і радыё: там пастаянна трансліраваліся і народныя песні, і класіка. Я адразу палюбіў беларускую музыку. Магу і сёння праспяваць усе куплеты такіх песень, як "Мікіта", "Чабарок", "Лявоніха", "ПолькаЯнка": я вывучыў іх яшчэ па тых радыётрансляцыях. Гэта немагчыма было не запомніць, бо яны гучалі рэгулярна!..
Не забываецца маэстра на сваю малую радзіму: 23 гады запар Нацыянальны канцэртны аркестр штогод распачынаў сезон менавіта ў Мазыры.
- Штогод мы даём у Мазыры, - працягвае М.Фінберг, - па чатыры канцэрты. Звычайна гэта два выезды: увосень і напярэдадні навагодніх святаў. Усе яны праходзяць з аншлагам, бо мы ніколі не паўтараемся і, да таго ж, выконваем там усе свае прэм'еры. З нафтаперапрацоўчым камбінатам у нас падпісана дамова, я вельмі ўдзячны гэтаму прадпрыемству за спонсарскую дапамогу. Іхні Палац культуры - найвышэйшага класа! Гэта таксама, пагадзіцеся, паказчык стаўлення да мастацкай творчасці. Дадайце сюды і ўстановы пачатковай музычнай адукацыі, што ёсць у горадзе, і (падкрэслю, гэта вельмі важна!) музычнае вучылішча. Усё гэта сведчыць: тут клапоцяцца не толькі пра вытворчасць, але і пра культурны патэнцыял нацыі. Я ганаруся, што з'яўляюся ганаровым грамадзянінам Мазыра, і вельмі цаню гэта.
Фота Юрыя ІВАНОВА