- Гэты канцэрт, - адказаў на наша тэлефанаванне Райманд Вальдэмаравіч, - адбудзецца па ініцыятыве вашых музыкантаў. Думаю, будзе цікава, бо атрымаецца новая камбінацыя твораў і выканаўцаў: мае песні будуць спяваць, найперш, салісты беларускага аркестра, а таксама некалькі запрошаных гасцей.
- Ці часта вы праводзіце такія свае вечары з рознымі калектывамі?
- Вельмі рэдка. Не люблю выязджаць: я ў сваім жыцці "накатаўся" ўжо дастаткова, таму хочацца крыху і на месцы пасядзець. Але ваш аркестр я добра ведаю, гэта насамрэч калектыў найвышэйшага класа. Разам з ім я праводзіў сваю творчую вечарыну ў Рызе, таму адгукнуўся і на гэтую прапанову. Сапраўды, цікава будзе паслухаць свае песні ў выкананні вашых артыстаў. А яшчэ, мабыць, цікавей будзе пачуць новыя аранжыроўкі, зробленыя музыкантамі калектыву: гэта ж нейкі новы погляд на мае песні.
- Вы, вядома, увесь вечар будзеце за раялем?
- А што ж мне яшчэ застаецца рабіць? (Смяецца.)
- Сапраўды, калі ўсе месцы ў зале занятыя, кампазітару, каб паслухаць сваю музыку, нічога не застаецца, як заняць адзінае "вольнае месца", дый тое на сцэне - за раялем. Ну, а ў вас гэта атрымліваецца настолькі цудоўна, што часам не ведаеш, за кім лепей сачыць - за салістам або за вамі: настолькі вольна, артыстычна, штораз па-новаму вы інтэрпрэтуеце свае песні. У нас ад вашых выступленняў засталіся папросту фантастычныя ўражанні! А ў вас ад віцебскага фестывалю? Дарэчы, што вы пажадалі б яму сёлета?
- Мінулы "Славянскі базар у Віцебску" пакінуў самыя цёплыя ўспаміны. Заўсёды вельмі цікава паглядзець, што робіць маладое пакаленне і што яшчэ толькі імкнецца зрабіць. На вашым фестывалі гэта бачна, бо акрамя знаных зорак вы запрашаеце на яго творчую моладзь, праводзіце конкурс. Арганізоўваць сёння штосьці падобнае вельмі складана, бо паўстае шмат праблем. Але на вашым фестывалі іх не відаць, бо ўсе яны паспяхова вырашаюцца. Таму жадаю форуму і надалей праходзіць на добрым узроўні, каб публіка і самі артысты атрымлівалі радасць!