Чым здзівіць неўтаймоўны артыст? Што такое ўкраінскі джаз? Якім бачыцца Скрыпку беларускі глядач? Пра ўсё гэта "К" запытала ў самога спевака.
- Сольныя работы Алега Скрыпкі мала таго, што адрозніваюцца ад створанага ў складзе групы "Воплі Відаплясава", дык і не падобныя адна на адну. Да прыкладу, летась вы выдалі максі-сінгл з джаз-інтэрпрэтацыямі песень Багдана Весялоўскага пачатку ХХ стагоддзя. Дык які ж ён, украінскі джаз?
- Гэты праект даўся мне лёгка: я не шукаў яго спецыяльна, але ў пэўны момант некалькі асоб, не звязаных паміж сабой, прапанавалі матэрыялы, паводле якіх і была створана плытка. Работа працягвалася доўга, але лёгка і прыемна. З музыкантамі, што працавалі са мной, мы прадоўжылі ствараць і канцэртную праграму, паколькі спачатку была толькі віртуальная праца над запісам. А потым мы сабраліся, сыгралі ўсё гэта "жыўцом", і атрымалася проста выдатна! Карацей, "Джаз-кабарэ" - адзін з тых праектаў, што прыносяць шмат задавальнення.
- Алег Юр'евіч, вы прыязджаеце ў Віцебск адразу пасля ініцыяванага вамі шмат гадоў таму фольк-фестывалю "Країна Мрій", дзе нязменна прымаеце ўдзел. Якім, на ваш погляд, павінен быць сапраўды народны фэст?
- Народны фестываль у маім разуменні - месца, куды чалавек прыходзіць не проста пастаяць перад адной сцэнай: павінна быць шмат сцэн, пляцовак, інтэрактыўных забаў. Напрыклад, на "Країні Мрій" госці могуць вучыцца танцам і японскай каліграфіі, слухаць паэзію, набываць сувеніры, спрабаваць уласнаручна зляпіць нешта з гліны... Ёсць тут і забавы для дзяцей, і небходны сервіс. Урэшце, вялікае значэнне мае само месца, якое павінна быць прыемным, захапляць адпачынкам, здзіўляць атмасферай...
- Вы раней наведвалі ўжо Віцебск. Якія вашы ўражанні ад горада?
- У Віцебску мы выступалі, а вось на "Славянскім базары..." не даводзілася бываць. Беларусь увогуле ўражвае. З аднаго боку, мы надзвычай блізкія геаграфічна і гістарычна. З іншага, калі ўкраінцы прыязджаюць у Беларусь, дык заўважаюць масу адрозненняў, і першае - гэта добраўпарадкаванасць і чысціня. Другое - цудоўныя канцэртныя і спартыўныя залы. Здзіўляе, як шмат увагі дзяржава надае адукацыі і культуры. А яшчэ ў Беларусі - цудоўная публіка: уважлівая, адкрытая, сардэчна прымае нас, ведае нашу музыку, прычым не павярхоўна, а глыбока.
- "Беларусь - гэта адзіная краіна, дзе любяць джаз", - вашы словы з нядаўняга радыёінтэрв'ю. На чым заснавана ваша думка?
- Я б сказаў, што ў Беларусі сфарміраваўся інтэлігентны слухач. Сусветная супольнасць паражана мейнстрымам і завалена рэкламным прадуктам. Людзі развучыліся слухаць музыку глыбока. Асабліва, мяркую, гэта датычыць буйных гарадоў, сталіц, і Кіева ў тым ліку. Беларускі глядач вылучаецца сваім стаўленнем, інтэлігентнасцю: людзі дасведчаныя, цікаўныя. Нават калі я раблю невялікі праект тут, ва Украіне, дык ад вас рэакцыю атрымліваю хутчэй! Адчуваецца спакой, увага, засяроджанасць на сапраўды важных рэчах. У выніку ж узнікае надзвычай душэўны, шчыры дыялог.
Таму я ўпэўнены, што наша джазавае выступленне - атрымаецца, і кантакт наладзіцца. Бывае, баішся быць непачутым, калі спрабуеш нешта данесці са сцэны, - сёння ж у модзе штось яркае, эпатажнае, у пэўнай ступені агрэсіўнае. А джаз, нават рэзкі і шумны, усё роўна вылучаецца якасцю выканання, рытмікай... Не так даўно мы ладзілі падобныя канцэрты ў заходнеўкраінскіх Львове і Луцку, якія гістарычна знаходзяцца пад уплывам еўрапейскай, а дакладней - польскай музычнай культуры. Беларусь, на маю думку, таксама ў нечым набліжана да той плыні ў плане ўспрыняцця музыкі, музычных тэндэнцый. Таму, паўтаруся, я мяркую, што "Джаз-кабарэ" ў Віцебску пройдзе добра і пакіне толькі самыя прыемныя ўражанні.