- Дзмітрый Аляксандравіч, на віцебскім форуме мастацтваў вы прадставіце сваю праграму пад акампанемент Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь. З гэтым калектывам вы ўжо выступалі летась у сталічным Палацы спорту. Якія ўражанні ад сумеснай працы?
- Уражанні - надзвычай прыемныя. Прэзідэнцкі аркестр Беларусі, на маю думку, - вельмі добры малады калектыў, які літаральна выпраменьвае станоўчыя эмоцыі пры выкананні сусветнай класікі. І (можа, праз свой узрост) музыканты - надзвычай захопленыя. Прычым захапленнем гэтым немагчыма не запаліцца і самому! А ўвогуле, Беларусь наведваю пастаянна, і ўражанні заўжды - самыя добрыя.
- Дзмітрый Хварастоўскі, па ўсім, - чалавек стыльны, прычым як у музыцы, так і ў паўсядзённасці. А прытрымлівацца свайго непаўторнага стылю ў жанры, у якім вы працуеце, - адна з найпершых зарук поспеху. Якімі прынцыпамі кіруецеся ў мастацтве і ў жыцці?
- Гранічная натуральнасць - прынцып найпершы і, адпаведна, найважнейшы. У мастацтве гэта - галоўнае: менавіта такім чынам артыст ідзе да гледача і слухача, дасягаючы глыбіні яго душы праз мастацтва. Калі паміж спеваком і публікай узнікае суперажыванне, разуменне і спачуванне да героя таго або іншага вакальнага твора, тады падобны кантакт і ўстанаўліваецца.
- Ведаю, што апошнім часам у вашы канцэртныя праграмы ўваходзяць песні гадоў Вялікай Айчыннай вайны. Ці пачуе іх віцебскі слухач?
- Франтавыя песні, творы пасляваенных гадоў - адна з найярчэйшых старонак, - а сёння можна казаць і пра традыцыю, - у нашай культуры. Не выпадкова яны ўзніклі і ў маім рэпертуары, бо цесна звязаны з Памяццю народа, дзе, мусіць, няма той сям'і, якую не абпаліла б крыло пажарышчаў і баёў Вялікай Айчыннай. І я здзіўляюся штораз той рэакцыі, якую бачу ў гледачоў не толькі ў Беларусі, Расіі або Украіне, але і на Захадзе: пасля выканання "франтавой праграмы" людзі ў Лондане або іншым еўрапейскім горадзе ўстаюць і апладзіруюць, не стрымліваючы слёз. У іх, на маю думку, закладзены код болю, код перажывання і суперажывання. А гэтыя пачуцці, я, мабыць, паўтаруся, - рухавік многіх рэчаў. Не шкадую, што ўключыў гэтыя песні ў свой рэпертуар, прычым, паверце, не толькі ў сувязі са святкаваннем 65-годдзя Вялікай Перамогі. Канешне ж, прадстаўлю іх з задавальненнем і віцябчанам.
- Чым яшчэ здзівіце патрабавальных гледачоў фестывалю?
- Акрамя ваенных песень, выканаю праграму рускіх рамансаў.
- Ведаю, што найбліжэйшыя вашы выступленні пасля "Славянскага базару ў Віцебску" пройдуць на іншых фестывалях: у Вероне і Празе. Якія канцэрты вам наогул больш падабаюцца: пад адкрытым небам, у вялікіх залах або ў камернай абстаноўцы?
- Ведаеце, усё залежыць ад настрою. А разнастайнасці і сапраўды хапае. Скажам, у Вероне я выканаю партыю Трубадура ў аднайменнай оперы Джузэпэ Вердзі, а ў Празе выступлю якраз у камерным канцэрце пад акампанемент раяля. У Віцебску мяне чакае аркестр. Думаецца, што сапраўднае мастацтва - гэта яшчэ і ўменне заставацца розным.