Тым больш прыемным было пачуць "Good morning!" Томаса Андэрса, калі з'явілася магчымасць атрымаць адказы на некалькі пытанняў "Культуры" напярэдадні сёлетняга "Славянскага базару ў Віцебску".
- Спадар Андэрс, ведаю, што вы ўжо некалькі разоў наведвалі Беларусь, выступалі ў Мінску, а таксама ў старажытным Мірскім замку - як вакаліст дуэта "Модэрн Токінг" і ў якасці саліста. Чым запомнілася наша краіна цягам тых гастролей?
- Так, гастролі запомніліся, асабліва - апошнія: я быў вельмі ўражаны тым замкам, ля якога спяваў, і навакольнай прыродай. Надзвычай маляўнічае месца!
- Сёлета вы выступаеце ў Летнім амфітэатры Віцебска. Скажыце, якія канцэрты вам больш даспадобы: на адкрытым паветры або ў канцэртных залах?
- Вядома, калі надвор'е дазваляе, дык я люблю спяваць на адкрытых пляцоўках. Між іншым, музычныя імпрэзы на прыродзе - гэта яшчэ і выдатная акустыка. Зрэшты, у мяне ёсць небеспадстаўнае адчуванне, што і публіцы больш падабаюцца падобныя "open air". Мо таму і нейкі бар'ер пачуццёвасці паміж артыстам і імправізаванай залай - вышэйшы. Мяркую, што і ў Летнім амфітэатры Віцебска я змагу адчуць такое ж яднанне з гледачамі.
- Паколькі наш славуты фестываль праходзіць у Віцебску, не магу не запытацца вось пра што. У Германіі ў свой час працаваў над шэрагам манументальных работ сусветна вядомы віцябчанін - мастак Марк Шагал. У ліку яго работ, што ўзніклі ў другой палове ХХ стагоддзя ў Германіі, - керамічныя пано, вітражы, мазаікі... Ці знаёмы вы з ягонай творчасцю? Ці хацелі б наведаць шагалаўскія мясціны ў час знаходжання ў Віцебску?
- Не тое, што знаёмы, - я надзвычай захапляюся мастацтвам Марка Шагала. А вось праграма майго візіту ў ягоны родны горад - вельмі сціслая, таму пабываць і нешта пабачыць з шагалаўскіх мясцін не давядзецца...
- Упэўнены, перад віцебскім гледачом вы абавязкова выканаеце колькі песень са свайго новага альбома "Strong". Магчыма, у сэт-лісце зойме сваё месца і песня "Нежность" яшчэ адной пастаяннай удзельніцы "Славянскага базару ў Віцебску" - народнай артысткі СССР Аляксандры Пахмутавай?
- А ў англамоўнай версіі яна атрымала назву "Tenderness", выконваў яе летась у Маскве. Папраўдзе ж, я пакуль не вызначыўся з канчатковым выглядам праграмы. Але мне вельмі прыемна, што мае прыхільнікі ў Беларусі любяць гэтую песню.