Адразу скажу, што Васіль Казачок — выкладчык, педагог, ганчар і нават паэт — даўні знаёмы “К”. Яшчэ ў 2018 годзе я сам завітваў у Гарадную і размаўляў Васілём Андрэевічам пра сённяшняе жыццё Цэнтра ганчарства і яго перспектывы. Сярод іншага, кіраўнік установы дэманстраваў мне і сваю ўзнагароду, атрыманую ў тым годзе ад галіновага прафсаюза. Не хаваў сваёй радасці Васіль Казачок і цяпер, калі я пазваніў яму, каб павіншаваць з атрыманнем спецыяльнай прэміі Прэзідэнта.
— Лічу, што гэта ўзнагарода, гэтае прызнанне заслуг дасць яшчэ больш магчымасцей раскруціць нашу ўстанову культуры, — адзначыў суразмоўца. — Мы і так вядомыя далёка за межамі нашага раёна, бо, як вы ведаеце, у нас ужо не першы год ладзіцца Міжнародны пленэр ганчароў, на які з’язджаюцца майстры-глінамесы з многіх замежных дзяржаў.
Напрыклад, на VІ Міжнародны пленэр ганчароў-керамістаў, па словах Васіля Казачка, прыехалі ажно 30 майстроў-ганчароў з розных краін свету.
— Таму, як я лічу, і сама Гарадная, і міжнародны пленэр ганчароў, і наш Цэнтр ганчарства ўжо зрабіліся сапраўдным брэндам не толькі Столінскага раёна, а і ўсёй Беларусі, — перакананы кіраўнік установы. — Да нас едуць павучыцца ганчарнай справе, нас запрашаюць да сябе ў госці майстры-глінамесы з розных куткоў свету.
Што да “матчасткі” Цэнтра ганчарства, дык яна за гэтыя гады сапраўды значна пабагацела. Цяпер тут ёсць тры электрычныя ганчарныя колы, электрапеч, шкляныя вітрыны для экспанатаў выставачнай залы. З’явілася і электрычная глінамялка. Да таго ж плошчы Цэнтра ганчарства павялічыліся, і цяпер у ім прадстаўлены дзясяткі экспанатаў ад майстроў глінянай справы з розных куткоў Еўропы і Азіі.
Дарэчы, па словах Васіля Казачка, Цэнтр плануе і далей “прырастаць” памяшканнямі, а таксама набываць вітрыны для дэманстрацыі экспанатаў. Тым больш вырабаў, якія яскрава паказваюць усе мастацкія здольнасці глінамесаў розных краін свету, у фондах назапасілася за гэты час багата.
На жаль, з-за каранавіруса і сённяшняга неспрыяльнага эпідэміялагічнага становішча чарговы Міжнародны пленэр ганчароў у Гарадной зладзіць мінулым летам не ўдалося, таму было прынята рашэнне перанесці яго на год. І, канешне, Васіль Казачок шчыра запрасіў “К” прыехаць на гэты пленэр, які папярэдне плануецца правесці ў ліпені. Натуральна, там мы абавязкова пабываем і абавязкова раскажам падрабязна пра ўсе цікавосткі гэтай адметнай і цікавай дзеі, што ладзіцца традыцыйна ў гэтым самабытным кутку Беларускага Палесся.