Што азначае экстэр’ер будынка?
— Абеліск “Мінск — горад-герой” і будынак музея ўтвараюць адзіны комплекс. Будынак складаецца з некалькіх сегментаў, а ўсе восі сыходзяцца на абеліску. Тое дазволіла “сціснуць” галоўны фасад і зрабіць яго сумаштабным наяўнай вертыкалі і скульптуры. Гэтая канцэнтрацыя ўсіх ліній на аб’ект, які сімвалізуе пераможнае завяршэнне Другой Сусветнай вайны, увасабляе ідэю руху да Перамогі, што пачаўся з першага дня вайны.
Чаму нахілены сцены?
— Нахіленыя сцены надаюць дынамікі, драматызму і настройваюць наведвальнікаў на ўспрыманне экспазіцыі. Рэалізацыя гэтай ідэі атрымалася нялёгкай. Калі контуры з металічных сцен ужо пачалі праяўляцца, узнікалі ідэі выраўняць сцены. Але на той момант нахіленыя канструкцыі ўжо ўзвялі.
Ці дастатковыя плошчы музея?
— Музей спланаваны так, што экспазіцыя можа змяняцца, дапаўняцца. Прастора дазваляе. Сённяшняя экспазіцыя створана на базе наяўных фондаў і экспанавання, што існавала ў старым будынку. Але недзе ў балоце ляжыць танк або самалёт, якія трэба дастаць і адрэстаўраваць, а потым яны змогуць трапіць у экспазіцыю — у будынку музея ці на прылеглай тэрыторыі. Так музей зможа развівацца, насычацца артэфактамі. Будынак мае плошчу, закладзеную ў праект. Але мы прадугледзелі тэрыторыю для пашырэння. Там з’явіцца экспазіцыя пад адкрытым небам. Але з часам можна ўзвесці і пабудовы.
Якія матэрыялы скарыстаны ў аздобе?
— У інтэр’ерах асноўны матэрыял — гіпсакардон. Нахіленыя сцены выкананы з аквапанэляў, матэрыялу да яго падобнага, але гэта — цэментны кампазіт, які дазваляў працаваць бясшоўным метадам: сцены, так бы мовіць, дыхаюць. У інтэр’ерах там, дзе гэтага патрабуе вобразны лад, тынкоўка зроблена ў лёгкай дымцы. Гэты варыянт праходзіў не надта лёгка, не ўсе разумелі задуму. У аздобе ж сцен інтэр’еру скарыстаны бразільскі сланец. У ім ёсць натуральная іржа, і гэта пасуе ваеннай тэме. Была прапанова сэканоміць — узяць больш танны кітайскі граніт. Аднак праекціроўшчыкі здолелі, хоць было і нялёгка, пераканаць замоўцаў прыдбаць менавіта бразільскі сланец.
Некаторыя камунікацыі будынка “зашытыя” ў столь. Такая акалічнасць прымусіла шукаць нестандартнае рашэнне — каб атрымалася і функцыянальна, і па-мастацку. А яшчэ — каб трубы закрыць ды на ваенную тэму вобразна спрацаваць.
Ці апраўданы інтэрактыў?
— Можа і нясціпла гэта згадваць, але ад расійскіх калег я чуў, што наш музей пераўзыходзіць аналагічны маскоўскі не столькі па маштабах, як па сіле ўздзеяння. У іх, скажам, калі ёсць танк, дык ён стаіць на паркеце. Праз гэта успрымаецца музейнай рэччу. Мы ж пры экспанаванні ваенных артэфактаў імкнуліся ўзнавіць для іх асяроддзе той пары, зымітаваць баявыя сітуацыі. І людзі са зброяй, і баявая тэхніка ў нас ні “пад шклом”, а нібыта ў дзеянні.
Лічу, што выкарыстанне інтэрактыву ў сучасным музеі — метад, які дазваляе найбольш поўна раскрыць тэму. Гэта рознае ўспрыманне, калі танк стаіць на згаданым вышэй паркеце і на імітаваным балоце, дзе фонам служыць вялікі экран: там баявая машына прадстаўлена ў дзеянні. Адразу адчуваеш, якая гэта страшная з’ява — вайна. Паводле назіранняў, падачу матэрыялу ўхваляюць і ветэраны, і людзі маладога веку.
На стадыі фарміравання канцэпцыі правялі тэндар. Яго выйграла польская фірма, якая мела досвед праектавання музеяў вайны. Эскізная канцэпцыя выконвалася з прыцягненнем супрацоўнікаў музея і, зразумела, архітэктараў.
Чаму ўваход у музей не ля стэлы?
— Цэнтральны ўваход планаваўся з боку абеліску “Мінск — горад-герой”. Традыцыйная схема: парадны фасад — галоўны ўваход. Як у тэатры: заходзіш, спускаешся ў гардэроб, а потым падымаешся ў фае. Але ўваход, у выніку, зрабілі ўнізе, беручы да ўвагі зручнасць для ветэранаў, каму рэзкія пераходы ўніз-уверх могуць скласці праблему. Такім чынам, наведвальнікі трапляюць у музей з ніжняй пляцоўкі. Там і паркоўка. Далей павольна (падкрэслю, павольна) падымаюцца на паверхі. Зрэшты, ёсць ліфт, маецца і панарамны ліфт, спецыяльныя сродкі перасоўвання ў Залу Перамогі. Усё зроблена, каб людзям было зручна.
Як рабіўся купал?
— Генеральным праекціроўшчыкам на будаўніцтве музея быў Дзяржаўны інстытут “Мінскграда”. Пад ягонай эгідай працавалі прыватныя фірмы. Скажам, адна з іх працавала па ўсіх канструкцыях, акрамя купала Залы Перамогі. Наогул, па купале было дзве прапановы: канструкцыя з прамавугольнай сеткі (так бы мовіць, першая рэдакцыя) і дыяганальная канструкцыя, якая мусіла надаць купалу індывідуальныя рысы. Апошнюю згаданы выканаўца зрабіць не здолеў, заявіўшы, што гэта немагчыма. Тады я прыцягнуў да працы канструктараў, маіх знаёмых — італьянцаў, немцаў і нашых — брэстчан. Усе тры групы разлічылі па архітэктурнай схеме канструкцыі і сказалі, што яны рэальныя. А перамаглі ў тэндары землякі. Менавіта яны, пад кіраўніцтвам Вячаслава Драгана, які выконваў у Віцебску разлікі па Летнім амфітэатры, справіліся з задачай. Асабіста мне хацелася, каб канструкцыю зрабілі з нержавеючай сталі, але выбралі чорную сталь.
Што не ажыцявілі?
— Не ўсе ідэі праекта музея атрымалася ажыццявіць. Так фасад музея бачыўся мне выкананым з нержавеючай сталі. Прычым нержавейка мусіла быць крыху памятай. У міжнароднай практыцы гэта не з’яўляецца чымсьці новым. Такі прыём часта скарыстоўваюць ва ўнікальных аб’ектах. Ён вельмі пасаваў бы і тут… Не ўсё ўдалося рэалізаваць у інтэр’ерах. Напрыклад, каб не экран на сцяне (як зараз), а ўся сцяна — экран. Немалых намаганняў каштавала "выбіць” нержавеючую сталь для пілонаў галоўнага фасада. Дарэчы, гэта сталь заводаў Крупа, які у часе той вайны рабіў гарматы для Вермахта. У гэтай акалічнасці бачыцца сімвалізм…