Пазней вакалістка аркестра Ірына Бржэўская ўспамінала:
— Ён вучыў мяне, маладзюткую, як выходзіць на сцэну, як кланяцца. Сам меў аглушальны поспех: “заходнік” у воблаку духмянай парфумы, гэтыя вусікі! А якія касцюмы, абутак! Дзяўчаты ажно шалелі ад захаплення! Пазней, калі стаў лысець, замазвалі яму плех паленым коркам.
Аркестранты па некалькі сеансаў запар глядзяць амерыканскі фільм “Серанада Сонечнай даліны” і ў паўцемры залы запісваюць аркестроўку.
Студэнты-кансерваторцы, якія ў вольны ад заняткаў час цягнуліся да такой музыкі, слухалі на патэфоне грамплыты рознэраўскага аркестра.
— Мы лічылі такты ў п’есе “1001 такт у рытме джаза”, — згадваў трубач Уладзімір Забродзін. — І ўсе імкнуліся быць падобнымі да Рознэра: падгольвалі вусікі і трубу трымалі так, як ён — паклаўшы сярэдні палец левай рукі паверх раструба.
Урэшце, вызвалены Мінск. Першы канцэрт у цудам ацалелым Оперным тэатры. Пасля выканання песенькі Гарыса на словы Лабкоўскага “Парень-паренёк” — шлягер пра савецкага байца! — Панамарэнка забараняе ўжываць прозвішча збеглага кампазітара. Адгэтуль яго творы становяцца музыкай Рознэра.
Масква, Дом гуказапісу. Аркестр фіксуе там сваю праграму для плыткі. Але мастацкі савет студыі запісы не прымае: усе спяваюць з акцэнтам. Рознэр і Рубінчык адстаялі адно інструментальныя п’есы і жартоўныя песенькі: “Парень-паренёк” у выкананні Паўла Гофмана, “Каўбойская” і “Мандаліна, гітара і бас” у выкананні трыа ў складзе П. Гофмана, Л. Маркавіча, Ю. Цэйтліна. Але не прапусцілі ні адной лірычнай! Музыканты абураныя…
У калідоры ДГЗ Рубінчык пазнаёміўся з невысокім чалавекам у ваеннай форме, у адчаі яму паскардзіўся. Той — саліст Анамбля песні і танца Савецкай Арміі тэнар Георгій Вінаградаў. Ён згадзіўся паглядзець ноты, яго звялі з Рознэрам.
Акурат у той дзень, на які прызначаны новы запіс, па Садовым кальцы вядуць доўгія калоны палонных немцаў. Услед палівальныя машыны “змываюць” іх сляды з асфальту.
Рознэраўцы высыпалі са студыі, бачаць калону — і, пэўна ж, узгадваюць сваякоў, якія загінулі ад нелюдзяў у варшаўскім гета…
Вярнуліся ў студыю. Вінаградаў, паглядзеўшы ў ноты, кажа: “Давайце, я гатовы”.
Запісвалі тады ўсё адразу, на адзін мікрафон. Інструменталісты, каб не рыпець, выходзілі да яго на свае сола без абутку, у адных шкарпэтках.
Праслухоўваюць запісанае: “Зачем смеяться”, “Мерилю”, “Влюблённый коногон”, “На полянке” ў выкананні Вінаградава. Яму дзякуюць. Ён сціпла развітваецца. Больш з гэтым аркестрам тэнар ніколі не спяваў.
Запісы мастацкі савет прыняў, попыт на тую плытку быў нечуваны! Мой бацька дзівам яе дастаў — і я ў дзяцінстве заслухоўваўся сапраўдным джазам.
Дзень Перамогі Дзяржаўны джаз-аркестр БССР сустрэў у Баку. Канцэрт давалі проста перад шпіталем: “нехадзячыя” параненыя слухалі музыку праз адчыненыя вокны.
Затым — трыумфальныя гастролі з аншлагамі па ўсім СССР. Пра іх мне распавядаў сын дырэктара аркестра — мой сябра, кінарэжысёр Валерый Рубінчык:
— Тата ставіўся да Эдзі Ігнатавіча з вялікай павагай — як да вялікага талента. Памятаю, яны гадзінамі абмяркоўвалі ціхімі галасамі свае справы. Бацька здзіўляўся таму, як хутка стоптваліся канцэртныя белыя туфлі Эдзі Рознэра: лідар аркестра несупынна шукаў тое месца на сцэне, дзе ён дакладна адчуваў дыханне залы. Аркестр ужо іграў, сола трубы з-за куліс, затым ізноў аркестр. Зала: “Чуеце? Здаецца, гэта Рознэр!” Зала ўжо вібруе. Ён выходзіць — зала не ў сабе! Гэта рэжысура. Асаблівае дараванне. Ён цаніў і любіў расійскую публіку, ведаў Маскву, ды і ўсю Расію.
Для Масквы падрыхтаваная святочная праграмма “Вось мы і святкуем!” Квіткі распрададзеныя, у газетных кіёсках рэкламныя буклеты і фота Рознэра.
— Пра тое, што ён хоча эміграваць, Рознэр казаў часта, — успамінаў Уладзімір Забродзін. — Аднойчы на рэпетыцыі наўпрост заявіў, што ад’язджае. Мы, музыканты, падступілі да яго, сталі распытваць: “Эдзі Ігнатавіч, а што з аркестрам? Што з намі ўсімі будзе?” А калектыў быў пад 60 чалавек! “Не ведаю. Не ведаю”, — сказаў ён нібы адмахнуўся. Але ў той раз у яго нешта сарвалася, нікуды не паехаў, і пэўны час пра ад’езд больш не згадваў.
І тут раптам… Артыкул у “Известиях”: “Пошлость на эстраде”, “Дешёвый кабацкий трубач”, “Безыдейная развлекательность”...
Перапынілі гастролі.
Тады расфарміравалі ўсе джазавыя аркестры краіны акрамя ўцёсаўскага.
Катэгарычная забарона выконваць “саюзніцкі рэпертуар” — амерыканскую музыку. А які ж джаз без яе?! Забароненыя саксафоны, ударныя інструменты, акардэоны, нават баяны белага колеру…
— Пачалася кампанія барацьбы з “касмапалітызмам”, а значыцца, перш за ўсё, з джазам — распавёў мне былы “рознэравец”, тэнарыст і канцэртмайстар групы саксафонаў Ілля Алчэеў. — Зразумела: Сталін любіў “Суліко”, Хрушчоў “Рушнікі”… Усе джаз-аркестры разагналі. Выкруціўся адзін Уцёсаў, які закрэсліў слова “джаз”, а напісаў на афішы “Тэатралізаванае прадстаўленне з эстрадным аркестрам”. А Рознэру такая маскіроўка была “не да твару”, ды і нікога б ён не падмануў: ігралі ж чысты джаз. Гэта і вырашыла няшчасны лёс нашага аркестра.
Глыбокая восень 1946-га, трое Рознэраў, як быццам бы, на адпачынку па пуцёўках у Сочы, аркестр гастралюе з яго імем, аднак без яго.
Але насамрэч сям’я не ў Сочы — гэта “падманка”, шырма. Рознэры ў Львове: спрабуюць нелегальна збегчы ў Польшчу…
Наіўны Эдзі Ігнатавіч: там ужо ўсталёўваецца такі самы, як у СССР, камуністычны рэжым.
Хабар нейкаму хітравану — і яны з савецкімі пашпартамі ўжо ў цягніку, побач з законнымі эмігрантамі.
Арышт.
Той жа ноччу дырэктара аркестра адвозяць на Лубянку.
— Мы з маці і музыканты аркестра ў гатэлі “Масква” чакалі бацьку суткі ў неверагодным напружанні, — згадваў Валерый Рубінчык. — Урэшце, адпусцілі. Што там з ім адбылося, ведаю з яго слоў. Дазнанне вёў сам усёмагутны міністр дзяржбяспекі Абакумаў. Пытанне ставілася жорстка: ці ведаў дырэктар аб намеры Рознэра збегчы з краіны? Бацька — акрамя таго, што бліжэйшы паплечнік Эдзі Ігнатавіча — быў яшчэ і адзіным у вялікім калектыве членам камуністычнай партыі. Бацьку неяк удалося пераканаць Абакумава, што ніхто ў аркестры нічога пра спробу Рознэра збегчы не ведаў. І паступова тэмы і сам тон допыту змяніліся. Абакумаў пачаў цікавіцца: як праходзяць рэпетыцыі, хто шые музыкантам такія элегантныя строі, куды аркестр мае намер ехаць на гастролі? А пад раніцу запытаў: “Вы, пэўна, нічога не елі?” І бацьку прынеслі гарбату і бутэрброды. Допыт завяршыўся мілым сняданкам — і тата вярнуўся ў гатэль… А што з Рознэрам, ніхто не ведаў. Яго, казалі, бачылі ў Львове. А праз тыдзень гастролі. Дзе ж ён?
Урэшце, дазналіся пра лёс радзіны лідара: Рут далі пяць гадоў ссылкі ў сцяпны Какчэтаў, дачку Эрыку забрала ў Маскву знаёмая, а самому Эдзі прысудзілі дзесяць гадоў лагера па 58-м артыкуле — “за здраду радзіме”.
Аркестр пад кіраўніцтвам Бяльзацкага яшчэ нейкі кароткі час працягваў гастраляваць, прычым, на афішы для прыцягальнасці — як вабік-напамін пра былую славу — дапісвалі “бывш. Рознер”.
На тым існаванне і гісторыю Дзяржаўнага джаз-аркестра БССР пад кіраўніцтвам і пры ўдзеле Заслужанага артыста БССР Эдзі Рознэра можна лічыць скончанай.
Тэма закрытая.
Той-сёй з музыкантаў з’ехаў у Польшчу. Большасць — як, напрыклад, тэнар-саксафаніст Канстанцін Чараповіч — уладкавалася іграць у рэстаранах ці ў іншых аркестрах краіны: рэпутацыя “рознэраўца” гарантавала годнае месца.
Павал Гофман дачакаўся вызвалення маэстра ў 1953-м, увайшоў у склад яго Маскоўскага аркестра, а пасля расфарміравання калектыву і эміграцыі Рознэра выступаў у цырку ў клоўнскім дуэце са Скалавым: спяваў куплеты, жартаваў, падыгрываючы сабе на мандаліне і скрыпачцы. Падчас яго выступлення ў Мінску нам было што ўзгадаць.
Леа Маркавіч таксама дачакаўся вызвалення Рознэра, і таксама ўвайшоў у склад яго джаз-аркестра Масфілармоніі: спяваў, як некалі, з Гофманам і Цэйтліным даўнія шлягеры. Па ўзросце пайшоў на пенсію, з пані Ірэнай ціха дажываў у Маскве.
Юрый Давідавіч Бяльзацкі асеў у Мінску, узначаліў сімфаджаз Дзяржтэлерадыё БССР, запісаў з ім “Рапсодыю ў стылі блюз” Гершвіна са сваім сола на раялі, пісаў музыку для карцін “Беларусьфільма”.
Сам Рознэр у Магаданскім лагеры ГУЛАГа сабраў аркестр зэкаў. Адсядзеўшы восем гадоў, паспрабаваў у 1953-м узнавіць джаз у Мінску, але не знайшоў тут падтрымкі, таму сабраў калектыў у Маскве. Я слухаў яго неаднаразова.
Але былой славы Рознэр ужо не дасягаў: падрасло пакаленне маладых джазмэнаў, з’явілася шмат высокапрафесійных джаз-аркестраў.
Няўдалай аказалася і спроба Рознэра сабраць вялікі аркестр у Гомельскай філармоніі. Пасля гэтага эміграваў у Берлін.
Але гэта ўжо быў не горад яго маладосці, і яны не пазналі адзін аднаго. Там у 1976-м нікому не патрэбны састарэлы “бацька беларускага джаза” Эдзі Рознэр і скончыў свой век — па сутнасці, у поўным забыцці.
Гісторыя джаза ў Беларусі, якая пачалася 80 гадоў таму, перарвалася ў 1946-м, але хутка, літаральна праз некалькі гадоў, працягнулася — са з’яўленнем у нашым цырку выдатнага бэнда, які прыбыў з Шанхаю. Ім кіраваў Барыс Райскі.
Затым за пульт гэтага славутага аркестра стаў малады Міхаіл Фінберг. А з 1987-га пад яго кіраўніцтвам існуе “АБ” — Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі. І вось ужо тры дзесяцігоддзі маэстра напачатку кожнай зімы робіць свята аматарам джаза.
Уладзімір АРЛОЎ,
кінарэжысёр