Сяргей Логвін — вядомы скульптар, уладальнік залатога медаля Акадэміі мастацтваў СССР (1978), аўтар рэльефаў на варотах Чырвонага касцёла ў Мінску, кампазіцый “У старой Вільні. Францыск Скарына”, ”Спадчына”, “Каралі і блазны”, “Кароль Стах”, “Еўропа”...
На пасяджэнні журы прысутнічалі міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў і рэктар Уральскай архітэктурна-мастацкай Акадэміі Сяргей Постнікаў. Пасля адпаведнай дапрацоўкі рабочая мадэль эскізнага праекта будзе разгледжана Рэспубліканскім мастацка-экспертным саветам па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, а потым праца працягнецца да яе поўнага завяршэння. Помнік плануецца адкрыць у самым цэнтры Екацярынбурга, на плошчы перад кінаканцэртным тэатрам “Космас” у жніўні 2014 года ў Дзень горада. Стварэнне гэтага помніка ініцыявана Міністэрствам культуры нашай краіны і Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі пры падтрымцы Урада Екацярынбургскай вобласці і дыяспары беларусаў Урала.
Трэба адзначыць, што стварэнне помніка выдатнаму музыканту на яго радзіме — гэта вельмі важная падзея ў культурным супрацоўніцтве Беларусі і Расіі, бо асоба Уладзіміра Мулявіна даўно ўжо стала яркім сімвалам гэтай дружбы. Помнік Мулявіну ў Екацярынбургу стане ў адзін шэраг з такімі работамі, створанымі беларусамі ў іншых краінах, як помнік Янку Купалу — у Маскве, Уладзіміру Караткевічу — у Кіеве, Францыску Скарыну — у Празе...